Яна 16 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Гэта Я сказаў вам, каб вы не горшыліся.
 
«Гэта сказаў Я вам, каб вас не спадманулі.

Выключаць вас з сінагог; нават надыходзіць гадзіна, што кожны, хто забівае вас, будзе думаць, што паслугу Богу робіць.
 
Будуць вылучаць вас із бажніцаў; але, прыходзе гадзіна, што кажны, хто заб’ець вас, будзе думаць, што ён абракае службу Богу.

А ўчыняць гэта вам, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.
 
І гэта яны будуць рабіць, бо не пазналі Айца ані Мяне.

Але гэта сказаў Я вам, каб, калі надыдзе іх гадзіна, успомнілі пра тое, што Я вам сказаў. Не сказаў Я вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.
 
«Але гэта Я сказаў вам, каб, як прыйдзе тый час, вы памятавалі гэта, што Я сказаў вам; а не сказаў вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.

А цяпер іду да Таго, Хто Мяне паслаў, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?”
 
А цяпер іду да Тога, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: "Куды йдзеш?"

Але, калі б Я вам сказаў гэта, смутак напоўніў бы ваша сэрца.
 
Але ад тога, што Я гэта выказаў вам, смутак напоўніў сэрца вашае.

Але Я вам кажу праўду: “Лепей для вас, каб Я пайшоў, бо, калі не адыду, Суцяшальнік не прыйдзе да вас; а калі адыду, пашлю Яго да вас.
 
«Але Я праўду кажу вам: карысна вам, каб Я адышоў; бо, калі Я не адыйду, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас; калі ж пайду, пашлю Яго да вас.

І, калі Ён прыйдзе, выкрые свет аб граху, аб справядлівасці і аб судзе:
 
І, прышоўшы, Ён згане сьвет узглядам грэху а справядлівасьці а суду:

у граху, што не вераць у Мяне,
 
Узглядам грэху, бо ня вераць у Мяне;

у справядлівасці, што іду да Айца Майго, ды ўжо Мяне не ўбачыце,
 
Узглядам справядлівасьці, бо Я йду да Айца, і ўжо ня будзеце бачыць Мяне;

і ў судзе, што князь гэтага свету асуджаны.
 
Узглядам суду, бо князь гэтага сьвету засуджаны.

Многа яшчэ маю вам сказаць, але цяпер не можаце несці.
 
«Яшчэ казаць вам маю шмат, але вы ня здолееце перанесьці гэтага цяпер.

Але калі прыйдзе Ён, Дух праўды, то навучыць вас усякай праўдзе; бо не ад Сябе гаварыць будзе, але, што толькі пачуе, тое скажа, ды, што мае быць, вам аб’явіць.
 
А як прыйдзе Ён, Дух праўды, увядзець вас да ўсяе праўды, бо Ён ня будзе гукаць ад Сябе, але будзе казаць тое, што будзе чуць, і йдучае абясьціць вам.

Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесціць.
 
Ён Мяне ўславе, бо з Майго возьме й абясьціць вам.

Усё, што мае Айцец, Маё. Таму сказаў вам, што з Майго возьме і вам абвесціць.
 
Усе, што Айцец мае, ё Мае; затым Я й сказаў, што Ён із Майго возьме й абясьціць вам.

Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне, бо Я іду да Айца”».
 
Часіна, і вы ня будзеце бачыць Мяне; і ўзноў часіна, і вы абачыце Мяне, бо Я йду да Айца».

Дык некаторыя з вучняў гаварылі між сабой: «Што гэта значыць, што Ён нам кажа: “Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне”, і “Я іду да Айца”»?
 
І некатрыя з вучанікаў гукалі адзін аднаму: «Што гэта Ён кажа нам: "Часіна, і вы ня будзеце бачыць Мяне; і ўзноў часіна, і вы абачыце Мяне, бо Я йду да Айца"?»

І казалі: «Што значыць, што кажа: “Яшчэ крыху”? Не ведаем, што гаворыць».
 
Дык яны гукалі: «Што гэта такое Ён кажа : "Часіна"? Ня ведаем, што Ён кажа».

Зразумеў Ісус, што хочуць пытацца Яго, дык сказаў ім: «Пытаецеся адзін аднаго пра тое, што Я сказаў: “Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне”?
 
