Да Габрэяў 2 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Таму мы павінны пільна зважаць на пачутае, каб выпадкам не заблукаць.
Дзеля гэтага мусім асабліва зважаць на чутае, каб не адпасьці.
Бо калі слова, сказанае анёламі, было моцным, і кожнае злачынства і непаслухмянасць атрымала законную адплату,
Бо калі сказанае праз анёлаў слова было цьвёрдае, і ўсякае парушэньне і непаслухмянасьць даставалі справядлівую адплату,
то і мы не ўратуемся, калі занядбаем такое вялікае збаўленне. Напачатку яно было абвешчана Панам і ўмацаванае сярод нас тымі, хто яго пачуў.
як мы ўцячэм, калі занядбалі такое вялікае збаўленьне, якое спачатку было сказанае Госпадам, зацьверджана ў нас ад тых, якія чулі,
А Бог адначасова засведчыў пра яго знакамі і цудамі, і разнастайнымі моцамі і дарамі Духа Святога паводле Яго волі.
якім засьведчыў Бог праз знакі, і цуды, і розныя сілы, і праз раздаваньне Духа Сьвятога паводле волі Яго?
Не анёлам Бог падпарадкаваў будучы свет, пра які мы кажам.
Бо не анёлам падпарадкаваў Ён будучы сусьвет, пра які гаворым.
Наадварот, хтосьці засведчыў дзесьці, кажучы: «Чым ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты клапоцішся аб ім?
Засьведчыў жа нехта недзе, кажучы: «Што ёсьць чалавек, што Ты ўзгадваеш яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго?
Ты ўчыніў яго мала меншым ад анёлаў; славаю і пашанай увянчаў яго,
Крыху Ты панізіў яго перад анёламі, даў яму вянок славы і пашаны і паставіў яго па-над творамі рук Тваіх;
усё паклаў пад ягоныя ногі». Калі ж падпарадкаваў яму ўсё, то не пакінуў нічога непадпарадкаваным яму. Цяпер мы яшчэ не бачым, каб усё было падпарадкавана яму,
усё падпарадкаваў Ты пад ногі яго». Бо калі падпарадкаваў яму ўсё, нічога не пакінуў непакорным яму. Але цяпер мы яшчэ ня бачым, каб усё было падпарадкавана яму,
але мы бачым Езуса, які быў мала меншым ад анёлаў, увенчаны славаю і пашанаю, бо спазнаў смерць, каб з ласкі Божай за ўсіх пакаштаваць смерці.
а бачым Ісуса, Які крыху быў паніжаны перад анёламі, Які праз пакуту сьмерці атрымаў вянок славы і пашаны, каб з ласкі Божае пакаштаваў сьмерці за ўсіх.
Бо належала, каб той, дзеля якога ўсё і праз якога ўсё, які прывёў да славы многіх сыноў, учыніў дасканалым праз цярпенні правадыра збаўлення іхняга.
Бо трэба было, каб Той, дзеля Якога ўсё і праз Якога ўсё, ведучы многіх сыноў у славу, Начальніка збаўленьня іхняга праз пакуты ўчыніў споўненым.
Бо і той, хто асвячае, і тыя, каго асвячаюць, — усе ад Адзінага. Таму Ён не саромеецца называць іх братамі,
Бо і Той, Які асьвячае, і тыя, якія асьвячаюцца, усе — з Аднаго; дзеля гэтай прычыны Ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
кажучы: «Абвяшчу імя Тваё братам маім, сярод сходу праслаўлю Цябе»,
«Паведамлю імя Тваё брата́м Маім, пасярод царквы засьпяваю Табе».
І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І зноў: «Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».
І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «Вось, я і дзеці, якіх даў мне Бог».
Паколькі дзеці маюць удзел у целе і крыві, таму ў іх падобным чынам прыняў удзел таксама Езус, каб праз смерць нізрынуць таго, хто мае ўладу над смерцю, гэта значыць, д’ябла,
Дык калі дзеці сталіся супольнікамі цела і крыві, і Ён таксама ма́е ўдзел у іх, каб праз сьмерць зьнішчыць таго, хто ма́е ўладу над сьмерцю, гэта ёсьць д’ябла,
каб збавіць тых, хто ўсё жыццё быў зняволены страхам перад смерцю.
і вызваліць тых, якія дзеля страху сьмерці праз усё жыцьцё падлягалі няволі.
Бо, сапраўды, Ён дапамагае не анёлам, а патомству Абрагама.
Бо, сапраўды, не анёлаў Ён прыймае, але насеньне Абрагама прыймае.
Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб стаць міласэрным і верным першасвятаром у справах Божых для ўміласціўлення за грахі народу.
Дзеля гэтага Ён павінен быў у-ва ўсім стацца падобным да братоў, каб быць міласьцівым і верным Першасьвятаром перад Богам дзеля перамольваньня за грахі народу.
Бо, як Ён цярпеў, праходзячы праз выпрабаванні, так можа дапамагчы тым, каго выпрабоўваюць.
Бо таму, што Сам Ён, спакуша́ны, цярпеў, можа тым, якія спакуша́ныя, дапамагчы.