Ісаі 32 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І, вось жа, валадар будзе валадарыць па законе, а князі кіраваць будуць па законе.
 

І будзе чалавек, як сховішча ад ветру ды прыпынак перад бурай, як ручаі водаў на засохлай зямлі або засень вялікай скалы на сухой зямлі.
 

Вочы тых, хто глядзяць, не будуць прыслеплены, а вушы тых, хто слухаюць, будуць пільна прыслухоўвацца.
 

І сэрца неразумных спасцігне мудрасць, а язык шапялявых скора будзе гаварыць і выразна.
 

Не будзе больш той, хто безразважны, называцца высакародным, ані ашуканец не будзе званы вяльможным.
 

Бо неразумны гаворыць недарэчнасці, сэрца ж яго плануе ліхоту, каб дапусціцца бязбожнасці ды гаварыць блюзнерствы супраць Бога, ды каб душу таго, хто прагне, пакінуць пустой і адабраць пітво ў сасмаглага.
 

У ашуканца ашуканствы — найгоршыя: ён бо перадумвае спосабы, каб загубіць пакорлівых словамі хлусні, хоць нават калі бедны дакажа справядлівасць.
 

Высакародны ж дасць парады высакародныя, ды сам да высакародных рэчаў імкнецца.
 

Жанчыны пустыя, устаньце, паслухайце голасу Майго. Даверлівыя дочкі, вазьміце ў вушы слова Маё!
 

За год і некалькі дзён задрыжыце, здавераныя ў сабе! Скончыўся ўжо збор віна, другі збор не прыйдзе.
 

Аслупянейце, пустыя; бойцеся, здавераныя ў сабе! Распраніцеся і станьце голымі, аперазайце клубы вашы.
 

Біце сябе ў грудзі дзеля пажаданай краіны, дзеля пладаноснага вінаградніку.
 

На зямлі народа Майго ўзыходзяць церні і калючкі, над усімі дамамі радасці, над вясёлым горадам:
 

дом бо пакінуты, мнагалюдны горад абязлюдзеў; Афэл і Баган сталіся пячорамі навек: радасцю для дзікіх аслоў, выганам для статкаў,
 

аж пакуль не будзе выліты на нас Дух з вышыні. І пустыня станецца садам, а сад за лес будзе лічыцца.
 

Тады на пустыні зажыве законнасць, а справядлівасць асядзе ў садзе.
 

Вынікам справядлівасці будзе супакой, а плодам закону — цішыня, ды бяспека — у спакон вякоў.
 

Ды жыць будзе народ Мой жыццём спакойным, і ў палатках надзейнасці, і ў месцах бяспекі.
 

І лес увесь паваліцца, а горад будзе моцна прыгнечаны.
 

Шчасныя, што сееце над усімі водамі, прыводзячы [туды] вала і асла.