Да Рымлянаў 14 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Слабога ў веры прымайце не дзеля спрэчак аб поглядах.
А таго, хто слабы ў веры, прыймайце не на спрэчкі пра погляды.
Бо хтосьці верыць, што можна есці ўсё, а слабы есць гародніну.
Бо нехта верыць, што [можна] есьці ўсё, а слабы есьць гародніну.
Хто есць, няхай не дакарае таго, хто не есць. І хто не есць, няхай не асуджае таго, хто есць, бо яго прыняў Бог.
Хто есьць, не пагарджай тым, хто ня есьць; і хто ня есьць, не судзі таго, хто есьць, бо Бог прыняў яго.
Хто ты, што судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром ён стаіць або падае. І будзе стаяць, бо мае Бог моц паставіць яго.
Хто ты такі, які судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром ён стаіць або падае, а будзе стаяць, бо Бог магутны паставіць яго.
Хтосьці адрознівае дзень ад дня, а для кагосьці кожны дзень аднолькавы. Няхай кожны застанецца пры сваім меркаванні.
Нехта су́дзіць [па-рознаму] дзень супраць дня, а нехта су́дзіць усякі дзень [аднолькава]. Кожны будзь пэўны ў сваім розуме.
Хто адрознівае дні, робіць гэта для Пана. І хто есць, для Пана есць, бо дзякуе Богу. І хто не есць, для Пана не есць ды дзякуе Богу.
Хто адрозьнівае дні, дзеля Госпада адрозьнівае; і хто не адрозьнівае дзён, дзеля Госпада не адрозьнівае. Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу. І хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць, і дзякуе Богу.
Ніхто з нас не жыве для сябе, і ніхто не памірае для сябе.
Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе, і ніхто не памірае дзеля сябе;
Бо калі жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем — для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану.
бо як, калі жывём, дзеля Госпада жывём, так і, калі паміраем, дзеля Госпада паміраем. Таму і калі жывём, і калі паміраем, мы — Госпадавы.
Бо дзеля гэтага Хрыстус і памёр, і ажыў, каб панаваць і над памерлымі, і над жывымі.
Бо Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрос, і жыве, каб валадарыць і над мёртвымі, і над жывымі.
А ты чаму асуджаеш свайго брата? І чаму пагарджаеш сваім братам? Усе мы станем перад судовым пасадам Бога.
А ты навошта судзіш брата твайго? Або навошта ты пагарджаеш бра́там тваім? Бо ўсе мы станем перад пасадам судовым Хрыста.
Бо напісана: «Паколькі Я жыву, — кажа Пан, — перада Мною схіліцца кожнае калена, і кожны язык будзе вызнаваць Бога».
Бо напісана: «Жыву Я, — кажа Госпад, — перада Мною схі́ліцца ўсякае калена, і ўсякі язык будзе вызнаваць Бога».
Так кожны з нас адкажа за сябе перад Богам.
Дык таму кожны з нас за сябе дасьць справаздачу Богу.
Не будзем жа больш судзіць адзін аднаго, але глядзіце лепш, каб не даваць брату прычыны для спатыкнення ці спакусы.
Дык ня будзем больш судзі́ць адзін аднаго, але судзі́це лепш пра тое, каб як не пакласьці перад бра́там спатыкненьня ці згаршэньня.
Я ведаю і перакананы ў Пану Езусе, што нішто само па сабе не з’яўляецца нячыстым, але становіцца нячыстым для таго, хто лічыць што-небудзь нячыстым.
Я ведаю і перакананы ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога нячыстага праз сябе; толькі таму, хто лі́чыць нешта нячыстым, гэта нячыстае.
Калі ж твой брат сумуе праз страву, то ты ўжо жывеш не паводле любові. Не губі сваёй страваю таго, за каго памёр Хрыстус!
А калі дзеля ежы засмучаецца брат твой, ты ўжо не паводле любові ходзіш. Не губі тваёю ежаю таго, за каго памёр Хрыстос.
Таму няхай не зневажаецца вашае дабро!
Дык няхай ня блю́зьняць на вашае добрае.
Бо Валадарства Божае — гэта не ежа і піццё, але справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым.
Бо Валадарства Божае — гэта ня ежа і пітво, але праведнасьць, і супакой, і радасьць у Духу Сьвятым.
Хто ў гэтым служыць Хрысту, той падабаецца Богу і ў пашане ў людзей.
Бо хто ў гэтым слу́жыць Хрысту, той даспадобы Богу і варты між людзьмі.
Таму будзем шукаць таго, што служыць спакою і ўзаемнаму збудаванню.
Дык таму будзем імкнуцца да таго, што [слу́жыць] дзеля супакою і ўзаемнага збудаваньня.
Дзеля ежы не знішчай справы Божай! Усё чыстае, але становіцца кепскім, калі чалавек, які есць, прычыняецца да чыйгосьці спатыкнення.
Не руйнуй дзеля ежы справы Божай. Усё, па праўдзе, чыстае, але ліхое для чалавека, які есьць праз спатыкненьне.
Добра не есці мяса, не піць віна і не рабіць таго, што прычыняецца да спатыкнення твайго брата.
Добра ня есьці мяса, і ня піць віна, і [не рабіць] нічога, ад чаго брат твой спатыкаецца, ці згаршаецца, ці слабее.
Веру, якую маеш, май для сябе перад Богам. Шчаслівы, хто не асуджае сябе ў тым, што прымае.
Ты маеш веру? Мей сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы той, хто ня су́дзіць сябе ў тым, што спрабуе.
Хто ж, спажываючы, сумняваецца, асуджае сябе, бо паступае нязгодна з верай, а ўсё, што не паводле веры, — грэх.
А хто сумняецца, калі есьць, асуджаны, бо [робіць] не паводле веры; а ўсё, што не паводле веры, — грэх.