Адкрыцьцё 13 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І стаў я на пяску марскім. І ўбачыў звера, які падымаўся з мора, з сямю галовамі і дзесяццю рагамі. На рагах у яго было дзесяць дыядэм, і на галовах яго надпісы блюзнячыя.
 
I ўбачыў я бэстыю, якая падымалася з мора, з сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі. На рагах у яе было дзесяць дыядэмаў-карон, а на галовах яе напісы блюзьнерскія.

І звер, якога я бачыў, быў падобны да барса, а ступні яго як у мядзведзя, а пашча ў яго як у льва. І даў яму дракон сілу сваю, і пасад свой, і вялікую ўладу.
 
А бэстыя, якую я бачыў была падобна да барса, а ступні яе, як у мядзведзьдзя, а ляпа ў яе, як у льва. I даў ёй дракон сілу сваю і вялікую ўладу.

І адна з яго галоў быццам смяротна паранена, і тая яе смяротная рана была залечана. І дзівілася ўся зямля са звера,
 
I заўважыў я, што адна з яе галоў сьмяротна ранена, але тая яе сьмяротная рана была залечана. I дзівілася ўся зямля з гэтай бэстыі.

і пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу зверу, і кланяліся зверу, кажучы: «Хто ж зраўняецца са зверам і хто зможа супраць яго ваяваць?»
 
I пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу бэстыі, і кланяліся бэстыі, кажучы;"Хто ж зраўняецца з бэстыяй і хто зможа супроць яе ваяваць?"

І дадзены былі яму вусны, што гаварылі пыхлівае і блюзнячае, і дадзена была яму ўлада дзейнічаць на працягу сарака двух месяцаў.
 
I дадзены былі ёй вусны, нахабна гаворачыя блюзьнерствы, і дадзена была ёй усякая улада дзейнічаць праз сорак два месяцы.

І адчыніў ён пашчу сваю ў блюзненнях на Бога, каб блюзніць на імя Яго, і палатку Яго, і на тых, што жывуць у небе.
 
I адчыніла яна ляпу ў блюзьнерствах на бога зьневажаць Iмя Ягонае, сьвятыню Яго і тых, што жувуць у небе.

І пры тым дадзена было яму ваяваць супраць святых і перамагчы іх, і дадзена была яму моц над усякім пакаленнем, народам, моваю і племем.
 
I пры тым дадзена было бэстыі ваяваць супроць сьвятых і перамагаць іх. I дадзена была ёй моц над усякім пакаленьнем, народам і моваю, і пляменьнем.

І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі і чыё імя не запісана ў кнізе жыцця Ягняці, Які быў забіты ад заснавання свету.
 
I кланяцца будуць усе, што абжываюць зямлю, каторых імёны ад устаньня сьету не запісаны ў кнізе жыцьця Ў Ягнятка, які быў забіты.

Хто мае вуха, хай слухае:
 
Хто мае вуха, хай слухае.

«Каму ў палон, той ідзе ў палон. Хто на забіванне мечам, належыць таму прапасці ад меча. Тут, вось, цярплівасць і вера святых».
 
Хто прызначаны ў палон, той ідзе ў палон. Хто мячом забівае, належыцца і таму прапасьці ад мяча. Тут вось належыцца сьвятым і стойкасьць, і вера.

І ўбачыў я іншага звера, што падымаўся з зямлі, і меў ён двое рагоў, якія падобны да Ягнячых, і гаварыў як дракон.
 
I ўбачыў я іншую бэстыю, што падымалася з зямлі. Яна мела два рагі, як ягнёнак, а гаварыла як дракон.

І здзяйсняе ён поўную ўладу першага звера на вачах у яго, і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першаму зверу, якога смяротная рана была залечана.
 
Выпаўняе яна поўную уладу першай бэстыі на вачах у яе і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першай бэстыі, якой сьмяротная рана была залечана.

І чыніць ён вялікія знакі, нават агонь зводзіць з неба на зямлю на вачах у людзей.
 
Чыніць яна вялікія дзівы, нават агонь зкідае з неба на зямлю, у прысутнасьці людзей.

І зводзіць жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб рабілі вобраз звера, што меў рану ад меча, але жывы.
 
Праз дзівы, якія дадзена ёй выклікаць у прысутнасьці бэстыі, яна павінна накланіць жыхароў зямлі, каб паставілі падабенствы бэстыі, што мела рану ад мяча, але была вылечана.

І дадзена яму надаць дух вобразу звера, каб гаварыў вобраз звера і каб таго, хто не пакланяўся вобразу звера, забіваць.
 
I дадзена была моц удыхнуць жыцьцё у абраз бэстыі, і каб гаварыў той абраз бэстыі, каб хто-небудзь не кланяўся абразу бэстыі, каб той быў забіваны.

І робіць ён, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць меціну на правай руцэ сваёй або на чале сваім,
 
I даб'ецца, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі будуць мець знак на правай руцэ або на сваім чале.

і ніхто не зможа купляць або прадаваць, хто не будзе мець меціны, або імя звера, або лічбы імя яго.
 
I ніхто ня зможа купляць або прадаваць, хто не будзе мець знака або імя бэстыі, або номера яе.

Тут трэба мудрасць; хто мае розум, няхай палічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека, і лічба гэтая — шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць.
 
Тут трэба мудрасьці; хто мае розум, няхай зьлічыць лік бэстыі. Номер жа гэты чалавека, а номер гэты шэсьцьсот шэсьдзесят шэсьць.