1 Пятра 3 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Таксама і вы, жонкі, пакарайцеся мужам сваім, каб нават тады, калі некаторыя з іх не слухаюць слова, праз самыя паводзіны жонак былі прыдбаныя без слова,
Таксама і вы жоны (жонкі) падчыняйцеся мужам сваім, каб нават тады, калі некаторыя з іх ня слухаюць павучэньня (слова), праз самыя паводзіны жон прыхіліліся б да веры без павучэньня (слова).
аглядаючы ваша чыстае, поўнае страху Божага жыццё.
Калі будуць наглядаць вашае, поўнае боязі, сьвятое паступаньне (павадзеньню).
Хай вашым упрыгожаннем будзе не вонкавае заплятанне валасоў, ані залатыя пярсцёнкі, ані стройныя сукні,
Хай вас упрыгожвае не навонкі: зачоска валасоў, ані залатыя пярсьцёнкі, ані стройныя сукні,
але схаваны ў сэрцы чалавек у лагоднасці і спакойнасці духа, што вельмі каштоўна ў вачах Божых.
але ўвонкі (унутры) дабрата сэрца чалавечага, непахісная мірнасьць (спакойнасьць), спагадлівасць духа (душэўная), каторыя дарагімі ў вачах Божых.
Так калісьці і святыя жонкі, усклаўшы надзею на Бога, аздаблялі сябе і былі падданымі сваім мужам,
Так і калісьці сьвятыя жоны, паклаўшы надзею ў Богу, строіліся і былі падлеглымі сваім мужам.
як Сара была паслухмянай Абрагаму, клічучы яго сваім гаспадаром. І вы яе дзеці, калі робіце дабро і не баіцеся ніякіх турбот.
Так і Сара была паслухмянай Абрагаму, завучы яго сваім гаспадаром (панам). І вы яе дочкамі, дабрадзейкі, і не баіцеся (адчувайце) ніякага страху.
Так жа і вы, мужы, разумна жывіце ў супольнасці з жонкай, як з нетрывалай пасудзінай, аддаючы гонар, бо вы супольна з імі спадкаемцы ласкі жыцця, каб не стаўляць перашкод малітвам вашым.
Такжа і вы мужы, у супольным жыцьці, лічыцеся разумна з слабейшай жаночай натурай. Паважайце жоны як тых, што яўляюцца спадкаемцамі, жыцьця, каб не стаўляць перашкод вашым маленьням.
Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадныя, поўныя братняй любові, міласэрныя, ветлівыя,
На канец будзьце ўсе аднадумнымі, спагадныя, поўныя брацкае любові, міласэрныя, пакорнымі.
не адгаджайце ліхам за ліха, ані праклёнам за праклён, але, наадварот, дабраслаўляйце, ведаючы, што на тое вы пакліканы, каб атрымаць у спадчыну дабраславенне.
Не адгаджайце злом (ліхам) за зло (ліха), ані пракляцьцем за праклён. Напроціў — багаслаўляйце. На тое вы пакліканы, каб успадкаемчылі багаславеньне.
«Бо чалавек, які любіць жыццё і хоча ўбачыць добрыя дні, хай стрымлівае язык свой ад ліхога і вусны, каб не гавораць падступна;
"Бо хто хоча любіць жыцьцё ды аглядаць шчасьлівыя дні, хай зьдзержыць (стрымае) язык ад зла (ліха), і вусны — каб не гаварылі подступу (падманна).
хай ухіляецца ад ліхога і робіць дабро, хай шукае супакою і імкнецца да яго.
Няхай адступіцца ад зла (ліха), а робіць добра, хай спаганяе мір (супакой), ды хай ідзе за ім.
Бо вочы Госпада — да справядлівых, і вушы Яго — да просьбаў іх; але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць ліха».
Бо вочы Госпадавы на справядлівых, а вушы Ягоны на іх просьбы: аблічча Госпада проціў тых, што чыняць зло (блага).
І хто вам пашкодзіць, калі будзеце рупіцца пра дабро?
Хто вам пашкодзіць, калі будзеце рупіцца пра дабро?
А калі б вы нават пацярпелі дзеля справядлівасці, вы шчасныя. Не палохайцеся іх пагроз ды не трывожцеся,
А калі б вы нават пацярпелі дзеля справядлівасьці — вы багаслаўлены (шчасьлівыя). Не палохайцеся іхніх пагрозаў ды не трывожцеся.
Госпада Бога свяціце ў сэрцах вашых і будзьце заўсёды гатовы абараніцца перад кожным, хто патрабуе ад вас адказу аб той надзеі, якая прабывае ў вас,
Госпада Хрыста мейце ў сэрцах за Сьвятога і нарыхтовы заўсёды да абароны адносна кожнага, хто патрабуе ад вас адказу, аб прабываючай у вас надзеі.
але са спагаднасцю і страхам мейце добрае сумленне, каб тым, чым вас прыніжаюць, як злачынцаў, былі зганьбаваны тыя, што ачарняюць вашы добрыя паводзіны ў Хрысце.
У спагаднасьці і боязі Божай беражыце чыстае сумленьне, каб тыя, што ачарняюць вашыя добрыя паводзіны ў Хрысьце адчулі сорам вось таму, што вас несправядліва ачарнялі.
Бо лепш цярпець, дабро чынячы, калі такая воля Божая, чым чынячы зло.
Бо такой воля Божая, каб лепш цярпець добра робячы, нячым чынячы зло.
Хрыстос таксама раз пацярпеў за грахі, Справядлівы за несправядлівых, каб нас давесці да Бога, стаўшы мёртвым целам, але ажыўшы Духам;
Хрыстус таксама раз памёр за грахі — справядлівы — за несправядлівых, каб вас давесьці да Бога і забіты, праўда што да цела, але пакліканы Духам да жыцьця.
у Ім, пайшоўшы, прапаведаваў нават тым духам, што былі ў вязніцы,
У Ім пайшоў вясьціць збаўленьне нават духам замкнутым у вязьніцы.
якія калісьці былі непаслухмяныя, злоўжываючы Божаю цярплівасцю ў дні Ноя пры будове каўчэга, у якім нямногія, гэта значыць восем душ, уратаваліся ад вады.
Калісьці пры будове Аркі (Каўчэга), у якой ледзь восем асоб уратаваліся праз ваду, гэтыя духі былі непаслухмяныя, злоўжывалі Божаю цярплівасьць.
На падабенства таго і нас цяпер збаўляе хрост, не праз абмыццё бруду цела, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, праз уваскрэсенне Ісуса Хрыста,
Цяпер таксама па гэтаму ўзору (фігуры) збаўляе вас вада (яна) праз хрост, не праз абмыцьцё бруду цела, але праз просьбу да Бога аб чыстае сумленьне дзеля ўваскрасеньня Езуса Хрыста.
Які ўзышоў у неба і сядзіць праваруч Бога, і Яму падпарадкаваны анёлы, і ўлады, і магуцці.
Ён узыйшоў у неба і сядзіць па правіцы Бога, падчыніўшы сабе анёлаў, і Улады Магуцьці.