Ісуса сына Нава 22 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Тады Ігошуа пагукаў плямя Рувінава а Ґадова а палавіцу плямені Манасавага,
І паклікаў Егошуа [сыноў] Рубэна, Гада і паловы пакаленьня Манасы,
І сказаў ім: «Вы споўнілі ўсе, што расказаў вам Масей, слуга СПАДАРОў, і слухалі голасу майго подле ўсёга, што я расказаваў вам.
і сказаў ім: «Вы споўнілі ўсё, што вам загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, і слухалі голас мой у-ва ўсім, што я загадаў вам.
Вы не пакінулі братоў сваіх вось усі гэтыя шмат дзён дагэтуль, і вы паўнілі расказаньні, даныя вам СПАДАРОМ, Богам вашым.
Вы не пакінулі братоў вашых усе гэтыя дні доўгія аж да сёньняшняга дня, і захавалі выкананьне прыказаньняў ГОСПАДА, Бога вашага.
Цяпер жа СПАДАР, Бог ваш, супакоіў братоў вашых, як казаў ім. Дык цяпер абярніцеся й пайдзіце сабе да буданоў сваіх, да зямлі вашае дзяржавы, каторую даў вам Масей, слуга СПАДАРОЎ, за Ёрданом.
І цяпер даў ГОСПАД, Бог ваш, супакой братам вашым, як абяцаў ім. Цяпер вяртайцеся і ідзіце ў намёты вашыя і ў зямлю ўласнасьці вашай, якую даў вам Майсей, слуга ГОСПАДА, за Ярданам.
Адно рупцеся вельма паўніць расказаньні а права, каторае расказаў вам Масей, слуга СПАДАРОЎ: любіць СПАДАРА, Бога свайго, і хадзіць усімі дарогамі Ягонымі, і дзяржаць расказаньні Ягоныя, і ліпці да Яго, і служыць Яму ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй».
Толькі пільна намагайцеся выконваць прыказаньні і закон, які загадаў вам Майсей, слуга ГОСПАДА. Любіце ГОСПАДА, Бога вашага, і хадзіце па ўсіх шляхах Ягоных, захоўвайце прыказаньні Ягоныя, туліцеся да Яго і служыце Яму ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю».
І дабраславіў Ігошуа іх, і адпусьціў іх, і яны пайшлі да буданоў сваіх.
І дабраславіў іх Егошуа, і адпусьціў іх, і яны вярнуліся ў намёты свае.
І палавіцы плямені Манасавага даў Масей дзяржаву ў Вашане; а палавіцы яго даў Ігошуа з братамі іхнымі па гэтым баку Ёрдану на захад. І таксама адпушчаў іх Ігошуа да буданоў іхных, і дабраславіў іх,
Адной палове калена Манасы Майсей даў уласнасьць у Башане, а другой палове Егошуа даў уласнасьць між братоў іхніх на заходнім беразе Ярдану. І Егошуа адпусьціў іх у намёты іхнія, і дабраславіў іх,
І сказаў ім, кажучы: «З чысьленымі багацьцямі зварачаецеся вы да буданоў сваіх, і з чысьленым вельмі статкам, із срэбрам, із золатам, зь медзяй, і зь зялезам, і зь вельмі шмат адзежай; падзяліцеся ж здабыткам у варагоў сваіх із братамі сваімі».
і сказаў ім, кажучы: «Вы вяртаецеся ў намёты свае з багацьцямі вялікімі, з мноствам жывёлы, срэбрам, золатам, медзьдзю, жалезам і вялікаю колькасьцю адзеньня; падзяліце здабычу з ворагаў вашых паміж братамі вашымі».
І зьвярнуліся, і пайшлі сынове Рувінавы а сынове Гадовы а палавіца плямені Манасавага ад сыноў Ізраелявых із Шыла, каторае ў зямлі Канаанскай, каб ісьці да зямлі Ґілеаду, да зямлі свае дзяржавы, каторую адзяржалі ў дзяржаньне з расказаньня СПАДАРОВАГА Масеям.
