Да Рымлянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

У чым жа перавага юдэяў? Або якая карысць з абразання?
 

Вялікая ва ўсіх адносінах. Перш таму, што ім даверана слова Божае.
 

Што з таго, што некаторыя не паверылі? Ці ж іх нявер’е знішчыць вернасць Бога?
 

Ніякім чынам! Бо Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Ты справядлівы ў прысудзе Тваім і пераможаш на судзе Тваім».
 

Калі ж наша несправядлівасць падкрэслівае Божую справядлівасць, дык што мы скажам? Ці Бог несправядлівы, калі выяўляе гнеў? — Кажу па-чалавечы.
 

Ніякім чынам! Бо як жа тады Бог будзе судзіць свет?
 

Бо калі праз маю хлусню праўда Божая тым больш выяўляецца на славу Яго, дык якім чынам я маю быць суджаны як грэшнік?
 

І ці не так нас ачарняюць, ці не так гавораць, што мы кажам: «Будзем чыніць зло, каб выйшла дабро». Справядлівая кара такіх чакае.
 

Дык што? Ці мы маем перавагу? Аніякай! Ужо раней мы даказалі, што і юдэі, і грэкі — усе пад грахом,
 

як напісана: «Нікога няма справядлівага,
 

ніхто не разумее, ніхто не шукае Бога.
 

Усе збочылі, усе разам сталіся нягоднымі. Няма, хто б чыніў дабро, няма аніводнага.
 

Горла іх — магіла адкрытая, языкамі сваімі падманваюць, у вуснах іх — яд змяіны,
 

вусны іх поўныя праклёнаў і горычы,
 

ногі іх скорыя да праліцця крыві,
 

знішчэнне ды няшчасце на іх шляхах,
 

яны не спазналі шляху супакою.
 

Няма страху Божага перад вачамі іх».
 

А мы ведаем, што ўсё, што гаворыць закон, гаворыць да тых, што пры законе, каб замкнуць любыя вусны ды каб увесь свет прызнаў сябе вінаватым перад Богам;
 

бо ўчынкамі закону не апраўдаецца аніякае цела перад Ім; бо праз закон пазнаецца грэх.
 

Але цяпер выявілася справядлівасць Божая незалежна ад закону, аб якой сведчаць закон і прарокі,
 

справядлівасць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх, што вераць. Бо няма розніцы,
 

таму што ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,
 

апраўданы ж дарма праз ласку Яго, праз адкупленне, якое ў Ісусе Хрысце;
 

Яго прапанаваў Бог перамольнай ахвярай праз веру ў Кроў Яго для выяўлення справядлівасці Сваёй, бо не стаў зважаць на папярэднія злачынствы,
 

у цярплівасці Божай: для выяўлення справядлівасці Яго ў гэты час, каб Ён Сам стаўся справядлівым і апраўдваючым таго, хто веруе ў Ісуса.
 

Дзе ж тады падстава для хвальбы? Адкідаецца! Якім законам? Ці [законам] учынкаў? Не, але законам веры.
 

Бо мы мяркуем, што чалавек атрымлівае апраўданне праз веру, незалежна ад учынкаў закону.
 

Ці ж Бог толькі юдэяў? Ці не паганаў таксама? Вядома, і паганаў,
 

адзін бо ёсць Бог, Які апраўдвае і абрэзанага з веры, і неабрэзанага — праз веру.
 

Дык ці праз веру касуем закон? Ніякім чынам! Але закон сцвярджаем.