Ісуса сына Нава 13 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ешуа састарэў і быў у гадах пажылых, і сказаў яму Госпад: «Ты састарэў і ты ў гадах пажылых; і да гэтай пары ёсць найвялізнейшая зямля, што яшчэ не занятая.
 
Калі Егошуа састарэў і меў шмат дзён, сказаў яму ГОСПАД: «Ты састарэў і маеш шмат дзён, але яшчэ вельмі шмат зямлі застаецца незанятай.

Гэта, відавочна, уся Галілея, край філістынцаў, і ўвесь Гэсур,
 
Вось гэтая зямля, якая засталася: усе акругі Філістынцаў і ўвесь Гешур,

ад Сіхора, што на ўсход ад Егіпта, аж да межаў Акарона на поўнач, зямля Хананейская, што падзяляецца паміж пяццю князямі філістынскімі з Газы, Азота, Аскалона, Гета і Акарона і гевеямі на поўдні;
 
ад Шыхору, на ўсход ад Эгіпту аж да мяжы Экрону на поўначы, зямля Ханаан, якая дзеліцца паміж пяцьцю князямі Філістынскімі з Газы, Ашдоду, Ашкелёну, Гату і Экрону, і Авеямі на поўдні;

і ўся зямля Ханаан, ад Мэрары Сідонскай аж да Афэка і межаў амарэяў;
 
уся зямля Хананейцаў ад Мэары Сідонскай аж да Афэку і мяжы Амарэйцаў.

і зямля Гібла, і ўвесь Лібан на ўсходзе ад Баалгада, што ля падножжа гары Гэрмон, аж да ўваходу ў Эмат,
 
І зямля Гіблі і ўвесь Лібан на ўсходзе ад Баал-Гаду, што каля падножжа гары Гермон, аж да ўваходу ў Хамат.

усе, што жывуць на гары ад Лібана аж да Мацэрэфота на захадзе, усе сідонцы. Я выганю і знішчу іх перад сынамі Ізраэля. Толькі жэрабем падзялі зямлю між сынамі Ізраэля ў спадчыну, як Я загадаў табе.
 
Усіх, што жывуць у гарадах ад Лібану аж да Місрэфот-Маіму на захад, усіх Сідонцаў Я выганю перад абліччам сыноў Ізраіля. Толькі жэрабям падзялі зямлю ў спадчыну між сынамі Ізраіля, як Я загадаў табе.

І цяпер падзялі гэтую зямлю ва ўладанне дзевяці пакаленням і палове пакалення Манасы».
 
І цяпер падзялі зямлю гэтую ў спадчыну дзевяці каленам і палове калена Манасы».

Пакаленне Рубэна і пакаленне Гада з другою паловай пакалення Манасы валодалі зямлёю, якую даў ім Майсей, паслугач Госпада, на ўсходнім баку за ракой Ярданам:
 
А [сыны] Рубэна і Гада, і [палова Манасы] атрымалі спадчыну сваю ад Майсея на ўсходзе за Ярданам, як даў ім Майсей, слуга ГОСПАДА,

ад Араэра, што ляжыць на беразе ручая Арнон, і горада ў сярэдзіне даліны, якую даў ім Майсей, паслугач Госпада, і да ўсёй раўніны ад Мэдабы і да Дыбона;
 
ад Араэру, які на беразе ручая Арнон, і гораду, які ў сярэдзіне даліны, і ўсю раўніну ад Мэдэвы да Дыбону,

і ўсімі гарадамі Сэгона, цара амарэйскага, які цараваў у Хесебоне, аж да межаў сыноў Амона;
 
і ўсе гарады Сыгона, валадара Амарэйскага, які валадарыў у Хешбоне, аж да мяжы сыноў Амона,

і Галаадам, і межамі з Гэсурам і Маахам, і ўсёю гарою Гэрмон, і ўсім Басанам аж да Сальхі,
 
і Гілеад, і мяжу з Гешурам і Маахай, і ўсю гару Гермон, і ўвесь Башан аж да Салхі,

усім царствам Ога, які цараваў у Басане, Астароце і Эдраі, — сам ён быў апошнім з рэфаімаў; і Майсей пабіў іх і знішчыў.
 
усё валадарства Ога, які валадарыў у Аштароце і Эдрэі, які быў апошнім з Рэфаімаў, а Майсей пабіў іх і выгнаў.

Але сыны Ізраэля не выгналі сыноў Гэсура і Мааха, і жывуць яны сярод Ізраэля па сённяшні дзень.
 
Але сыны Ізраіля ня выгналі [сыноў] Гешура і Мааха, і жывуць яны сярод Ізраіля да сёньняшняга дня.

Толькі пакаленню Леві не дадзена ўласнасці, але ахвяры Госпаду, Богу Ізраэля, — гэта яго спадчына, як абвясціў яму Госпад.
 
Толькі калену Левія ня дадзена спадчыны. Ахвяры агнявыя ГОСПАДУ, Богу Ізраіля — гэта спадчына ягоная, як прамовіў да яго [Госпад].

Майсей даў пакаленню сыноў Рубэна ўласнасць адпаведна іх родам.
 
І Майсей даў пакаленьню сыноў Рубэна частку паводле сем’яў іхніх.

