Ісуса сына Нава 4 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І было, як увесь народ супоўна скончыў пераходзіць Ёрдан, то сказаў СПАДАР Ігошуі, кажучы:
 
Калі ўвесь народ пераправіўся праз Ярдан, сказаў ГОСПАД да Егошуа:

«Вазьміце сабе зь люду двананцацёх чалавекаў, па адным чалавеку з плямені,
 
«Вазьміце дванаццаць мужчынаў спасярод народу, па адным з кожнага калена,

І раскажыце ім, кажучы: "Панясіце сабе адгэтуль, ізь сярэдзіны Ёрдану, зь месца стаяньня ног сьвятароў непарушна, двананцаць камянёў, і перанясіце іх із сабою, і палажыце іх на начулішчу, ідзе будзеце начаваць гэтую ноч"».
 
і загадайце, каб узялі з сярэдзіны Ярдану, дзе моцна стаялі ногі сьвятароў, дванаццаць камянёў, якія панесіцё з сабою і паложыце ў месцы, дзе разложыцеся табарам пераначаваць».

І гукнуў Ігошуа двананцацёх чалавекаў, каторых прыгатаваў із сыноў Ізраелявых, па адным чалавеку з плямені;
 
Тады Егошуа паклікаў дванаццаць мужчынаў, якіх выбраў з сыноў Ізраіля, па адным з кожнага калена.

І сказаў ім Ігошуа: «Перайдзіце перад скрыняю СПАДАРА, Бога свайго, у сярэдзіну Ёрдану й падыйміце сабе кажны на плячо свае па адным каменю, подле ліку плямёнаў сыноў Ізраелявых,
 
І сказаў ім Егошуа: «Ідзіце перад Каўчэгам ГОСПАДА, Бога вашага, на сярэдзіну Ярдану, і няхай кожны прынясе на плячах сваіх па адным камяні паводле лічбы каленаў сыноў Ізраіля.

Каб яны былі знакам сярод вас, як папытаюцца ў вас сынове вашыя заўтра, кажучы: «Што гэта за камяні гэтыя ў вас?»
 
Няхай гэта будзе знакам для вас. А калі сыны вашыя ў будучыні спытаюцца ў вас: “Што значаць гэтыя камяні?” —

Дык скажаце ім, што адцяты былі воды Ёрдану перад скрыняю змовы СПАДАРА; як яна пераходзіла Ёрдан, тады воды Ёрдану былі адцяты. І будуць камяні гэтыя на памятку сыном Ізраелявым навекі».
 
вы адкажаце: “Гэта памятка таго, што воды Ярдану разьдзяліліся перад Каўчэгам Запавету ГОСПАДА, калі ён перапраўляўся праз яго. Дзеля гэтага паложаны камяні гэтыя як памятка сынам Ізраіля на вякі”».

І зрабілі так сынове Ізраелявы, як расказаў Ігошуа: і панесьлі двананцаць камянёў ізь сярэдзіны Ёрдану, як казаў СПАДАР Ігошуу, подле ліку плямёнаў сыноў Ізраелявых, і перанесьлі із сабою на начулішча, і палажылі іх там.
 
І сыны Ізраіля зрабілі так, як загадаў ім Егошуа, і прынесьлі з сярэдзіны Ярдану дванаццаць камянёў, як ГОСПАД загадаў Егошуа, паводле каленаў сыноў Ізраіля, і прынесьлі ў месца, дзе былі разлажыўшыся табарам. Там іх палажылі.

І двананцаць камянёў пастанавіў Ігошуа сярод Ёрдану ля месца стаяньня ног сьвятароў, што несьлі скрыню змовы; і яны там дагэтуль.
 
Таксама іншых дванаццаць камянёў палажыў Егошуа на сярэдзіне Ярдану, дзе стаялі сьвятары, якія несьлі Каўчэг Запавету. Яны там знаходзяцца да сёньняшняга дня.

І сьвятары, каторыя несьлі скрыню, стаялі сярод Ёрдану, пакуль ня скончана было ўсе гэта, што СПАДАР расказаў Ігошуу гукаць люду, подле ўсёга, што Масей расказаў Ігошуу; і барзьдзіў люд, і пераходзіў.
 
Сьвятары, якія несьлі Каўчэг, стаялі на сярэдзіне Ярдану, аж пакуль не было выканана ўсё, што ГОСПАД загадаў Егошуа абвясьціць народу, згодна з тым, што загадаў Майсей Егошуа. Народ жа пасьпешліва перапраўляўся.

