1 да Карынфянаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Хай лічыць нас чалавек за паслугачоў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.
Ад аканомаў жа патрабуецца, каб кожны аказаўся верным.
Мяне мала турбуе, як вы пра мяне судзіце або людзі. Я і сам сябе не суджу.
Бо хоць я не пачуваюся ні ў чым вінаватым, гэтым яшчэ не апраўданы. Госпад — Той, Хто судзіць мяне.
Дык ніяк не судзіце заўчасна, пакуль не прыйдзе Госпад, Які асвеціць тое, што ў цемры скрыта, ды выявіць намеры сэрцаў. Тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Гэта, вось, браты, прыклаў я да сябе і да Апалоса дзеля вас, каб вы ад нас навучыліся не думаць звыш напісанага; ды каб ніхто ў сваёй пыхлівасці не падымаўся адзін над адным.
Хто бо цябе адзначае? Ды што ты маеш, чаго б не атрымаў? Калі ж ты атрымаў, дык нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?
Вы ўжо насыціліся і сталіся ўжо багатымі, без нас ужо валадарыце. О, каб вы сапраўды валадарылі, ды каб і мы з вамі разам маглі валадарыць!
Бо думаю, што Бог нас, Апосталаў, паставіў як апошніх, быццам на смерць асуджаных, бо сталіся мы відовішчам для свету, для анёлаў і для людзей.
Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысце; мы кволыя, а вы дужыя; вас шануюць, а намі грэбуюць.
Аж да гэтай пары мы галадаем, смагнем і голыя ходзім, і б’юць нас, і мы выгнаннікі,
і працуем, робячы рукамі нашымі; выклятыя, мы дабраслаўляем; пераследаваныя, церпім;
зневажаныя, мы молімся; мы сталіся, быццам смецце гэтага свету, агідай для ўсіх аж дасюль.
Не пішу гэтага, каб вас засароміць, але каб вас, найдаражэйшых маіх дзетак, наставіць на розум.
Бо хоць бы вы мелі ў Хрысце тысячу выхавацеляў, але не шмат бацькоў, бо я ў Хрысце Ісусе праз Евангелле нарадзіў вас.
Дык прашу вас, будзьце маімі пераймальнікамі.
Дзеля гэтага пасылаю да вас Цімафея, які ёсць сын мой найдаражэйшы і верны ў Госпадзе, ён вам прыгадае шляхі мае, якія ў Хрысце, ды як я навучаю ўсюды ў кожнай царкве.
Некаторыя заганарыліся, быццам я не маю намеру наведаць вас.
Але я прыйду неўзабаве да вас, калі Госпад дазволіць, і спазнаю не словы тых, што заганарыліся, а моц,
бо Валадарства Божае не ў словах, але ў моцы.
Што хочаце? Ці каб з дубцом да вас я прыйшоў, ці з любоўю і духам лагоднасці?