Ісаі 3 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Вось, Валадар, Госпад Магуццяў адыме ў Ерузаліма і ў Юды моц і апеку: увесь запас хлеба ды ўвесь запас вады,
 

сілача і ваяра, суддзю і прарока, вешчуна і старца,
 

пяцідзесятніка і магната, і раднага, і чараўніка, і разумнага запявалу —
 

і дасць ім за князёў юнакоў, і хлапчукі будуць панаваць над імі.
 

І ўзбурыцца народ, чалавек на чалавека ды кожны на блізкага свайго: хлопчык будзе нахабна крычаць на старога, ды прастак — на радавітага.
 

Схопіць нават мужчына брата свайго ў доме бацькі свайго: «Адзенне маеш — будзь нашым кіраўніком, вазьмі ў рукі гэтую руіну».
 

Усклікне ён у той дзень і скажа: «Я не лекар, у маім доме няма хлеба, няма адзення; не стаўце мяне кіраўніком народа».
 

Бо ўпаў Ерузалім і Юда ў заняпад прыйшоў, бо словы іх і задумы іх — супраць Госпада, а таму правакуюць яны вочы велічнасці Яго.
 

Бо выраз твараў іх абвінавачвае іх; як Садом, абвяшчаюць яны свой грэх і не хаваюць; гора душы іх, бо ліха аддадзена ім назад.
 

Скажыце справядліваму: «Добра!», бо будзе спажываць плод задум сваіх.
 

Гора бязбожніку за ліха: будзе яму адплата.
 

О мой народзе, дзіця яго прыціскае, і жанчыны над ім пануюць. Народзе мой! Тыя, хто кажа, што ты шчаслівы, яны ашукваюць цябе і разбураюць дарогу хады тваёй.
 

Падняўся Госпад, каб абвінаваціць, і стаіць, каб судзіць народы.
 

Госпад прыйдзе на суд са старэйшынамі народа свайго, з князямі сваімі. «Гэта вы спустошылі вінаграднік, і нарабаванае ў беднага — у вашых дамах.
 

Чаму ж вынішчаеце вы народ Мой ды абліччы ўбогіх засмучаеце?» — кажа Госпад, Бог Магуццяў.
 

І сказаў Госпад: «За тое, што ўзняліся дочкі сіёнскія ў пыху і ходзяць, выцягваючы шыю і кідаючы вачамі, ступаюць малымі крокамі ды звоняць бразготкамі на нагах,
 

Госпад дасць, што лысымі стануць чарапы дачок Сіёна, і адыме Госпад у іх валасы.
 

У той час забярэ Госпад аздобу чаравічкаў,
 

і паўмесячыкі, завушніцы, бранзалеты і вэлюмы, дыядэмы і ланцужкі ля ног, і стужкі, і бутэлечкі на духмянасці,
 

і пярсцёнкі, і аздобы для ноздраў,
 

дарагія шаты, і накідкі, і шалі, і торбачкі,
 

і люстэрачкі, і тонкую бялізну, і наміткі ды сукенкі.
 

А будзе: замест паху — смурод, замест пояса — вяроўка, замест прычасанага чуба — лысіна, замест багатай вопраткі — цесны мяшок, замест красы — выпаленая пляма».
 

Мужы твае пагінуць ад меча, і волаты твае — у баях на вайне;
 

загалосяць і жалобай адзенуцца яе брамы, і, спустошаная, сядзе яна на зямлі.