Да Габрэяў 13 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Няхай трывае між вамі братняя любоў.
 

Не забывайцеся пра гасціннасць, бо дзякуючы ёй некаторыя, не ведаючы, анёлам аказалі гасціннасць.
 

Памятайце пра вязняў, як быццам і вы разам з імі былі зняволенымі, і пра тых, што ў бедах і хваробах, бо і вы самі маеце цела.
 

Няхай ва ўсіх будзе ў пашане шлюб і ложак беззаганны, бо распуснікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог.
 

Хай будуць норавы без сквапнасці; будзьце задаволены тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адхінуся ад цябе і не пакіну цябе».
 

Так што адважна мы кажам: «Госпад — Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?»
 

Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае і, бачачы вынікі іх жыцця, будзьце [іх] пераймальнікамі ў веры.
 

Ісус Хрыстос Той самы ўчора, сёння і навекі.
 

Не дайцеся звесціся рознымі чужымі вучэннямі. Найлепш бо мацаваць сэрца ласкаю, а не ежаю, якая не дапамагла тым, што пайшлі за ёю.
 

Маем ахвярнік, з якога не маюць права есці тыя, якія паслугуюць у палатцы.
 

Бо целы тых жывёлін, кроў якіх за грэх прыносіцца першасвятаром у святое, паляцца за лагерам.
 

Таму і Ісус, каб усвяціць народ Сваёй Крывёю, быў замучаны за брамаю.
 

Дык выйдзем жа і мы да Яго за лагер, пераносячы разам з Ім зганьбаванне,
 

бо не маем тут трывалага горада, але шукаем будучага.
 

Дык праз Яго заўсёды будзем складаць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плод вуснаў, што праслаўляюць Яго імя.
 

Не забудзьцеся пра дабрадзейнасць і супольнасць, бо такія ахвяры мілыя Богу.
 

Слухайце настаўнікаў вашых і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя даць справаздачу. Дык няхай яны гэта з радасцю выконваюць, а не са стогнамі, бо гэта не на карысць вам.
 

Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены ў тым, што маем добрае сумленне, жадаючы ва ўсім рабіць добра.
 

Асабліва прашу вас зрабіць так, каб чым хутчэй быў я вернуты вам.
 

Бог жа супакою, Які ўваскрасіў з мёртвых вялікага Пастыра авечак у Крыві вечнага запавету, Госпада нашага Ісуса,
 

хай удасканаліць вас ва ўсякай справе добрай, каб спаўнялі вы Яго волю, выконваючы ў нас, што Яму падабаецца, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на векі вечныя. Амін.
 

Прашу ж вас, браты, прыміце слова заахвочвання, бо толькі трохі напісаў я вам.
 

Ведайце, што брат наш Цімафей выпушчаны; з ім разам, калі хутка прыбудзе, пабачу вас.
 

Прывітайце ўсіх вашых настаўнікаў і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
 

Ласка з вамі ўсімі. Амін.