І павярнуліся сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы, і пакінулі сыноў Ізраіля ў Шыло, што ў зямлі Ханаан, каб ісьці ў зямлю Гілеад, у зямлю ўласнасьці сваёй, у якой пасяліліся паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА праз Майсея.
І прышлі да аколіцаў Ёрдану, каторыя ў зямлі Канаанскай, і збудавалі сынове Рувінавы а сывове Ґадовы а палавіца плямені Манасавага там аброчнік ля Ёрдану, аброчнік вялікі выглядам.
І прыйшлі яны ў ваколіцы Ярдану ў зямлі Ханаан, і пабудавалі каля Ярдану ахвярнік, вялікі з выгляду.
І пачулі сынове Ізраелявы, што кажуць: «Вось, сынове Рувінавы а сынове Ґадовы а палавіца плямені Манасавага збудавалі аброчнік на супроці зямлі Канаанскае, у ваколіцах Ёрдану, на другім баку ад сыноў Ізраелявых».
І пачулі сыны Ізраіля, што сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы пабудавалі ахвярнік каля Ярдану ў зямлі Ханаан на беразе сыноў Ізраіля.
І пачулі сынове Ізраелявы, і зьберліся ўвесь збор сыноў Ізраелявых у Шыле ўзыйсьці супроці іх, ваяваць.
І пачулі сыны Ізраіля, і сабралася ўся грамада Ізраіля ў Шыло, каб выйсьці ваяваць супраць іх.
І паслалі сынове Ізраелявы да сыноў Рувінавых а да сыноў Ґадовых а да палавіцы плямені Манасавага да зямлі Ґілеадзкае Фінегаса, сына Елеазара сьвятара,
І паслалі сыны Ізраіля да сыноў Рубэна, сыноў Гада і паловы калена Манасы ў зямлю Гілеад Пінхаса, сына Элеазара сьвятара,
І дзесяцёх князёў ізь ім, па адным князю, па адным князю дому айцоў з усіх плямёнаў Ізраелявых; і кажны зь іх быў галавою дому айцоў сваіх памеж тысячаў Ізраелявых.
а з ім дзесяць князёў, князя з кожнага дому бацькоў, з усіх каленаў Ізраіля, і кожны быў галавою дому бацькоў сваіх у дружынах Ізраіля.
І прышлі яны да сыноў Рувінавых а да сыноў Ґадовых а да палавіцы плямені Манасавага, да зямлі Ґілеадзкае, і гукалі ім, кажучы:
Яны прыйшлі да сыноў Рубэна, сыноў Гада і паловы калена Манасы ў зямлю Гілеад і прамовілі да іх, кажучы:
«Гэтак кажа ўвесь збор СПАДАРОЎ: "Што гэта за выступ, якім вы выступілі супроці Бога Ізраелявага, каб адвярнуцца, перастаць цяпер ісьці за СПАДАРОМ, збудавалі сабе аброчнік, каб збунтавацца цяпер супроці СПАДАРА?
«Гэта кажа ўся грамада ГОСПАДА: “Што гэта за нявернасьць? Чаму вы няверныя Богу Ізраіля і пакінулі вы ГОСПАДА, пабудаваўшы сабе ахвярнік і ўзбунтаваўшыся сёньня супраць ГОСПАДА?
Ціж мала нам бяспраўя Пеоравага, ад каторага мы не ачысьціліся дагэтуль, і была кара на збор СПАДАРОЎ?
Ці мала вам беззаконьня з Пэору, ад якіх не ачысьціліся мы яшчэ да сёньняшняга дня і прыйшла пляга на грамаду ГОСПАДА?
А вы адварачаецеся, каб ня йсьці за СПАДАРОМ. І станецца, што вы цяпер бунтуецеся супроці СПАДАРА, а заўтра загневаецца СПАДАР на ўвесь збор Ізраеляў.
А вы сёньня адступіліся ад ГОСПАДА і паднялі бунт супраць ГОСПАДА, а заўтра ўзгарыцца гнеў Ягоны на ўсю грамаду Ізраіля.
А толькі, калі нячыстая зямля дзяржавы вашае, то перайдзіце да зямлі дзяржавы СПАДАРОВАЕ, ідзе перабывае вітальня СПАДАРОВА, і вазьміце дзяржаву сярод нас, але ня бунтуйцеся супроці СПАДАРА, і супроці нас ня бунтуйцеся, будуючы сабе аброчніх, апрача аброчніку СПАДАРА, Бога нашага.
Калі думаеце, што зямля ўласнасьці вашай нячыстая, перайдзіце ў зямлю ўласнасьці ГОСПАДА, дзе Сяліба ГОСПАДА, і жывіце ў нас. Не бунтуйцеся супраць ГОСПАДА, і нас не бунтуйце, пабудаваўшы ахвярнік акрамя ахвярніка ГОСПАДА, Бога нашага.
Ці не Ахан Зэражонак выступіў выступам узглядам аканаванага, а на ўвесь збор Ізраельскі быў гнеў? І не адзін ён памер за свае бяспраўе!"»
Калі Ахан, сын Зэраха, парушыў загад ГОСПАДА адносна заклятага, ці ж гнеў ГОСПАДА не прыйшоў на ўсю грамаду Ізраіля? Ён адзін [саграшыў], няхай бы ён адзін і памёр за беззаконьне сваё!”»
І адказалі сынове Рувінавы а сынове Гадовы а палавіца плямені Манасавага, і гукалі галавам тысячаў Ізраелявых:
І адказалі сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы, і прамовілі да начальнікаў тысячаў Ізраіля:
«БОГ, Бог СПАДАР, БОГ, Бог СПАДАР, Ён ведае, і Ізраель хай ведае! Калі мы бунтуемся й адступаемся ад СПАДАРА, то няхай не спасае нас гэтага дня!
«Бог багоў, ГОСПАД, Бог багоў, ГОСПАД, Ён Сам ведае гэта, і Ізраіль няхай ведае! Калі мы ў буньце і адступніцтве ад ГОСПАДА [ўчынілі гэта], не пашкадуе Ён нас у сёньняшнім дні.
Калі мы збудавалі аброчнік на тое, каб адвярнуцца, перастаць ісьці за СПАДАРОМ, і на тое, каб абракаць на ім усепаленьне а аброкі хлебныя, і каб абракаць на ім аброкі супакойныя, то хай Сам СПАДАР вымагае!
І калі зрабілі мы ахвярнік, каб адступіць ад ГОСПАДА і складаць на ім цэласпаленьні і ахвяры хлебныя, і ахвяры мірныя, няхай Сам ГОСПАД разьбярэцца.
Ці мы не зрабілі гэта з рупатлівасьці, кажучы: "Заўтра скажуць сынове вашы сыном нашым, кажучы: "Што вам да СПАДАРА, Бога Ізраелявага?
Ці ж не зрабілі мы гэта з руплівасьці і з думкаю, што скажуць заўтра сыны вашыя сынам нашым: “Што [супольнага] ў вас і ГОСПАДА, Бога Ізраіля?
І граніцу даў СПАДАР меж нас і вас, сынове Рувінавы а сынове Ґадовы, Ёрдан; нямаш вам дзелі ў СПАДАРУ’. І пераказяць сынове вашы сыном нашым баяцца СПАДАРА".
ГОСПАД паставіў на Ярдане мяжу між намі і вамі, сыны Рубэна і сыны Гада, і таму вы ня маеце ніякай часткі ў ГОСПАДА!” І сыны вашыя адвернуць сыноў нашых ад страху перад ГОСПАДАМ.
І мы сказалі: "Дайма зробім сабе гэта, збудуем аброчнік не на ўсепаленьне ані на аброкі,
І сказалі мы: “Паставім сабе ахвярнік не для цэласпаленьняў і не для ахвяраў крывавых,
Але сьветкаю меж нас і вас, меж наступных родаў нашых, служыць службу СПАДАРОВУ перад відам Яго ўсепаленьнямі нашымі, і аброкамі нашымі, і супакойнымі аброкамі нашымі, і каб вашы сынове не сказалі заўтра сыном нашым: ’Няма вам дзелі ў СПАДАРУ’".