І было, як скончыў увесь люд пераходзіць, тады перайшла скрыня СПАДАРОВА, і сьвятары перад людам.
 
Калі ўжо ўсе пераправіліся, тады перайшоў і Каўчэг ГОСПАДА, перайшлі і сьвятары, і сталі наперадзе народу.

І перайшлі сынове Рувінавы, і сынове Гадовы, і палавіца плямені Манасавага збройна сьпераду сыноў Ізраелявых, як казаў ім Масей.
 
А сыны Рубэна, і сыны Гада, і палова калена Манасы перайшлі ўзброеныя наперадзе сыноў Ізраіля, як ім загадаў Майсей.

Каля сараку тысячаў супоўна ўзброеных перайшло перад СПАДАРОМ на раўніны Ерыхонскія, на бітвў.
 
Каля сарака тысячаў ваяроў узброеных перайшло перад абліччам ГОСПАДА на раўніны Ерыхонскія, каб ваяваць.

Таго дня ўзьвялічыў СПАДАР Ігошуу ў вачох усяго Ізраеля, і баяліся яго, як баяліся Масея, усі дні жыцьця ягонага.
 
У той дзень узьвялічыў ГОСПАД Егошуа перад усім Ізраілем, і сталі баяцца яго, як баяліся Майсея ў-ва ўсе дні жыцьця ягонага.

І казаў СПАДАР Ігошуу, кажучы:
 
І сказаў ГОСПАД да Егошуа:

«Раскажы сьвятаром, што нясуць скрыню сьветчаньня, і хай яны ўзыйдуць зь Ёрдану».
 
«Загадай сьвятарам, якія несьлі Каўчэг Запавету, каб выйшлі з Ярдану!»

І расказаў Ігошуа сьвятаром, кажучы: «Узыйдзіце зь Ёрдану».
 
І загадаў Егошуа сьвятарам: «Выйдзіце з Ярдану».

І было як узыходзілі сьвятары, што несьлі скрыню змовы СПАДАРОВАЕ ізь сярэдзіны Ёрдану, і адарваліся ступы ног іхных на сушу, дык зьвярнуліся воды Ёрдану на свае месцы і пайшлі, як учорах а заўчора, вышэй усіх берагоў сваіх.
 
Калі яны выйшлі, несучы Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і пачалі ісьці па сухой зямлі, вярнуліся воды на месца сваё і цяклі як раней у сваіх берагах.

І люд узышлі зь Ёрдану на дзясяты дзень першага месяца, і разьлёгся табарам у Ґілґале, на ўсходнім канцу Ерыхону.
 
У дзясяты дзень першага месяцу народ выйшаў з Ярдану і разлажыўся табарам у Гільгале, на ўсход ад Ерыхону.

І двананцаць камянёў гэтых, каторыя ўзялі яны зь Ёрдану, Ігошуа пастанавіў у Ґілґале,
 
Тых жа дванаццаць камянёў, якія былі ўзятыя з Ярдану, Егошуа паставіў у Гільгале,

І сказаў сыном Ізраелявым, кажучы: «Як папытаюцца сынове вашыя заўтра ў бацькоў сваіх: "Што гэта за камяні?"
 
і сказаў сынам Ізраіля: «Калі спытаюцца сыны вашыя ў будучыні бацькоў сваіх: “Што азначаюць гэтыя камяні?” —

То паведамце сыном сваім, кажучы: «Па сушы перайшоў Ізраель Ёрдан гэты»;
 
скажыце сынам вашым: “Па сухім дне перайшоў Ізраіль гэтую раку Ярдан,

Бо высушыў СПАДАР, Бог ваш, воды Ёрдану перад вамі, пакуль вы не перайшлі яго, таксама як СПАДАР, Бог ваш, зрабіў Чырвонаму мору, каторае высушыў перад намі, пакуль мы не перайшлі яго,
 
бо ГОСПАД, Бог ваш, высушыў ваду Ярдану на вачах вашых, пакуль вы не перайшлі, як раней учыніў з Морам Чырвоным, якое высушыў перад намі, пакуль мы праз яго не перайшлі,

Каб усі люды зямлі пазналі, што рука СПАДАРОВА дужая, каб вы баяліся СПАДАРА, Бога вашага, усі дні».
 
каб усе народы на зямлі пазналі магутную руку ГОСПАДА, і каб вы ў-ва ўсе дні баяліся ГОСПАДА, Бога вашага”».