І была іх мяжа ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, і ад горада ў сярэдзіне даліны таго ж ручая, і ўся раўніна аж да Мэдабы,
 
Атрымалі яны абшар ад Араэру на беразе ручая Арнон, і горад у сярэдзіне даліны, і ўвесь абшар аж да Мэдэбы,

Хесебон і ўсе яго гарады, што на раўніне: Дыбон, і Бамот-Баал, і Бэт-Баал-Мэон,
 
Хешбон і ўсе гарады ягоныя, якія на раўніне: Дыбон, Бамот-Баал, Бэт-Баал-Мэон,

Яса, Кадэмот і Мэфаат,
 
Ягцу, Кедэмот і Мэфаат,

Карыятаім, і Сабама, і Сэрэт-Гэссахар на гары на раўніне,
 
Кірыятаім, Сібму і Цэрэт-Гешшахар на гары, [якая] на раўніне,

Бэт-Пэгор і схілы Пісгі, і Бэт-Есімот,
 
Бэт-Пэор і схілы Пісгі, і Бэт-Гаешымот,

і ўсе гарады на раўніне, і ўсё царства Сэгона, цара амарэйскага, які цараваў у Хесебоне, якога забіў Майсей, яго і кіраўнікоў мадыянскіх: Эвія, Рэкема, і Сура, і Гура, і Рэбу, князёў Сэгона, жыхароў той зямлі.
 
і ўсе гарады на раўніне, і ўсё валадарства Сыгона, валадара Амарэйскага, які валадарыў у Хешбоне, якога забіў Майсей, яго і начальнікаў Мадыянскіх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэву, князёў Сыгона, якія жылі ў той зямлі.

І варажбіта Балаама, сына Бэора, забілі сыны Ізраэля мечам разам з іншымі забітымі.
 
І варажбіта Білеама, сына Бэора, забілі сыны Ізраіля мячом разам з іншымі забітымі.

Мяжой зямлі сыноў Рубэна была рака Ярдан. Гэта ўласнасць сыноў Рубэна па іх родах, іх гарады і навакольныя вёскі.
 
Мяжой абшару сыноў Рубэна быў Ярдан. Гэта спадчына сыноў Рубэна паводле сем’яў іхніх, гарады і вёскі іхнія.

І даў Майсей уласнасць пакаленню Гада, сынам Гада адпаведна іх родам, мяжа якой такая:
 
І даў Майсей [зямлю] пакаленьню сыноў Гада паводле сем’яў іхніх.

Язэр, і ўсе гарады Галаада, і палова зямлі сыноў Амона аж да Араэра, што насупраць Рабы;
 
Яны атрымалі абшар: Язэр, і ўсе гарады Гілеаду, і палову зямлі сыноў Амона аж да Араэру, насупраць Раббы,

і ад Хесебона аж да Рамот-Міцпы, і Бэтаніма і ад Маханаіма аж да межаў Ладабара,
 
і ад Хешбону да Рама-Міцпы і Бэтаніму і ад Маханаіму да мяжы Лё-Дэбару,

таксама ў даліне Бэтаран, і Бэтнэмра, і Сукот, і Сафон, астатняя частка царства Сэгона, цара Хесебона; Ярдан і мяжа аж да крайняй часткі мора Кінэрэт за Ярданам на ўсходнім баку.
 
а ў даліне — Бэтгарам, Бэтнімру, Суккот і Цафон, рэшту валадарства Сыгона, валадара Хешбону, Ярдан і ваколіцы ягоныя аж да мора Кінэрэт за Ярданам на ўсход.

Гэта спадчына сыноў Гада па родах іх, гарады з навакольнымі вёскамі.
 
Гэта спадчына сыноў Гада паводле сем’яў іхніх, гарады і вёскі іхнія.

Майсей даў спадчыну і палове пакалення сыноў Манасы адпаведна іх родам:
 
І даў Майсей [зямлю] палове калена Манасы паводле сем’яў іхніх.

Манаса — ад Маханаіма ўвесь Басан, усё царства Ога, цара Басана, і ўсе пасяленні Яіра, што ў Басане, шэсцьдзесят гарадоў;
 
І яны атрымалі абшар ад Маханаіму, увесь Башан, усё валадарства Ога, валадара Башану, усе паселішчы Яіра, якія ў Башане, шэсьцьдзясят гарадоў.

і палову Галаада, і Астарот і Эдраі, гарады царства Ога ў Басане, займелі сыны Махіра, сына Манасы, палова сыноў Махіра па сваіх родах.
 
А палову Гілеаду, Аштарот і Эдрэю, гарады валадарства Ога ў Башане, [атрымалі] сыны Махіра, сына Манасы, палова сыноў Махіра паводле сем’яў сваіх.

Гэтую ўласнасць падзяліў Майсей на раўнінах Мааба за Ярданам насупраць Ерыхона, на ўсходнім баку.
 
Гэтую спадчыну падзяліў Майсей на раўнінах Мааву за Ярданам насупраць Ерыхону, на ўсход ад Ерыхону.

А пакаленню Леві не даў уласнасці, бо Госпад, Бог Ізраэля, Ён Сам — яго ўласнасць, як Ён яму сказаў.
 
А калену Левія ня даў спадчыны Майсей, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, Ён — спадчына іхняя, як Ён прамовіў да іх.