Лікі 15 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Казаў Госпад Майсею, гаворачы:
 

«Паведамі сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю пражывання вашага, якую Я дам вам,
 

і будзеце складаць ахвяру Госпаду, цэласпаленні або ахвяру, выконваючы абяцанні, або прыносячы добраахвотна дары, або ў час святкаванняў вашых, выкурваючы прыемны Госпаду пах з валоў ці авечак,
 

хай той, хто прыносіць ахвяру, прынясе ў ахвяру з ежы дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, што мае колькасць чацвёртай часткі гіна,
 

як ахвяру з вадкасці павінен даць разам з ахвярай цэласпалення або з ахвярай прымірэння чацвёртую частку гіна віна на кожнае ягня.
 

Да бараноў хай будзе ахвяра з дзвюх трэціх эфы пшанічнай мукі, якая хай будзе запраўлена трэцяй часткай гіна алею,
 

а да паху, прыемнага Госпаду, хай прынясе віна для ўзлівання — трэцюю частку таго ж памеру.
 

Калі складзеце цэласпаленне з бычкоў або ахвяру, каб споўніць абяцанне, або ў ахвяру прымірэння Госпаду,
 

дай па адным бычку на тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, запраўленай паловай гіна алею,
 

і віна для ўчынення ўзліванняў той жа колькасці ў ахвяру дзеля паху, найпрыемнейшага для Госпада.
 

Так трэба рабіць пры кожнай ахвяры з бычка або барана, або авечак, або коз.
 

Паводле ліку ахвяр, якія вы складаеце, так рабіце пры кожнай, паводле ліку іх.
 

Кожны тутэйшы па тым жа парадку хай прыносіць ахвяру з агню дзеля паху, прыемнага для Госпада.
 

А ўсякі чужаземец, што пражывае ў вас, або які пасяліўся сярод вас у пакаленнях вашых, хай складае ахвяру з агню дзеля паху, прыемнага Госпаду, тым жа чынам, што і вы.
 

Адна пастанова хай будзе для вас і для чужаземцаў ва ўсе пакаленні вашы перад Госпадам.
 

Адзін закон і адно прыказанне хай будзе як для вас, так і для чужаземцаў, што прабываюць у вас”».
 

Казаў Госпад Майсею, гаворачы:
 

«Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі вы прыйдзеце ў зямлю, якую Я вам дам,
 

і калі будзеце есці хлеб з той зямлі, то аддзяліце перш асаблівы дар Госпаду.
 

Ад першага цеста вашага пірог прынясіце як асаблівы дар з току.
 

Будзеце складаць пяршыні цеста як асаблівы дар Госпаду ва ўсе пакаленні вашы.
 

Калі праз няведанне вы не споўніце што-небудзь з таго, што перадаў Госпад праз Майсея
 

і загадаў вам праз яго, ад дня, у які Госпад загадаў гэта, і далей да пакаленняў вашых,
 

калі будзеце вы далёка ад вачэй грамады, хай грамада складзе ў ахвяру цэласпалення цяля са статка дзеля паху, прыемнага Госпаду; і ахвяру на ўзліванні да яго, як патрабуе цырымонія, і казла за грэх.
 

Хай святар ачысціць усю супольнасць сыноў Ізраэля, і хай будзе ім адпушчана, бо яны зграшылі не добраахвотна, і ўсё ж прыносячы ахвяру агню для Госпада за сябе, і за грэх, і за памылку сваю.
 

І хай адпушчана будзе ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля, і чужаземцам, што пражываюць сярод іх, бо была гэта віна ўсяго народа па няведанні.
 

Бо калі адна душа грашыць па няведанні, то хай прынясе аднагадовую казу за грэх свой.
 

І святар хай ачысціць яе за тое, што па няведанні зграшыла перад Госпадам; і ён ачысціць яе, і хай будзе адпушчана ёй.
 

Хай будзе адзін закон для ўсіх, як для тутэйшых, так і для чужаземцаў, для тых, хто зграшыў па няведанні.
 

А душа, якая ўчыніла што-небудзь свядома, ці то тутэйшы, ці то чужаземец, бо была бунтаром супраць Госпада, будзе вынішчана душа тая з народа свайго.
 

Бо яна пагрэбавала словам Госпада і парушыла прыказанне Яго; таму будзе яна знішчана і панясе адказнасць за грэх свой”».
 

І здарылася, калі сыны Ізраэля прабывалі ў пустыні і напаткалі чалавека, што збіраў дровы ў дзень суботы,
 

яны прывялі яго да Майсея і Аарона і да ўсёй грамады,
 

якія ўзялі яго пад варту, не ведаючы, што з ім павінны зрабіць.
 

І Госпад сказаў Майсею: «Гэты чалавек павінен памерці; хай уся грамада ўкамянуе яго па-за лагерам».
 

І калі яны вывелі яго па-за лагер, укаменавалі яго, як загадаў Госпад, і памёр ён.
 

І зноў кажа Госпад Майсею:
 

«Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім, каб зрабілі сабе махры па краях шатаў сваіх, укладваючы ў іх стужкі фіялетавыя.
 

Калі іх убачыце, прыгадаеце ўсе прыказанні Госпада і споўніце іх, і не ідзіце за думкамі вашымі і вачамі, якія аддаюцца распусце праз розныя рэчы,
 

але, памятаючы ўсе Мае прыказанні, спаўняйце іх, і будзеце святымі перад Богам вашым.
 

Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — Госпад, Бог ваш!»