Ёіля 2 разьдзел
Кніга прарока Ёіля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Пятроўскага
Трубіце трубой на Сіёне, галасіце на святой гары Маёй. Хай дрыжаць усе жыхары зямлі, бо надыходзіць дзень Госпадаў, бо ён ужо блізка.
Трубеце трубою на Сыоне і беце трывогу на сьвятой гары Маёй; няхай дрыжаць усе жыхары зямлі, таму, што ўжо блізкі дзень Госпадавы, і ён ужо блізка —
Дзень цемры і змроку, дзень хмарны і мглісты. Як зараніца ранняя над узгоркамі, народ шматлікі і моцны: падобнага да яго не было ад пачатку, і па ім болей не будзе аж да будучых пакаленняў.
Дзень цемры і змроку, дзень хмарны і імглісты, як ранічны золак, распашыраецца па горах; народ шмтлікі і сільны, якога ня бывала ад веку і пасьля гэтага ня будзе ад роду да роду.
Перад ім агонь пажырае, а за ім палае полымя. Як сад Эдэнскі зямля перад ім, а за ім — стэп пусты; і нічому не будзе ратунку ад яго.
Перад ім пажырае агонь, а за ім паліць полымя; перад ім зямля, як сад Эдэмскі, а, з-заду яго — голая пустыня, і нікому ня будзе ратунку ад яго.
Выгляд яго падобны да выгляду коней, і імчаць яны, як коннікі.
Спазор іх быццам від коней, скачуць яны, быццам коньнікі.
Узлятаюць яны над вяршынямі гор, быццам гоман калясніц, быццам гоман полымя агню, які паліць іржышча, як народ магутны, падрыхтаваны да бою.
Праскачуць па вярхох гор з грукатам вазоў, быццам з трэскам агнявога полымя, што пажырае сухое гальлё, як народ магутны, што выстраіўся да бітвы.
Перад абліччам яго задрыжаць народы, ва ўсіх твары збялеюць.
Спалохаюцца народы перад спазорам ягоным, пабляднеюць у-ва ўсіх твары.
Як барацьбіты, бягуць яны і, як ваяры, лезуць на мур; кожны ідзе сваёй дарогаю, і не збочваюць са сваіх сцежак.
Як адважныя пабягуць яны, і як ваяры ўзыйдуць на вал, і кажны будзе ісьці сваёю дарогаю і ня зыйдзе са шляху свайго.
Адзін аднаму не замінае, кожны ідзе сваім шляхам; яны прарываюцца праз стрэлы, і гэта ім не шкодзіць.
Ніводзін ня будзе пхнуцца на другога, кажны будзе ісьці сваёю пуцявінаю, і нават упаўшы на меч, не параніцца.
Урываюцца ў горад, падымаюцца на мур, узыходзяць на дамы, улазяць праз вокны, як злодзеі.
Будуць бегаць па месьце, уздымацца на вал, уломлівацца ў хаты, улазіць у вокны, як зладзеі.
Перад абліччам яго трасецца зямля, дрыжаць нябёсы, цямнеюць сонца і месяц і зоркі губляюць свой бляск.
Перад імі судрыгнецца зямля, захістаецца неба, сонца і месяц пацямнеюць, а зоркі згубяць сваё сьвятло.
І Госпад падае Свой голас перад абліччам войска Свайго, бо надзвычай вялікі лагер Яго, бо ён магутны ў выкананні волі Яго; бо вялікі ёсць дзень Госпадаў і вельмі страшны. Хто вытрымае яго?!
І Госпад дасьць пачуць голас Свой перад войскам Сваім, бо вельмі шматлікае ваеннае сузграмаджэньне Яго і магутны выканаўца слова Ягонага; бо вялікі дзень Госпадавы і вельмі страшны, — хто вытрывае яго?
«Дык цяпер, — кажа Госпад, — павярніцеся да Мяне ўсім сэрцам вашым праз пост, і плач, і бедаванне.
Таму цяпер яшчэ кажа Госпад: навярнецеся да Мяне ўсім сэрцам сваім у посьце, плачу і жалю.
І раздзірайце сэрцы вашы, а не вопратку вашу, і павярніцеся да Госпада, Бога вашага, бо Ён ласкавы і міласэрны, цярплівы і шматлітасцівы, і спагадны ў нядолі».
Разьдзірайце серцы вашыя а ня вопраткі вашыя, і навярнецеся да Госпада Бога вашага; бо Ён добры і міласэрны доўгацерпялівы і многаміласьцівы, і шкадуе пакараньня.
Хто ведае, ці не адумаецца Ён, і ці не даруе, і ці не пакіне па Сабе дабраславенне — ахвяры хлебныя і вадкія Госпаду, Богу вашаму?
Хто ведае, ці ня зьлітуецца Ён іці не пакіне па Сабе багаслаўленьня, хлебныя і ліўныя ахвяры Госпаду Богу вашаму?
Трубіце ў трубу на Сіёне, прызначце пост, склічце сход.
Затрубеце трубою на Сыоне, вызначце пост і апавясьцеце ўрачыстае зграмаджэньне.
Збярыце народ, абвясціце святы сход, запрасіце старых, збярыце дзяцей і немаўлят; хай выйдзе жаніх са святліцы сваёй і нявеста з пакоя свайго.
Зьбярэце народ, сьвяткуйце зграмаджэньне, запрасеце старшыняў, зьбярэце юнакоў і грудных дзяцей; няхай выйдзе жаніх із хораму свайго і маладая із сьвятліцы свае.