але як сьведчаньне паміж намі і вамі, і паміж нашчадкамі нашымі, што мы хочам выконваць службу ГОСПАДА перад абліччам Ягоным праз цэласпаленьні нашыя, ахвяры крывавыя і ахвяры мірныя”. І ня скажуць заўтра сыны вашыя сынам нашым: “Вы ня маеце часткі ў ГОСПАДА”.
І сказалі мы: "І будзе, калі скажуць гэтак нам а родам нашым заўтра, то мы скажам: ’Бачыце падобнасьць аброчніку СПАДАРОВАГА, каторую зрабілі айцове нашы не на ўсепаленьне ані на аброкі, але сьветкаю ён меж нас і вас’".
Калі яны так заўтра скажуць нам і нашчадкам нашым, мы скажам: “Вось падабенства ахвярніка ГОСПАДА, які зрабілі бацькі нашыя не для цэласпаленьняў, не для ахвяраў крывавых, але каб гэта было сьведчаньнем між намі і вамі”.
Крый Божа, каб збунтавацца нам супроці СПАДАРА й адвярнуцца, каб ня йсьці за СПАДАРОМ, і каб збудаваць аброчнік на ўсепаленьне а на аброкі хлебныя а на аброкі, апрача аброчніку СПАДАРА, Бога нашага, каторы перад вітальняю Ягонай!»
Далёкія мы, каб бунтавацца супраць ГОСПАДА і адварочвацца, каб не ісьці за Ім, пабудаваўшы ахвярнік для цэласпаленьняў, ахвяраў хлебных і ахвяраў крывавых, [іншы, чым] ахвярнік ГОСПАДА, Бога нашага, які перад Сялібай Ягонай».
І пачуў Фінегас сьвятар, і князі збору, і галавы тысячаў Ізраеля, каторыя зь ім, словы, каторыя гукалі сынове Рувінавы а сынове Ґадовы а сынове Манасавы, і люба было ў вачох іх.
І пачуў сьвятар Пінхас, і князі грамады, і начальнікі дружынаў Ізраіля, якія з ім, гэтыя словы, што прамовілі сыны Рубэна, сыны Гада і сыны Манасы, і былі яны добрымі ў вачах іхніх.
І сказаў Фінегас Елеазаронак, сьвятар, сыном Рувінавым а сыном Ґадовым а сыном Манасавым: «Цяпер мы даведаліся, што СПАДАР сярод нас, што вы ня выступілі супроці СПАДАРА выступам гэтым; цяпер вы выбавілі сыноў Ізраелявых ад рукі СПАДАРОВАЕ».
І Пінхас, сын Элеазара сьвятара, сказаў сынам Рубэна, сынам Гада і сынам Манасы: «Пераканаліся мы сёньня, што сярод вас ГОСПАД, бо вы не дапусьціліся нявернасьці адносна ГОСПАДА, і захавалі сыноў Ізраіля ад рукі ГОСПАДА!»
І зьвярнуўся Фінегас Елеазаронак, сьвятар, а князі ад сыноў Рувінавых а ад сыноў Ґадовых ізь зямлі Ґілеадзкае да зямлі Канаанскае да сыноў Ізраелявых, і прынесьлі ім слова.
І Пінхас, сын Элеазара сьвятара, і князі вярнуліся ад сыноў Рубэна і сыноў Гада з зямлі Гілеад у зямлю Ханаан, да сыноў Ізраіля, якім прынесьлі словы гэтыя.
І люба было гэтае слова ў вачох сыноў Ізраелявых, і дабраславілі сынове Ізраелявы Бога, і не маніліся йсьці на іх вайною, каб спустошыць зямлю, на каторай жылі сынове Рувінавы а сынове Ґадовы.
І справа гэтая была добрай у вачах сыноў Ізраіля, і дабраславілі Бога сыны Ізраіля, і не гаварылі больш, каб ісьці супраць іх ваяваць, каб спустошыць зямлю, абжытую сынамі Рубэна і сынамі Гада.
І назвалі сынове Рувінавы а сынове Ґадовы аброчнік: Ед, «бо ён сьветка меж нас, што СПАДАР ё Бог».
А сыны Рубэна і сыны Гада клікалі над ахвярнікам: «Гэта сьведка між намі, што ГОСПАД ёсьць Бог».