Псалтыр 19 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў.
Нябёсы абвяшчаюць хвалу Бога, і пра справу рук Яго паведамляе цвярдыня.
Дзень перад днём прамаўляе слова, і ноч ночы абвяшчае веды.
Няма моў і маўленняў, голас якіх не быў бы чуцён:
па ўсёй зямлі загучаў голас іх, і словы іх — аж да ўскрайкаў сусвету.
Ён паставіў на іх палатку для сонца, і яно, быццам жаніх, выходзячы з пакоя свайго, цешыцца, як волат перад неабходнасцю прабегчы шлях.
Ад ускрайкаў нябёсаў — пачатак шляху яго, і схіл яго — аж да іх ускрайкаў, і няма таго, што ўхілілася б ад цеплыні яго.
Закон Госпадаў бязгрэшны, аднаўляе душу, сведчанне Госпада вернае, што надае мудрасць малым.
Прысуды Госпада правільныя, пацяшаюць сэрцы, запавет Госпада светлы, прасвятляе вочы.
Страх Госпада чысты, трывае на векі вечныя, суды Госпада праўдзівыя і адначасова справядлівыя.
Яны больш жаданыя за золата і мноства каштоўных камянёў і саладзейшыя за мёд і струмяністыя соты.
Бо слуга Твой удасканальваецца праз іх; у пільнаванні іх — вялікая адплата.
Хто ж разумее свае аблуды? Ад патаемнага ачысці мяне
і ад пыхі ўпільнуй слугу Твайго, каб не запанавала нада мной. Тады буду я бязгрэшны і ачышчуся ад вялікага злачынства.
Няхай жа спадабаюцца словы вуснаў маіх і разважанне сэрца майго перад Табою, Госпадзе, Апякун мой і Збаўца мой!