Ісуса сына Нава 13 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Ешуа састарэў і быў у гадах пажылых, і сказаў яму Госпад: «Ты састарэў і ты ў гадах пажылых; і да гэтай пары ёсць найвялізнейшая зямля, што яшчэ не занятая.
Гэта, відавочна, уся Галілея, край філістынцаў, і ўвесь Гэсур,
ад Сіхора, што на ўсход ад Егіпта, аж да межаў Акарона на поўнач, зямля Хананейская, што падзяляецца паміж пяццю князямі філістынскімі з Газы, Азота, Аскалона, Гета і Акарона і гевеямі на поўдні;
і ўся зямля Ханаан, ад Мэрары Сідонскай аж да Афэка і межаў амарэяў;
і зямля Гібла, і ўвесь Лібан на ўсходзе ад Баалгада, што ля падножжа гары Гэрмон, аж да ўваходу ў Эмат,
усе, што жывуць на гары ад Лібана аж да Мацэрэфота на захадзе, усе сідонцы. Я выганю і знішчу іх перад сынамі Ізраэля. Толькі жэрабем падзялі зямлю між сынамі Ізраэля ў спадчыну, як Я загадаў табе.
І цяпер падзялі гэтую зямлю ва ўладанне дзевяці пакаленням і палове пакалення Манасы».
Пакаленне Рубэна і пакаленне Гада з другою паловай пакалення Манасы валодалі зямлёю, якую даў ім Майсей, паслугач Госпада, на ўсходнім баку за ракой Ярданам:
ад Араэра, што ляжыць на беразе ручая Арнон, і горада ў сярэдзіне даліны, якую даў ім Майсей, паслугач Госпада, і да ўсёй раўніны ад Мэдабы і да Дыбона;
і ўсімі гарадамі Сэгона, цара амарэйскага, які цараваў у Хесебоне, аж да межаў сыноў Амона;
і Галаадам, і межамі з Гэсурам і Маахам, і ўсёю гарою Гэрмон, і ўсім Басанам аж да Сальхі,
усім царствам Ога, які цараваў у Басане, Астароце і Эдраі, — сам ён быў апошнім з рэфаімаў; і Майсей пабіў іх і знішчыў.
Але сыны Ізраэля не выгналі сыноў Гэсура і Мааха, і жывуць яны сярод Ізраэля па сённяшні дзень.
Толькі пакаленню Леві не дадзена ўласнасці, але ахвяры Госпаду, Богу Ізраэля, — гэта яго спадчына, як абвясціў яму Госпад.
Майсей даў пакаленню сыноў Рубэна ўласнасць адпаведна іх родам.
І была іх мяжа ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, і ад горада ў сярэдзіне даліны таго ж ручая, і ўся раўніна аж да Мэдабы,
Хесебон і ўсе яго гарады, што на раўніне: Дыбон, і Бамот-Баал, і Бэт-Баал-Мэон,
Карыятаім, і Сабама, і Сэрэт-Гэссахар на гары на раўніне,
Бэт-Пэгор і схілы Пісгі, і Бэт-Есімот,
і ўсе гарады на раўніне, і ўсё царства Сэгона, цара амарэйскага, які цараваў у Хесебоне, якога забіў Майсей, яго і кіраўнікоў мадыянскіх: Эвія, Рэкема, і Сура, і Гура, і Рэбу, князёў Сэгона, жыхароў той зямлі.
І варажбіта Балаама, сына Бэора, забілі сыны Ізраэля мечам разам з іншымі забітымі.
Мяжой зямлі сыноў Рубэна была рака Ярдан. Гэта ўласнасць сыноў Рубэна па іх родах, іх гарады і навакольныя вёскі.
І даў Майсей уласнасць пакаленню Гада, сынам Гада адпаведна іх родам, мяжа якой такая:
Язэр, і ўсе гарады Галаада, і палова зямлі сыноў Амона аж да Араэра, што насупраць Рабы;
і ад Хесебона аж да Рамот-Міцпы, і Бэтаніма і ад Маханаіма аж да межаў Ладабара,
таксама ў даліне Бэтаран, і Бэтнэмра, і Сукот, і Сафон, астатняя частка царства Сэгона, цара Хесебона; Ярдан і мяжа аж да крайняй часткі мора Кінэрэт за Ярданам на ўсходнім баку.
Гэта спадчына сыноў Гада па родах іх, гарады з навакольнымі вёскамі.
Майсей даў спадчыну і палове пакалення сыноў Манасы адпаведна іх родам:
Манаса — ад Маханаіма ўвесь Басан, усё царства Ога, цара Басана, і ўсе пасяленні Яіра, што ў Басане, шэсцьдзесят гарадоў;
і палову Галаада, і Астарот і Эдраі, гарады царства Ога ў Басане, займелі сыны Махіра, сына Манасы, палова сыноў Махіра па сваіх родах.
Гэтую ўласнасць падзяліў Майсей на раўнінах Мааба за Ярданам насупраць Ерыхона, на ўсходнім баку.
А пакаленню Леві не даў уласнасці, бо Госпад, Бог Ізраэля, Ён Сам — яго ўласнасць, як Ён яму сказаў.