Біблія Скарыны (Бразгуноў) 11

Біблія Францыска Скарыны (Бразгуноў)
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І Галафэрн сказаў ёй: «Будзь адважнай, жанчына, і не трывож сэрца свайго, я бо ніколі не скрыўдзіў чалавека, які рашыўся служыць Набукаданосару, цару ўсёй зямлі.
 

І зараз, калі б народ твой, што жыве ў гарах, не пагардзіў мною, не падняў бы я дзіды сваёй супраць іх, але гэта нарабілі яны самі сабе.
 

Ды цяпер скажы мне: “З якой прычыны пакінула ты іх ды прыбыла да нас?” Бо прыбыла ты, каб выратавацца. Будзь мужнай, будзеш жыць у гэтую ноч і далей.
 

Няма бо нікога, хто б цябе пакрыўдзіў, і я зраблю табе добра, як робіцца паслугачам гаспадара майго».
 

І сказала яму Юдыт: «Прымі словы паслугачкі сваёй, і будзе гаварыць паслугачка твая перад табою, і не салгу гаспадару майму ў гэтую ноч.
 

І, калі паслухаеш словы тваёй паслугачкі — выканаеш сваімі рукамі ўсё, што Бог зробіць праз цябе, і, гаспадару мой, не падманешся ў сваіх намерах, як доўга будзеш жыць.
 

Хай бо жыве Набукаданосар, і хай жыве войска яго; цар усёй зямлі, які паслаў цябе, каб узвесці на простую дарогу ўсякую душу жывую, бо дзякуючы табе не толькі людзі служаць яму, але таксама звяры палявыя, і жывёла, ды птушкі ў паветры, і дзеля тваёй моцы жыць будуць для Набукаданосара і ўсяго яго дома.
 

Пачулі мы бо пра мудрасць тваю і пра вынаходлівасць душы тваёй, і аб’яўлена па ўсёй зямлі, што толькі ты адзін добры ва ўсім царстве і здольны да разважлівасці ў вядзенні вайны.
 

І зараз што да прамовы, гаспадару мой, якую сказаў Ахіёр на нарадзе тваёй, дык ведаем яго словы, бо людзі з Бэтуліі захавалі яго жывым і ён усё ім расказаў, што гаварыў ён перад табою.
 

Дзеля таго, валадару гаспадару, не зважай на яго словы, але пакладзі ў сэрца сваё, бо яно праўдзівае. Бо не спадзе помста на народ наш, ані меч не пераможа іх, калі не зграшаць яны перад Богам сваім.
 

І цяпер, каб гаспадар мой не быў адкінуты, нічога не здзейсніўшы, смерць упадзе на іх аблічча, і ахопіць іх грэх вялікі, у якім увядуць яны ў гнеў Бога свайго; і як зробяць яны гэта — будуць табе на знішчэнне.
 

Бо калі не хапіла ім харчоў і не стала ім вады, рашылі кінуцца на жывёлу сваю ды задумалі есці ўсё, што ім Бог законамі Сваімі забараніў есці.
 

Рашылі есці і пяршыні збожжа, і дзесяціны віна і аліўкавага алею, якія, асвячоныя, захавалі для святароў, што адбываюць службу перад абліччам Бога нашага ў Ерузаліме, да тых рэчаў нікому з народа нельга дакранацца.
 

І паслалі пасланцоў у Ерузалім, — бо і там пражываючыя рабілі тое самае, — каб ім быў прынесены дазвол ад старэйшын.
 

І станецца гэта: як толькі ім аб гэтым паведамяць і яны будуць рабіць так, то ў той самы дзень будуць выдадзены табе на пагібель.
 

Дзеля таго я, паслугачка твая, калі даведалася пра ўсё гэта, уцякла ад іх, і Бог паслаў мяне, каб разам з табой даканала справу, што задзівіцца ўся зямля, кожны, хто пра гэта пачуе.
 

Бо паслугачка твая славіць Бога ды служыць Богу нябеснаму днём і ноччу. Ды цяпер застануся ў цябе, гаспадару мой, і ноччу нявольніца твая выйдзе ў даліну маліцца да Бога, і Ён мне падкажа, калі яны дапусцяцца грахоў іх.
 

І, як вярнуся, паведамлю гэта табе, і выйдзеш з усім войскам сваім, і не будзе каму табе працівіцца.
 

І я правяду цябе праз Юдэю, пакуль не дайду да Ерузаліма і пастаўлю пасад твой сярод іх, і ты павядзеш іх, як авечак, якія не маюць пастуха. І не завурчыць сабака пашчаю сваёю супраць цябе, бо гэта мне сказана, згодна з прадбачаннем маім абвешчана гэта мне, і я паслана паведаміць табе».
 

І спадабаліся яе словы Галафэрну ды ўсім яго паслугачам, і задзівіліся яны яе прыгажосці і мудрасці, і казалі:
 

«Няма такой жанчыны ад канца аж да канца зямлі, што да прыгажосці аблічча ды разумнай мовы».
 

І сказаў Галафэрн да яе: «Добра зрабіў Бог, пасылаючы цябе перад сынамі твайго народа, каб у руках нашых была сіла, а тым, што пагардзілі гаспадаром маім, — пагібель.
 

І зараз прыгожая ты на выгляд і добрая ў словах сваіх. Калі бо ты сапраўды зробіш, што сказала, то твой Бог будзе маім Богам, і ты будзеш жыць у Набукаданосара цара ды будзеш слаўнаю на ўсёй зямлі».