І пазнаў Ісус, што зычылі ў Яго пытацца, і сказаў ім: «Ці праз тое вы разважаеце адзін із адным, што Я сказаў: "Часіна, і вы ня будзеце бачыць Мяне; і ўзноў часіна, і вы абачыце Мяне"?

Сапраўды, сапраўды кажу вам, што вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе весяліцца; вы сумаваць будзеце, але смутак ваш заменіцца ў радасць.
 
Запраўды, запраўды кажу вам: вы будзеце плакаць а галасіць, але сьвет будзе цешыцца; вы будзеце зьнемарашчаны, але немарасьць ваша абернецца ў радасьць.

Жанчына, калі нараджае, тужыць, бо надыходзіць яе гадзіна, а калі дзіця народзіць, ужо не памятае сваіх пакут з радасці, што чалавек на свет нарадзіўся.
 
Жонка, як родзе, мае немарасьць, бо гадзіна ейная прышла, але як народзе дзяцё, ужо ня памятуе атугі з радасьці, што людзіна на сьвет нарадзілася.

Так і вы, цяпер тужыце; але Я вас зноў убачу, і будзе радавацца сэрца ваша, і радасці вашай ніхто ўжо не адбярэ ад вас.
 
І вы цяпер маеце немарасьць; але Я ўзноў абачу вас, і ўсьцешыцца сэрца вашае, і радасьці вашае ніхто не адбярэць у вас.

І ў той дзень ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пра што будзеце прасіць Айца ў імя Маё, дасць вам.
 
І таго дня вы нічога не папытаецеся ў Мяне. Запраўды, запраўды кажу вам: калі чаго папросіце ў Вайца, дасьць вам у імя Мае.

Дасюль нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць ваша была поўнай.
 
Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Мае; прасіце й адзяржыце, каб радасьць ваша была поўная.

Гэта ўсё расказваў вам у прыпавесцях; але прыходзіць гадзіна, што ўжо не ў прыпавесцях расказваць буду вам, але яўна абвяшчу вам пра Айца.
 
Гэта Я атумекамі казаў вам; настаець гадзіна, што Я ўжо ня буду гукаць вам атумекамі, але выразьліва праз Айца абяшчу вам.

У той дзень у імя Маё прасіць будзеце, і не кажу Я вам, што Я буду прасіць Айца за вас;
 
Таго дня будзеце прасіць у імя Мае, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас;

бо Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі ды ўверылі, што Я ад Бога выйшаў.
 
Бо Айцец Сам любе вас, бо вы Мяне ўлюбілі і ўверылі, што Я ад Бога вышаў.

Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет, і зноў пакідаю свет і іду да Айца».
 
Вышаў ад Айца і прышоў на сьвет; ізноў пакідаю сьвет і йду да Айца».

Кажуць Яму вучні Яго: «Вось, цяпер адкрыта гаворыш ды ніякай прыпавесці не расказваеш.
 
Кажуць Яму вучанікі Ягоныя: «Вось, цяпер Ты выразьліва кажаш, і атумекамі ня гукаеш.

Цяпер мы ведаем, што ўсё ведаеш і не трэба Табе, каб хто ў Цябе пытаўся; дзеля таго верым, што Ты ад Бога выйшаў».
 
Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усе, і не патрабуеш, каб хто ў Цябе пытаўся. Затым верым, што Ты ад Бога вышаў».

Адказаў ім Ісус: «Цяпер верыце?
 
Адказаў ім Ісус: «Цяпер верыце?

Вось жа, надыходзіць гадзіна, і ўжо надышла, калі расцярушыцеся кожны ў свой [бок], а Мяне аднаго пакінеце; але Я не адзін, бо Айцец са Мной.
 
Вось, прыходзе гадзіна, і прышла, што вы расьцярушыцеся, кажны да сябе самога і Мяне пакінеце аднаго; але Я не адзін, бо Айцец із Імною.

Гэта Я вам сказаў, каб вы мелі супакой ува Мне; у свеце будзеце мець прыгнёт, але будзьце пэўныя: Я перамог свет».
 
Гэта сказаў Я вам, каб вы ў Імне супакой мелі. У сьвеце будзеце мець атугу, але будзьце адважныя: Я перамог сьвет».