Адкрыцьцё 7 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І пасля гэтага ўбачыў я чатырох анёлаў, што стаялі на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
І ўгледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І крыкнуў гучным голасам чатыром анёлам, якім даручана было чыніць шкоду зямлі і мору,
кажучы: «Не шкодзьце зямлі і мору, ані дрэвам, пакуль не папячатаем паслугачоў Божых на чолах іх».
І пачуў я лік папячатаных: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх пакаленняў сыноў Ізраэля:
з пакалення Юды дванаццаць тысяч папячатаных, з пакалення Рубэна дванаццаць тысяч, з пакалення Гада дванаццаць тысяч,
з пакалення Асэра дванаццаць тысяч, з пакалення Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакалення Манасы дванаццаць тысяч,
з пакалення Сімяона дванаццаць тысяч, з пакалення Леві дванаццаць тысяч, з пакалення Ісахара дванаццаць тысяч,
з пакалення Забулона дванаццаць тысяч, з пакалення Язэпа дванаццаць тысяч, з пакалення Бэньяміна дванаццаць тысяч папячатаных.
Пасля ўбачыў я: і, вось, вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто не мог, з усіх плямёнаў і пакаленняў, народаў і моў. І стаялі яны перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іх.
І ўсклікаюць яны моцным голасам, кажучы: «Збаўленне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і ў Ягняці!»
І ўсе анёлы стаялі вакол пасада, і старэйшынаў, і чатырох жывёлін; і ўпалі перад пасадам на твары свае, і пакланіліся Богу,
кажучы: «Амін! Дабраславенне, і слава, і мудрасць, і падзяка, і ўшанаванне, і магутнасць, і сіла Богу нашаму на векі вечныя. Амін!»
І адзін са старэйшынаў азваўся да мяне, кажучы: «Хто гэтыя, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны прыйшлі?»
А я сказаў яму: «Гаспадару мой, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага ўціску, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у Крыві Ягняці.
Таму стаяць перад пасадам Божым і служаць Яму ўночы і днём у святыні Яго, і Які сядзіць на пасадзе, будзе жыць у іх.
Ні голаду, ні смагі больш не будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая спякота,
бо Ягня, Які пасярод пасада, пасвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы водаў жыцця, і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх».