Псалтыр 132 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Песня ўзыходжання. Госпадзе, памятай пра Давіда і пра ўсю пакорлівасць яго:
 

бо прысягнуў ён Госпаду, даў абяцанне Магутнаму Якубаву:
 

«Не ўвайду ў шаты дому свайго, не ўздымуся на ложа пасцелі маёй,
 

не дам сну вачам маім і павекам маім,
 

пакуль не знайду месца для Госпада, палаткі для Магутнага Якубава».
 

Вось, пачулі мы пра той самы [каўчэг], вось, у Эфраце, знайшлі мы яго на палях Яар.
 

Увойдзем у палатку Яго, аддадзім паклон ля падножжа ног Яго.
 

Уздыміся, Госпадзе, да месца супачынку Твайго, Ты і каўчэг Тваёй моцы.
 

Хай святары Твае адзенуцца ў справядлівасць, а святыя Твае радуюцца.
 

Дзеля Давіда, паслугача Твайго, не адварочвай аблічча ад намашчэнца Твайго.
 

Прысягнуў Госпад Давіду праўду, і не адступіць ад яе: «Ад плода сцёгнаў Тваіх пасаджу на пасад Твой.
 

Калі сыны твае захаваюць запавет Мой і сведчанні Мае, якім навучу Я цябе, то і сыны іх вечна будуць сядзець на пасадзе тваім».
 

Бо Госпад выбраў Сіён і пажадаў яго Сабе на паселішча:
 

«Гэта спачынак Мой на векі вечныя; тут буду жыць, бо пажадаў яго.
 

Дабраслаўляючы, дабраслаўлю ежу яго, бедных яго накармлю хлебам.
 

Святароў яго адзену ў збаўленне, і святыя яго будуць вельмі радавацца.
 

Тут вырашчу рог Давіда, прыгатую светач для Майго Намашчэнца.
 

Непрыяцеляў яго пакрыю сорамам, а над ім будзе зіхацець вянец яго».