1 да Карынфянаў 13 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, то я — медзь, што звініць, або цымбалы, што гудзяць.
Калі я гавару мовамі чалавечымі і (нават) ангельскімі, але ня маю любові, то я стаўся (як) медзь зьвінячая, альбо кімбал, які бразгае.
І калі я маю дар праракавання ды зведаў усе таямніцы і ўсякія веды, і маю ўсю веру, што і горы пераносіць, але любові не маю, — я нішто.
І калі маю прароцтва і ведаю ўсе тайны і (маю) усякае веданьне, і калі маю ўсю веру, так каб горы перастаўляць, а любові ня маю, (то) я — нішто.
І калі б раздаў на бедных усю сваю маёмасць і цела сваё аддаў на спаленне, але любові не меў бы — ніякай мне з гэтага карысці.
І калі я раздам усе маёмасьці мае, і калі аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, то няма мне ніякай карысьці.
Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, не бывае ганарыстай, не надзімаецца,
Любоў церпіць доўга, (любоў) — міласэрная, любоў ня зайздросьціць, любоў ня вывышшаецца, ня хванабэрыцца,
не амбітная, не шукае таго, што сваё, не злуецца, не думае благога,
ня буяніць, ня шукае свайго, ня раздражняецца, ня заду́мвае ліха,
не цешыцца з несправядлівасці, але радуецца праўдзе,
ня радуецца няправеднасьці, а радуецца разам з праўдай,
усё пераносіць, ва ўсё верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.
усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.
Любоў ніколі не знікае. А вось, прароцтвы знікнуць, і мовы змоўкнуць, і веды занепадуць.
Любоў ніколі ня зьнікае, нават калі прароцтвы спыняцца, калі мовы змоўкнуць, калі веданьне шчэзьне,
Бо мы часткова пазнаём і часткова праракуем.
бо часткова ведаем і часткова прарочым;
Калі ж надыдзе дасканалае, тады знікне тое, што частковае.
калі ж прыйдзе дасканалае, то тады, што частковае, шчэзьне.
Калі я быў дзіцём, гаварыў па-дзіцячаму, разумеў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, а як стаў мужам, пазбыўся таго, што дзіцячае.
Калі я быў дзіцём, (то) гаварыў як дзіцё, думаў як дзіцё, разважаў як дзіцё, а калі (я) стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае.
Цяпер мы бачым быццам праз мутнае шкло, не выразна, а тады тварам у твар. Цяпер пазнаю часткова, а тады пазнаю так, як я сам пазнаны.
Бо цяпер мы бачым у алегорыі, як праз люстэрка, а тады (убачым) яўна; цяпер я ведаю часткова, а тады пазна́ю, як і я пазна́ны.
Дык цяпер трываюць гэтыя тры: вера, надзея і любоў; але большая з іх — любоў.
Цяпер жа прабываюць (у нас) гэтыя тры: вера, надзея, любоў; а любоў зь іх — большая.