Ісуса сына Нава 20 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сказаў Госпад да Ешуа, кажучы: «Паведамі сынам Ізраэля і скажы ім:
 
І прамовіў ГОСПАД да Егошуа, кажучы: «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім:

“Выдзеліце сабе гарады для ўцекачоў, аб якіх Я гаварыў вам праз Майсея,
 
“Выдзеліце сабе гарады прыбежышча, пра якія Я гаварыў вам праз Майсея,

каб уцякаў у іх той, хто забіў чалавека не жадаючы, праз памылку і хоча пазбегнуць гневу блізкага, які з’яўляецца мсціўцам за кроў.
 
каб уцякаў у іх той, хто забіў чалавека выпадкова, ненаўмысна, і будуць яны прыбежышчам ад мсьціўцы за кроў.

Калі ён уцячэ ў адзін з такіх гарадоў, хай стане перад брамай горада і вытлумачыць старэйшынам горада таго тое, што сцвердзіць яго невінаватасць; і так прымуць яго і дадуць яму месца для жыцця.
 
Калі [забойца] ўцячэ ў адзін з тых гарадоў, няхай ён стане перад брамай гораду і раскажа ў вушы старшыняў гораду таго справу сваю. І яны возьмуць яго ў горад, і дадуць яму месца на жыцьцё.

І калі мсціўца за кроў будзе пераследаваць яго, хай не аддадуць яго ў рукі яго, бо ён, не разумеючы таго, забіў блізкага свайго і не лічыў яго ворагам ані ўчора, ані заўчора.
 
Калі мсьціўца за кроў будзе гнацца за ім, яны не аддадуць яго ў рукі ягоныя, бо ён ненаўмысна забіў бліжняга свайго, і ня меў да яго нянавісьці ані ўчора, ані пазаўчора.

І хай ён жыве ў горадзе тым, пакуль не стане перад судом супольнасці, высвятляючы прычыну свайго ўчынку, і пакуль на памрэ першасвятар, які будзе ў тыя дні. Тады хай забойца вернецца і ўвойдзе ў свой горад і ў свой дом, з якога ўцёк”».
 
І будзе ён жыць у горадзе тым, пакуль ня стане перад грамадой на суд, і пакуль не памрэ сьвятар вялікі, які будзе ў тыя дні. Тады забойца вернецца ў горад свой, у дом свой, з якога быў уцёкшы”».

І з гэтай мэтай вызначылі Кадэс у Галілеі на гары Нэфталі, і Сіхэм на гары Эфраім, і Карыят-Арбу, або Геброн, на гары Юды;
 
І вызначылі Кадэш у Галілеі на гары Нэфталі, Сыхем на гары Эфраіма, і Кірыят-Арбу або Хеўрон на гары Юды.

і з другога боку Ярдана, на ўсходнім баку Ерыхона, вызначылі Басор у пустыні на раўніне ад пакалення Рубэна, і Рамот у Галаадзе ад пакалення Гада, і Галан у Басане ад пакалення Манасы.
 
А на другім баку Ярдану, на ўсход ад Ерыхону, вызначылі Бэцэр у пустыні, на раўніне пакаленьня Рубэна, Рамот у Гілеадзе, з пакаленьня Гада, і Галян у Башане, з пакаленьня Манасы.

Гэтыя гарады былі выбраныя для ўсіх сыноў Ізраэля і для чужынцаў, якія жывуць сярод іх, каб мог уцячы туды кожны, хто заб’е чалавека не жадаючы, каб не быў ён пакараны смерцю ад рукі блізкага, які імкнецца адпомсціць за пралітую кроў, пакуль не стане перад народам, каб высветліць сваю справу.
 
Гэтыя гарады былі выбраныя для ўсіх сыноў Ізраіля і для прыхадня, які жыве сярод іх, каб мог уцячы туды кожны, хто выпадкова заб’е чалавека, каб не памёр ад рукі мсьціўцы за кроў, пакуль ня стане перад грамадою [на суд].