Паміж прысенкамі і ахвярнікам хай плачуць святары, паслугачы Госпадавы, ды хай кажуць: «Пашкадуй, Госпадзе, народ Свой, і не давай спадчыны Сваёй на здзекі, каб не панавалі над імі пагане. Нашто ж, каб казалі між народамі: “Дзе ж Бог іх?”»
Няхай паміж прытворам і ахвярнікам сьвятары, слугі Госпада, плачуць і кажуць: пашкадуй, Госпадзе, народ Твой, не пакідай спадчыны Твае на зьдзек, каб не панавалі над ім народы! Чаму маюць гаварыць паміж народамі: дзе Бог іх?
І ўзгарэўся Госпад рупліва любоўю апекі да зямлі Сваёй, і пашкадаваў Ён народ Свой.
І тады раззайздросьціцца Госпад на зямлю Сваю, і зьлітуецца над народам Сваім.
І адказаў Госпад, і сказаў народу Свайму: «Вось, Я пашлю вам збожжа, і віно, і алей, і будзеце вы насычаны імі; і не аддам вас больш на здзек паганам,
І адзавецца Госпад і скажа народу Свайму: вось, Я пашлю вам хлеб і віно, і алей, і будзеце сыціцца імі, і болей ня дам вас на зьдзек народам.
і таго, што з поўначы, Я аддалю ад вас далёка, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю дружыну яго — да ўсходняга мора, а заднюю — да мора заходняга». І падымецца ад іх смурод, і застанецца гнілізна па іх, бо ўчыніў Ён вялікае.
А таго, што прыйдзе з поўначы аддалю ад вае і выганю ў зямлю бязводную і пустую, пярэдняе крыло яго — у мора ўсходняе а, тыльнае — у мора заходняе, і разыйдзецца ад яго смурод і ўздымецца ад яго ванючасць, за тое, што ён шмат спрычыніў гора.
Не бойся, зямля! Радуйся і весяліся, бо вялікае ўчыніў Госпад.
Ня бойся-ж ты, зямля: цешся і весяліся, бо Госпад вялікі, каб даканаць гэта.
Не бойцеся, звяры палявыя, бо зазелянелі пашы ў пустыні, бо дрэва прынесла плады свае, дрэва фігавае і вінаград далі плён свой.
Ня бойся, скаціна, бо пасьвішчы пустыні ізноў зазелянеюцца травою, дрэва прынясе плод свой, фігавае дрэва і вінаградная лаза пакажуць сваю сілу.
І вы, сыны Сіёна, радуйцеся і цешцеся ў Госпадзе, Богу вашым, бо Ён даў вам паводле справядлівасці дождж і ўчыніў, каб праліўся на вас дождж ранні і дождж позні, як і раней.
І вы, дзеці Сыона, радуйцеся і весяліцеся ў Госпадзе Богу вашым, бо Ён дасьць вам дождж у меру і будзе пасылаць вам дождж, дождж раньні і позны, як перад гэтым.
І такі вашы будуць запоўнены збожжам, а тоўчні перапоўняцца вінаградным сокам і алеем.
І напоўняцца гумны збожжам і перапоўняцца пасудзіны вінаградным сокам і алеем.
«І Я ўзнагароджу вас за тыя гады, у якія нішчыла вас саранча, вусені, чэрві і жукі — вялікае войска Маё, якое Я паслаў на вас.
І ўзнагароджу вас за тыя гады, якія пажыралі саранча, чэрві, жукі і гусеньніца — вялікае войска Маё, якое Я наслаў на вас.
І тады будзеце есці, спажываючы, і наясцеся, і будзеце хваліць імя Госпада, Бога вашага, Які ўчыніў з вамі дзіўныя рэчы, і народ Мой не будзе асаромлены.
І будзімеце есьці да сыта, а спажываючы, будзеце славіць імя Госпада Бога вашага, Які гэтак дзіўна ўчыніў з вамі, і не дазнае сораму народ ніколі болей.
І будзеце ведаць вы, што Я ёсць сярод Ізраэля, і што Я — Госпад, Бог ваш, і няма іншага; і народ Мой не будзе больш асаромлены на векі.
І пазнаеце, што Я — сярод Ізраіля, і Я — Госпад Бог ваш, і нямашака іншага, і Мой народ не дазнаціме сораму навекі.
А пасля гэтага будзе: вылью Я Духа Майго на кожнае цела, і будуць праракаваць сыны вашы і дочкі вашы, і старыя вашы будуць бачыць сны, і юнакі вашы будуць бачыць з’явы.
І будзе пасьля таго, выльлю Духа Майго на кажнае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; старшым вашым сны будуць сьніцца, і юнакі вашыя будуць бачыць зьявы.
Ды нават на слуг Маіх і на служанак вылью ў тыя дні ад Духа Майго.
Гэтаксама на рабоў і на рабынь у тыя дні выльлю Духа Майго.
І дам цуды на небе ды знакі на зямлі: кроў, і агонь, і слупы дыму.
І дам цуды на небе і на зямлі: кроў і агонь і слупы дыму.
Сонца зменіцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і страшны.
Сонца абернецца ў цемру і месяц — у кроў, перш, чымся прыйдзе дзень Госпадавы, вялікі і страшны.
І будзе: кожны, хто прызаве імя Госпада, будзе збаўлены, бо на гары Сіён і ў Ерузаліме будзе збаўленне, як сказаў Госпад, і сярод ухаваных — тыя, якіх Госпад паклікаў.
І будзе; што кажны, хто прызываціме імя Госпада, спасецца; бо на гары Сыоне і ў Ерузаліме будзе збаўленьне, як сказаў Госпад, і ў тых, што астануцца, якіх Госпад пакліча.