Яна 16 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча
Гэта Я сказаў вам, каб вы не горшыліся.
Выключаць вас з сінагог; нават надыходзіць гадзіна, што кожны, хто забівае вас, будзе думаць, што паслугу Богу робіць.
А ўчыняць гэта вам, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.
Але гэта сказаў Я вам, каб, калі надыдзе іх гадзіна, успомнілі пра тое, што Я вам сказаў. Не сказаў Я вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.
А цяпер іду да Таго, Хто Мяне паслаў, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?”
Але, калі б Я вам сказаў гэта, смутак напоўніў бы ваша сэрца.
Але Я вам кажу праўду: “Лепей для вас, каб Я пайшоў, бо, калі не адыду, Суцяшальнік не прыйдзе да вас; а калі адыду, пашлю Яго да вас.
І, калі Ён прыйдзе, выкрые свет аб граху, аб справядлівасці і аб судзе:
у граху, што не вераць у Мяне,
у справядлівасці, што іду да Айца Майго, ды ўжо Мяне не ўбачыце,
і ў судзе, што князь гэтага свету асуджаны.
Многа яшчэ маю вам сказаць, але цяпер не можаце несці.
Але калі прыйдзе Ён, Дух праўды, то навучыць вас усякай праўдзе; бо не ад Сябе гаварыць будзе, але, што толькі пачуе, тое скажа, ды, што мае быць, вам аб’явіць.
Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесціць.
Усё, што мае Айцец, Маё. Таму сказаў вам, што з Майго возьме і вам абвесціць.
Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне, бо Я іду да Айца”».
Дык некаторыя з вучняў гаварылі між сабой: «Што гэта значыць, што Ён нам кажа: “Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне”, і “Я іду да Айца”»?
І казалі: «Што значыць, што кажа: “Яшчэ крыху”? Не ведаем, што гаворыць».
Зразумеў Ісус, што хочуць пытацца Яго, дык сказаў ім: «Пытаецеся адзін аднаго пра тое, што Я сказаў: “Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне”?
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе весяліцца; вы сумаваць будзеце, але смутак ваш заменіцца ў радасць.
Жанчына, калі нараджае, тужыць, бо надыходзіць яе гадзіна, а калі дзіця народзіць, ужо не памятае сваіх пакут з радасці, што чалавек на свет нарадзіўся.
Так і вы, цяпер тужыце; але Я вас зноў убачу, і будзе радавацца сэрца ваша, і радасці вашай ніхто ўжо не адбярэ ад вас.
І ў той дзень ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пра што будзеце прасіць Айца ў імя Маё, дасць вам.
Дасюль нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць ваша была поўнай.
Гэта ўсё расказваў вам у прыпавесцях; але прыходзіць гадзіна, што ўжо не ў прыпавесцях расказваць буду вам, але яўна абвяшчу вам пра Айца.
У той дзень у імя Маё прасіць будзеце, і не кажу Я вам, што Я буду прасіць Айца за вас;
бо Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі ды ўверылі, што Я ад Бога выйшаў.
Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет, і зноў пакідаю свет і іду да Айца».
Кажуць Яму вучні Яго: «Вось, цяпер адкрыта гаворыш ды ніякай прыпавесці не расказваеш.
Цяпер мы ведаем, што ўсё ведаеш і не трэба Табе, каб хто ў Цябе пытаўся; дзеля таго верым, што Ты ад Бога выйшаў».
Адказаў ім Ісус: «Цяпер верыце?
Вось жа, надыходзіць гадзіна, і ўжо надышла, калі расцярушыцеся кожны ў свой [бок], а Мяне аднаго пакінеце; але Я не адзін, бо Айцец са Мной.
Гэта Я вам сказаў, каб вы мелі супакой ува Мне; у свеце будзеце мець прыгнёт, але будзьце пэўныя: Я перамог свет».