Ісаі 29 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Гора табе, Арыэлю, Арыэлю, горад, які аперазаў мурам Давід! Дадайце год да года, урачыстасці хай бягуць!
 

А Я вазьму ў аблогу Арыэль, і будзе смутак і жаль, і будзе ён мне, як Арыэль.
 

І атачу цябе наўкола, быццам шар, і насыплю перад табою вал, і пастаўлю ўмацаванні для тваёй аблогі.
 

Упакорышся, з зямлі гаварыць будзеш, і з пылу будуць ледзьве чутныя словы твае, і будзе голас твой, як бы піск з зямлі, і з бруду словы твае будуць гучаць мармытаннем.
 

І будзе, як пыл сыпкі, мноства тваіх ворагаў і, як рассыпаная мякіна, мноства крыўдзіцеляў.
 

Станецца гэта раптам, неспадзявана, будзеш наведаны Госпадам Магуццяў, грымотамі, землятрусам, страшэнным грукатам, віхурай і навальніцай, і полымем агню знішчальнага.
 

І будзе, як сон аб’яўлення начнога, мноства ўсіх народаў, якія супраць Арыэля выступаюць, ды ўсе, хто супраць яго ваююць, супраць умацаванняў яго, — і ёсць яго прыгнятальнікі.
 

І, як галоднаму сніцца, што ён есць, але калі абудзіцца, то нутро яго пустое, ды як сніцца засмагламу, што п’е, а як толькі абудзіцца, гэтак сама пакутуе ад смагі, — так будзе з мноствам усялякіх народаў, якія выступаюць супраць гары Сіён.
 

Аслупянейце і задзівіцеся, аслепніце ды будзьце сляпымі, ап’янейце, але не ад віна, хістайцеся, але не ад ап’янення.
 

Бо напусціў на вас Госпад духа сну, заплюшчыў вочы вашы, а галовы вашы накрыў.
 

І будзе вам кожнае аб’яўленне, як словы запячаткаванай кнігі, якую далі б умеючаму чытаць, кажучы: «Чытай яе», адкажа: «Не магу, бо яна запячатана».
 

І дадуць кнігу таму, хто не ўмее чытаць і скажуць яму: «Чытай!», а ён адкажа: «Не ўмею чытаць».
 

І сказаў Госпад: «Таму, што народ гэты шануе Мяне толькі вуснамі ды славіць Мяне толькі языком, але сэрца іх далёка ад Мяне і страх іх адносна Мяне — як завучанае правіла людзей,
 

таму, вось, Я яшчэ раз учыню здзіўленне гэтаму народу — цудам вялікім і дзівосным: загублю мудрасць мудрых, і кемлівасць разумных знішчу».
 

Гора тым, якія глыбока хаваюць намеры свае перад Госпадам, якіх справы схаваныя ў цемры, і якія кажуць: «Хто бачыць нас ды хто знае нас?»
 

Пераваротнае вашае думанне! Ці ж можа быць ганчар зраўняны з глінай, ці ж можа твор сказаць творцы свайму: «Не зрабіў ты мяне», а гаршок, можа, скажа ганчару свайму: «Не ўмееш»?
 

Ці ж ужо не ў кароткім і хуткім часе Лібан абернецца садам, а сад будуць лічыць пералескам?
 

І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, а вочы сляпых з туману і цемры стануць бачыць.
 

І акажуць пакорныя радасць у Госпадзе, а найбяднейшыя з людзей будуць цешыцца ў Святым Ізраэлі;
 

бо знік той, хто быў мацнейшы, звёўся насмешнік ды вынішчаны ўсе, хто ганяліся за ліхоццем,
 

якія прымушалі людзей грашыць словам і ставілі падножку таму, хто патрабаваў суда ў браме, і справядлівага абкідвалі неадпаведнымі словамі.
 

Таму вось што кажа Госпад да дому Якуба, які адкупіў Абрагама: «А цяпер не засаромеецца Якуб і не зарумяніцца твар яго,
 

але, калі ўбачыць творы рук Маіх, то ў асяроддзі сваім усвяціць імя Маё і ўсвяцяць Святога Якубава, і баяцца будуць Бога Ізраэля,
 

і збачэнцы духоўныя пазнаюць мудрасць, а непакорныя спазнаюць навуку».