Ісуса сына Нава 20 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І гукаў СПАДАР Ігошуі, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Егошуа, кажучы: «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім:

«Гукай сыном Ізраелявым кажучы: "Дайце сабе месты ўцёку, праз каторыя Я казаў вам Масеям,
 
“Выдзеліце сабе гарады прыбежышча, пра якія Я гаварыў вам праз Майсея,

Каб мог уцякаць туды ўбіўца, што забіў чалавека абмыльна, нясьведама; і будуць яны ў вас уцёкам ад помсьніка за кроў.
 
каб уцякаў у іх той, хто забіў чалавека выпадкова, ненаўмысна, і будуць яны прыбежышчам ад мсьціўцы за кроў.

І ўцячэць да аднаго зь местаў гэтых, і стане ля брамы места, будзе гукаць у вушы старцом места таго справы свае; і яны прымуць яго да сябе да места, і дадуць яму месца, і ён будзе жыць у іх.
 
Калі [забойца] ўцячэ ў адзін з тых гарадоў, няхай ён стане перад брамай гораду і раскажа ў вушы старшыняў гораду таго справу сваю. І яны возьмуць яго ў горад, і дадуць яму месца на жыцьцё.

І як пагоніцца за ім помсьнік за кроў, то яны ня маюць выдаваць убіўцу ў рукі яго, бо ён нясьведама забіў бліжняга свайго, не ненавідзіў яго ўчорах ані заўчора.
 
Калі мсьціўца за кроў будзе гнацца за ім, яны не аддадуць яго ў рукі ягоныя, бо ён ненаўмысна забіў бліжняга свайго, і ня меў да яго нянавісьці ані ўчора, ані пазаўчора.

І хай ён жывець у гэтым месьце, пакуль ня стане перад грамадою на суд, пакуль не памрэць вялікі сьвятар, што будзе ў тых днёх. Тады хай зьвернецца ўбіўца, і прыйдзе да места свайго а да дому свайго, да места, з каторага ён уцёк"».
 
І будзе ён жыць у горадзе тым, пакуль ня стане перад грамадой на суд, і пакуль не памрэ сьвятар вялікі, які будзе ў тыя дні. Тады забойца вернецца ў горад свой, у дом свой, з якога быў уцёкшы”».

І пасьвяцілі Кедэш у Ґалілеі на гары Неффалімовай, і Сыхем на гары Яхрэмавай, і Кіраф-Арбу, накш Гэўрон, на гары Юдзінай.
 
І вызначылі Кадэш у Галілеі на гары Нэфталі, Сыхем на гары Эфраіма, і Кірыят-Арбу або Хеўрон на гары Юды.

І за Ёрданом супроці Ерыхону на ўсход далі: Бецэр на пустыні, на раўніне, ад плямені Рувінавага, і Рамоф у Ґілеадзе ад плямені Ґадовага, і Ґолан у Вашане ад плямені Манасавага.
 
А на другім баку Ярдану, на ўсход ад Ерыхону, вызначылі Бэцэр у пустыні, на раўніне пакаленьня Рубэна, Рамот у Гілеадзе, з пакаленьня Гада, і Галян у Башане, з пакаленьня Манасы.

Гэтыя месты былі прызначаны ўсім сыном Ізраелявым і чужаземцу, што жыхара ў іх, каб уцякаў туды кажны, што забіў чалавека абмыльна, і каб не памер ён ад рукі помсьніка за кроў, пакуль ня стане перад грамадою.
 
Гэтыя гарады былі выбраныя для ўсіх сыноў Ізраіля і для прыхадня, які жыве сярод іх, каб мог уцячы туды кожны, хто выпадкова заб’е чалавека, каб не памёр ад рукі мсьціўцы за кроў, пакуль ня стане перад грамадою [на суд].