1 да Карынфянаў 16 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Адносна складак, што збіраюцца дзеля святых, дык і вы рабіце, як я загадаў цэрквам у Галатыі.
 
А што тычыць скла́дкі ахвяраваньняў для сьвятых, дык і вы паступайце так, як я пастанавіў цэрквам Галятыі.

Хай у першы дзень тыдня кожны з вас адкладзе ў сябе, зберагаючы, тое, што яму даспадобы, каб не рабіліся зборы тады, як я прыбуду.
 
У першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладвае ў сябе, зьберагаючы тое, што можа, каб, калі я прыйду, дык тады ўжо ня рабіць складчыну ахвяраваньняў.

Калі ж я з’яўлюся, дык тых, якіх прызнаеце вы за дастойных, пашлю з лістамі перадаць дар ваш у Ерузалім,
 
А як прыйду, дык тых, каго вы выбераце, я пашлю зь пісьмамі аднесьці ваш дар у Ярузалім;

а калі б аказалася патрэбным і мне пайсці, дык яны пойдуць разам са мною.
 
а калі будзе прыстойна і мне пайсьці, дык пойдуць разам са мною.

Я прыйду да вас, калі буду ісці праз Мацэдонію, бо праз Мацэдонію буду ісці.
 
А прыйду да вас, калі прайду праз Македонію, — бо праходжу Македонію.

У вас, магчыма, застануся або нават перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.
 
У вас жа, магчыма, пажыву, або нават перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.

Не хачу вас толькі мімаходам пабачыць. Але маю надзею, што нейкі час пабуду ў вас, калі Госпад дазволіць.
 
Бо я ня хачу цяпер убачыць вас мімаходам, але спадзяюся нейкі час застацца з вамі, калі Госпад дазволіць.

А ў Эфесе прабуду да Пяцідзесятніцы,
 
А ў Эхвесе прабуду аж да Пяцідзясятніцы,

бо там адкрылася мне вялікая і надзейная брама, але многа супраціўнікаў.
 
бо перада мною адчынены дзьверы шырокія і з напружанай працай, але і праціўнікаў шмат.

Калі ж прыйдзе Цімафей, дык глядзіце, каб быў без страху ў вас, бо ён робіць справу Госпада, як і я.
 
Калі ж прыйдзе Цімахвей, глядзіце, каб ён быў у вас у бясьпечнасьці, таму што ён робіць справу Госпада, як і я.

Дык хай ніхто не пагарджае ім. Прывядзіце яго ў супакоі, каб прыйшоў да мяне, бо чакаю яго разам з братамі.
 
Пагэтаму ніхто да яго ня мусіць паставіцца абыякава; але правядзіце яго ў міры, каб ён прыйшоў да мяне, таму што я разам з братамі чакаю яго.

Што да брата Апалоса, дужа прасіў я яго, каб прыбыў да вас з братамі, ды ён не меў цяпер ахвоты прыйсці, але прыйдзе, калі будзе мець магчымасць.
 
Што тычыць брата Апальлёса, я вельмі прасіў яго, каб ён прыйшоў да вас з братамі; але ў яго ня было ніякага жаданьня прыйсьці цяпер; але прыйдзе, калі будзе мець магчымасьць.

Чувайце, будзьце стойкімі ў веры, трымайцеся мужна, будзьце дужымі.
 
Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, цьвёрдымі.

Хай усё ў вас дзеецца ў любові.
 
Хай у вас усё робіцца з любоўю.

Прашу вас, браты, — вы ведаеце сям’ю Сцяпанаву, што яны ёсць першакамі ў Ахаі і пасвяціліся на паслугу святым, —
 
Прашу ж вас, браты, — вы ведаеце дом Сьцяпана, што ён ёсьць пачатак Ахайі, і што яны прысьвяцілі сябе на служэньне сьвятым, —

каб вы былі паслухмяныя такім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе.
 
каб і вы былі пакорнымі гэтакім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе.

Цешуся ж прысутнасцю Сцяпана, Фартуната і Ахаіка, бо замянілі мне яны вашу адсутнасць,
 
Я рады ад прыходу Сьцяпана і Хвартуната, і Ахаіка, таму што яны папоўнілі вашу адсутнасьць:

бо падбадзёрылі яны мой і ваш дух. Дык шануйце такіх.
 
бо яны супакоілі мой і ваш дух. Дык паважайце гэтакіх.

Вітаюць вас цэрквы Азіі. Шчыра вітаюць вас у Госпадзе Аквіла і Прыска разам з царквою, што ў іх доме.
 
Прывітаюць вас цэрквы Азіі. Шчыра вітаюць вас Акіла і Прыскілла разам з царквою, якая ў іх доме.

Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам.
 
Прывітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін воднага сьвятым пацалункам.

Прывітанне маёю рукою, Паўлавай.
 
Прывітаньне маёй рукою, Паўлавай.

Калі хто не любіць Госпада Ісуса Хрыста, анатэма! Марана та!
 
Калі хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе ана́тэма. Маран ата!

Ласка Госпада Ісуса Хрыста з вамі.
 
Багадаць Госпада Ісуса Хрыста з вамі;

Любоў мая з усімі вамі ў Хрысце Ісусе. Амін.
 
Любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амін.