Да Рымлянаў 8 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Няма цяпер ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Езусе,
Таму цяпер няма ніякага асуджэньня тым, што ў Хрысьце Ісусе не паводле цела, але паводле духа ходзяць.
бо закон Духа жыцця ў Езусе Хрысце вызваліў цябе ад закону граху і смерці.
Бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закону грэху і сьмерці.
Закон быў бяссільны, бо быў аслаблены целам. Таму Бог, паслаўшы свайго Сына ў постаці грэшнага цела, з-за граху асудзіў грэх у целе,
Бо як Закон быў бяссільны, таму што быў нядужы праз цела, Бог, паслаўшы Сына Свайго ў падабенстве цела грахоўнага і дзеля грэху, асудзіў грэх у целе,
каб апраўданне Закону споўнілася ў нас, якія жывуць не паводле цела, але паступаюць паводле Духа.
каб праведнасьць Закону споўнілася ў нас, якія не паводле цела, але паводле духа ходзяць.
Бо тыя, хто жыве паводле цела, думаюць аб цялесным. А тыя, хто паводле Духа, — аб духоўным.
Бо тыя, што паводле цела, — пра цялеснае думаюць; а тыя, што паводле духа, — пра духоўнае.
Памкненні ж цела — смерць, а памкненні Духа — жыццё і спакой.
Бо думкі цялесныя — сьмерць, а думкі духоўныя — жыцьцё і супакой.
Памкненні цела — непрыяцелі Бога, бо не пакараюцца Божаму закону, ды і не могуць.
Бо думкі цялесныя — варожасьць да Бога, бо яны не падпарадкоўваюцца закону Божаму, дый ня могуць.
Тыя ж, хто жыве паводле цела, не могуць падабацца Богу.
Дык тыя, якія ў целе, Богу дагадзіць ня могуць.
Вы ж не ў целе, але ў Духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто не мае Хрыстовага Духа, той не належыць Яму.
Вы ж ня ў целе, але ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. А калі хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны.
Калі ж у вас Хрыстус, то хоць цела мёртвае з-за граху, аднак Дух дае жыццё дзякуючы апраўданню.
Калі ж Хрыстос у вас, дык цела мёртвае праз грэх, а дух жывы праз праведнасьць.
Калі ж Дух таго, хто ўваскрасіў Езуса, жыве ў вас, то той, хто ўваскрасіў Хрыста, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам сваім, які ёсць у вас.
А калі Дух Таго, Які ўваскрасіў Ісуса з мёртвых, жыве ў вас, Той, Які ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажы́віць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.
Таму, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела.
Дык таму, браты, мы не вінаватыя цела, каб жыць паводле цела;
Бо калі жывяце паводле цела, то памрэце; а калі забіваеце Духам цялесныя ўчынкі, будзеце жыць.
бо калі вы жывяцё паводле цела, памрацё, а калі духам цялесныя ўчынкі забіваеце, жыць будзеце.
Таму што ўсе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя.
Бо ўсе, якія Духам Божым ведзеныя, ёсьць сыны Божыя.
Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: «Абба, Ойча!»
Бо вы не атрымалі духа няволі ізноў на страх, але атрымалі Духа ўсынаўленьня, у Якім крычым: «Абба́, Ойча!»
Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя.
Гэты Дух сьведчыць духу нашаму, што мы — дзеці Божыя.
А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца.
А калі дзеці, дык і спадкаемцы, спадкаемцы Божыя, суспадчыньнікі Хрыста, калі церпім з Ім, каб з Ім і ўславіцца.
Думаю, што цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас.
Бо я лічу, што пакуты цяперашняга часу ня вартыя тае славы, што мае адкрыцца ў нас.
Стварэнне ж з надзеяй чакае адкрыцця сыноў Божых,
Бо стварэньне са спадзяваньнем чакае адкрыцьця сыноў Божых,
бо стварэнне падпарадкавалася марнасці не добраахвотна, але праз таго, хто падпарадкаваў яго, у надзеі,
бо стварэньне падпарадкаванае марнасьці не сваёй ахвотай, але праз Таго, Які падпарадкаваў, у надзеі,
што і само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых.
што і само стварэньне будзе вызвалена з няволі сапсутасьці на свабоду славы дзяцей Божых.
Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і нараджае ў пакутах ажно да цяперашняга часу.
Бо ведаем, што ўсё стварэньне супольна ўздыхае і мучыцца, родзячы, аж да цяпер.
І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага.
І ня толькі яно, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы самі ў сабе ўздыхаем, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.
Мы збаўленыя праз надзею. А надзея, калі яна бачная, не ёсць надзеяй. Бо, калі хто бачыць, навошта яму яшчэ спадзявацца?
Бо мы збаўленыя надзеяй. А надзея бачаная ня ёсьць надзея, бо калі хто бачыць, чаго яму спадзявацца?
Але калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады чакаем цярпліва.
А калі спадзяемся на тое, чаго ня бачым, чакаем з цярплівасьцю.
Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі.
Гэтаксама і Дух дапамагае ў слабасьцях нашых, бо мы ня ведаем, пра што маліцца, як трэба, але Сам Дух заступаецца за нас стагнаньнямі невымоўнымі.
Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай.
А Той, Які дасьледуе сэрцы, ведае, што за думка ў Духа, Які паводле [волі] Бога заступаецца за сьвятых.
Мы ведаем таксама, што ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога і хто пакліканы па Яго пастанове.
А мы ведаем, што тым, якія любяць Бога, пакліканым паводле [Яго] вызначэньня, усё дапамагае на дабро.
Бо, каго Ён наперад пазнаў, таго і прызначыў быць падобным да вобраза свайго Сына, каб Ён быў першародным між многімі братамі.
Бо тым, каго наперад ведаў, Ён і прадвызначыў быць падобнымі да вобразу Сына Ягонага, каб Ён быў Першародны між многімі братамі.
Каго ж прызначыў, таго і паклікаў, а каго паклікаў, таго і апраўдаў; а каго апраўдаў, таго і ўславіў.
А каго прадвызначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў.
Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас?
Дык што скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас?
Той, які не пашкадаваў свайго Сына, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго?
Той, Які Сына Свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як не даруе і нам з Ім усяго?
Хто будзе абвінавачваць выбраных Богам? Ці ж Бог, які апраўдвае?
Хто стане супраць выбраных Божых? Бог, Які апраўдвае!
Хто будзе асуджаць іх? Ці ж Хрыстус, які памёр, а нават больш за тое, уваскрос, знаходзіцца праваруч Бога і заступаецца за нас?
Хто той, хто асуджае? Хрыстос, Які памёр, але і ўваскрос! Ён і праваруч Бога, Ён і заступаецца за нас.
Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, пераслед ці голад, галеча ці небяспека, ці меч?
Хто адлу́чыць нас ад любові Хрыстовае? Прыгнёт, ці ўціск, ці перасьледваньне, ці голад, ці галізна́, ці небясьпека, ці меч?
Як напісана: «За цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз».
Як напісана: «За Цябе забіваюць нас цэлы дзень; лічаць нас за авечкі на зарэз».
Але над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас.
Але ва ўсім гэтым мы перамагаем праз Таго, Які палюбіў нас.
Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы,
Бо я ўпэўнены, што ані сьмерць, ані жыцьцё, ані анёлы, ані начальствы, ані сілы, ані цяперашняе, ані будучае,
ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым.
ані вышыня, ані глыбіня, ані другое якое стварэньне ня зможа адлучы́ць нас ад любові Божае, што ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.