1 да Карынфянаў 4 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Няхай так лічыць нас чалавек, як служак Хрыстовых і домакіраўнікоў таямніц Божых.
 

Тут, аднак, ад домакіраўнікоў патрабуецца, каб кожны аказаўся верным.
 

Але мне найменш абыходзіць, як пра мяне судзіце вы ці чалавечы дзень. Я і сам сябе не суджу.
 

Бо я нічога за сабою не ведаю, але не гэтым я апраўданы, судзіць жа мяне — Госпад.
 

Так што не судзіце нічога заўчасна, пакуль не прыйдзе Госпад, Які і асветліць схаванае ў цемры і выявіць намеры сэрцаў; і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
 

І гэта я прыклаў, браты, да сябе і Апалоса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудраваць звыш таго, што напісана, і не пышыцца адзін перад адным.
 

Бо хто цябе вылучае? І што ты маеш, чаго б не атрымаў? А калі атрымаў, чаму хвалішся, як быццам не атрымаў.
 

Вы ўжо сытыя, вы ўжо разбагацелі, вы пачалі цараваць без нас. І калі б сапраўды вы царавалі, каб і нам разам з вамі цараваць!
 

Бо, думаю, Бог паставіў нас, апошніх Апосталаў, як асуджаных на смерць, таму што мы зрабіліся відовішчам для свету — і для Анёлаў, і для людзей.
 

Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысце; мы слабыя, а вы моцныя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.
 

Аж да гэтага часу мы церпім і голад, і смагу, мы і голыя, і бітыя, і бяздомныя,
 

і працуем, робячы сваімі рукамі; лаюць нас — мы дабраслаўляем; гоняць нас — мы трымаемся,
 

зневажаюць нас — мы суцяшаем. Мы зрабіліся як смецце для свету, адкідамі для ўсіх — дагэтуль.
 

Не каб пасарамаціць вас, пішу гэта, а каб наставіць на розум як маіх улюбёных дзяцей.
 

Бо хоць у вас дзесяць тысяч настаўнікаў у Хрысце, але не шмат бацькоў; бо я ў Хрысце Ісусе нарадзіў вас праз дабравесце.
 

Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі, [як і я Хрыста].
 

Таму я паслаў да вас Цімафея, які ёсць мой сын улюбёны і верны ў Госпадзе, які вам напомніць мае дарогі ў Хрысце [Ісусе], як я ўсюды ў кожнай царкве вучу.
 

А як я не прыходжу да вас, некаторыя заганарыліся.
 

Але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і зведаю не словы ганарліўцаў, а сілу.
 

Бо не ў слове Царства Божае, а ў сіле.
 

Што вы хочаце? Ці прыйсці мне да вас з дубцом4 ці з любоўю і духам лагоднасці?