Ісаі 15 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Прадказанне Маабу. Замоўк Ар-Мааб, бо ноччу быў спустошаны. Замоўк Кір-Мааб, бо ноччу быў спустошаны.
 

Дачка Дыбона ўзышла на вышыні, каб плакаць: над Нэба і над Мэдабай Мааб галосіць; на ўсіх галовах яго — лысіна, кожная барада паголена.
 

На шляхах яго апярэзаныя зрэбніцай; на дахах яго і на плошчах яго ўсе галосяць, заліваюцца слязьмі.
 

Крычыць Хесебон і Элеале, аж у Ясе чутны іх голас. Дзеля таго вызваленыя Мааба галосяць, душа яго галосіць у ім.
 

Сэрца маё над Маабам плача, бежанцы яго — аж да Сэгора, Эглатсэліцыі; дарогаю ўгору на Луіт з плачам узыходзяць ды на шляху ў Аранаім падымаюць лямант роспачы!
 

Воды бо Нэмры стануць пустэчай, бо трава высахла, знікла мурава, прапала ўсё зяленіва.
 

Дзеля таго робяць запасы, а сваю маёмасць пераносяць за ручай Вярбовы.
 

Бо атачае навокал крык мяжу Мааба, аж да Эглаіма бедаванне яго ды аж да Бээр-Эліма галашэнне яго.
 

Вось жа, воды Дымона поўныя крыві, бо ссылаю на Дымон дапаўняльныя беды: льва на ўцалелых з Мааба і на тых, хто застаўся ў краі.