Біблія Скарыны (Бразгуноў) 16
Біблія Францыска Скарыны (Бразгуноў)
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
І сказала Юдыт: «Пачніце граць Богу майму на тымпанах, спявайце Госпаду майму пад цымбалы, спявайце Яму новы псальм, узвышайце і праслаўляйце імя Яго.
Ты — Бог, Які вырашае войны, Які ставіць лагер пасярод народа Свайго, каб вырваць мяне з рук тых, хто пераследуе мяне.
Прыйшоў Асур з гор, з поўначы, прыйшоў з тысячамі ваяроў сваіх, мноства якіх заняло ручаі, і конніца іх пакрыла ўзгоркі.
І сказаў ён, што спаліць мае землі, і заб’е мечам маіх юнакоў, і кормячых маці маіх аддасць зямлі, і немаўлят маіх аддасць на разарванне, і дзяўчат — на распрананне.
Госпад Усемагутны пагрэбаваў імі і пасарамаціў іх рукою жанчыны!
Бо загінуў уладар іх не ад юнакоў, ані сыны тытанаў паразілі яго, ані высокія гіганты скінулі яго, але Юдыт, дачка Мерары, відам аблічча свайго аслабіла яго.
Бо зняла яна з сябе адзенне ўдаўства свайго дзеля ўзвышэння пакутнікаў у Ізраэлі. Памазала яна аблічча сваё маззю,
і сабрала валасы свае ў мітру, і апранулася ў столу льняную дзеля таго, каб спакусіць яго.
Сандаля яе захапіла вока яго, і прыгажосць яе ўзяла ў палон душу яго, і прайшоў меч карак яго.
Спалохаліся персы з-за адвагі яе, і ўсхваляваліся мідыйцы з-за стойкасці яе.
Тады закрычалі ўпакораныя мае, і кволыя загаманілі, і спужаліся яны, у вышыню ўзнялі яны голас свой і кінуліся прэч.
Сыны маладых жанчын праколвалі іх і ранілі іх, тых, хто добраахвотна аддаўся; загінулі яны ад бітвы Госпада майго.
Буду спяваць я Богу майму новы гімн: Госпадзе, Ты — вялікі і слаўны, дзіўны моцаю і непераможны.
Табе служыць кожнае стварэнне тваё, бо Ты сказаў — і сталася, Ты паслаў Духа Свайго — і ўсталявалася, і няма нікога, хто б супрацівіўся голасу Твайму.
Бо горы з водамі зрушацца з падмуркаў, а скалы перад абліччам Тваім расплавяцца, нібыта воск. А да тых, хто баіцца Цябе, будзеш ласкавы.
Бо малая ўсякая ахвяра дзеля водару прыемнага і надта малы ўсякі тлушч на цэласпаленне Табе. А хто баіцца Госпада, той у Яго заўсёды вялікі.
Гора народам, што паўстаюць на род мой! Госпад Усемагутны адпомсціць ім, у дзень суда пакарае іх, каб даць агонь чарвякам у целах іх і спаліць іх, каб вечна адчувалі яны гэта».
Калі ж прыйшлі яны ў Ерузалім, пакланіліся яны Богу; і, пасля таго як ачысціўся народ, прынеслі яны цэласпаленне Госпаду, і добраахвотнае сваё, і дарункі.
І прынесла Юдыт усе пасудзіны Галафэрна, якія даў ёй народ, і завесу, якую ўзяла са спальні яго, і аддала на пасвячэнне Госпаду.
І народ у Ерузаліме радаваўся перад абліччам святынь тры месяцы, і Юдыт заставалася з імі.
А па гэтых днях кожны вярнуўся ў спадчыну сваю, і Юдыт пайшла ў Бэтулію, і засталася ў сваім уладанні. І стала яна слаўнаю ў свой час ва ўсёй зямлі,
і многія жадалі яе, і не пазнаў яе мужчына ва ўсе дні жыцця яе з таго дня, як памёр Манаса, муж яе, і далучыўся да народа свайго.
І з часам стала яна вельмі значнай, і дажыла ў доме мужа свайго Манасы да ста пяці гадоў, і зрабіла паслугачку сваю вольнаю, і памерла ў Бэтуліі, і пахавалі яе ў пячоры.
І аплакваў яе Ізраэль сем дзён. І раздзяліла яна маёмасць сваю перад смерцю для ўсіх блізкіх мужа свайго Манасы і блізкіх роду свайго.
І ўжо не было нікога, хто б палохаў сыноў Ізраэля ў дні Юдыт і многія дні пасля смерці яе.