2 да Цімафея 4 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша
Умольваю цябе перад Богам і Госпадам Хрыстом Ісусам, Які будзе судзіць жывых і памерлых, праз прыход Яго і Валадарства Яго:
абвяшчай слова, настойвай у час ці не ў час, дакарай, забараняй, малі з усёй цярплівасцю і навукай.
Бо надыдзе час, калі здаровай навукі не будуць прымаць, але па волі сваіх пажадлівасцей падбяруць сабе настаўнікаў, патураючых вушам,
і адвернуць слых ад праўды, а да баек прыхінуцца.
Ты ж пільнуйся ва ўсім, цярпі ў смутку, выконвай справу евангеліста, службу тваю спаўняй.
Я вось гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу настаў.
Змагаўся я ў добрым змаганні, бег закончыў, веру захаваў.
На заканчэнне рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які мне дасць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя, ды не толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Яго.
Паспяшайся прыйсці да мяне хутка,
бо Дэмас кінуў мяне, палюбіўшы гэты век, і пайшоў у Тэсалоніку, Крэсцэнс — у Галатыю, Ціт — у Далмацыю.
Адзін Лука са мною. Вазьмі Марка і прывядзі яго з сабой, бо ён патрэбны мне для службы.
Як будзеш ісці, вазьмі з сабою плашч, які пакінуў я ў Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергаміны.
Аляксандр, меднік, шмат учыніў мне ліха. Няхай аддасць яму Госпад паводле дзейнасці яго.
Яго і ты абмінай, бо ён вельмі працівіцца нашым словам.
Пры першай маёй абароне нікога не было пры мне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта не будзе ім палічана.
Госпад жа з’явіўся перада мною і ўмацаваў мяне, каб прапаведаванне праз мяне працягвалася і каб яго пачулі ўсе народы; і я пазбегнуў ільвінае пашчы.
І вызваліць мяне Госпад ад усякай ліхой справы, і захавае для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на векі вечныя. Амін.
Прывітай Прыску і Аквілу, і разам дом Анэсіфора.
Эраст застаўся ў Карынце, а Трафіма пакінуў я хворым у Мілеце.
Паспяшайся перад зімой прыйсці. Вітаюць цябе Эўбул, і Пудэнс, і Лін, і Клаўдзія, і ўсе браты.
Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амін.