1 да Карынфянаў 6 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Як адважваецца хтосьці з вас, маючы непаразуменне з іншым, судзіцца з ім перад нявернымі, а не перад святымі?
Як адважваецца хтосьці з вас, маючы непаразуменьне з другім, судзіцца з ім перад нявернымі, а не перад сьвятымі?
Няўжо вы не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? І калі вамі будзе суджаны свет, дык няўжо вы не варты судзіць меншае?
Няўжо вы ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? І калі вамі будзе суджаны сьвет, дык ці ня можаце вы судзіць меншыя (справы)?
Ці не ведаеце, што мы будзем судзіць таксама анёлаў? Дык тым болей жыццёвае?
Ці ня ведаеце, што мы будзем судзіць таксама анёлаў? Дык тым болей справы жыцьцёвыя?
А вы, калі маеце жыццёвыя справы, ставіце сваімі суддзямі тых, хто нікчэмныя ў царкве.
А вы, судзячыся ў жыцьцёвых справах, ставіце сваімі судьдзямі ня маючых пашаны ў царкве.
На сорам вам кажу гэта. Няўжо няма ў вас ніводнага разумнага, які мог бы вынесці прысуд сярод братоў сваіх?
На сорам вам кажу гэта. Няўжо няма ў вас ніводнага разумнага, каторы мог бы рассудзіць братоў сваіх?
А то брат з братам судзіцца, ды яшчэ перад бязвернымі?
А то брат з братам судзіцца, ды яшчэ перад няверучымі?
Ужо і тое для вас прыніжэнне, што судзіцеся між сабой. Чаму вам не лепш прыняць крыўду? Чаму не лепш пацярпець шкоду?
Ужо і тое для вас прыніжэньне, што судзіцеся паміж сабой. Чаму вам ня лепш быць пакрыўджанымі? Чаму ня лепш панесьці шкоду?
Але вы самі чыніце несправядлівасць і адбіраеце, ды нават у братоў!
Але вы самі дапускаецеся несправядлівасьці і крыўдзіце нават братоў.
Ці не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць Валадарства Божага ў спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распуснікі, ані балванапаклоннікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаныя, ані садомцы,
Ці ня ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць Каралеўства Божага ў спадчыну? Дык не падманвайце сябе: ані распусьнікі, ані ідалапаклоньнікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаныя, ані мужчыны, жывучыя з сабой,
ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані зламоўныя, ані рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
ані злодзеі, ані хціўцы, ані п'яніцы, ані зламоўныя, ані рабаўнікі ня возьмуць у спадчыну Каралеўства Божага.
І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы асвяціліся, але вы апраўдаліся ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і праз Духа Бога нашага.
І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але асьвяціліся, але апраўдаліся ў імя Госпада нашага Езуса Хрыста і праз Духа Бога нашага.
«Усё мне можна!» Але не ўсё карысна. «Усё мне можна!» Але я нічому не дазволю мець уладу нада мною.
"Усё мне можна!" Але ня ўсё карысна. "Усё мне можна!" Але я нічому не дазволю мець уладу нада мною.
«Ежа — для жывата, і жывот — для ежы». Але Бог знішчыць адно і другое. Дык цела не для распусты, але для Госпада, і Госпад — для цела.
"Ежа — для жывата, і жывот — для ежы". Але Бог зьнішчыць адно і другое. Дык цела не для распусты, але для Госпада, і Госпад — для цела.
Бог жа і Госпада ўваскрасіў, і нас таксама Сваёю магутнасцю ўваскрасіць.
Бог жа і Госпада ўваскрасіў, і нас таксама сваёю магунасьцю ўваскрасіць з памёршых.
Ці ж не ведаеце, што целы вашы ёсць члены Хрыста? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, буду рабіць іх членамі распусніцы? Ніколі!
Ці ж ня ведаеце, што целы вашыя ёсьць члены Хрыста? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, буду рабіць іх членамі распусьніцы? Ніколі!
Або ці не ведаеце, што той, хто злучаецца з распусніцай — адно цела ёсць? «Будуць, вось, яны, як сказана, двое адным целам».
Або ці ня ведаеце, што той, хто злучаецца з распусьніцай, творыць з ёй адно цела? "Будуць вось яны, — як сказана, — двое адным целам".
Той жа, хто злучаецца з Госпадам — адзін Дух ёсць.
Той жа, хто лучыцца з Госпадам, ёсьць адным Духам ( з Ім).
Уцякайце ад распусты! Кожны грэх, які б ні чыніў чалавек, ёсць па-за целам; хто ж распуснічае, супраць свайго цела грашыць.
Сьцеражыцеся распусты! Кожны бо грэх, дапушчаны чалавекам, ёсьць па-за целам. Хто ж грашыць распустай, супраць свайго ўласнага цела грашыць.
Ці ж не ведаеце, што цела ваша ёсць святыня Духа Святога, Які ў вас і Якога маеце ад Бога, ды што вы ўжо не свае?
Ці ж ня ведаеце, што цела вашае ёсьць сьвятыня Духа Сьвятога, каторы ў вас і каторага маеце ад Бога, ды што ўжо не належыце да саміх сябе?
Вы ж здабыты за вялікую цану. Дык хваліце Бога ў целе вашым і ў духу вашым, якія ёсць Божыя!
Вы ж здабытыя за вялікую цану. Дык хваліце Бога ў целе вашым!