1 Яна 5 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго.
Кожны, хто верыць, што Езус ёсьць Хрыстом (Мэсія) — з Бога ён нарадзіўся, ды кожны, хто мілуе Бога — Радзіцеля (Айца), мілуе і Таго, хто з яго нарадзіўся (народжанага).
Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем Яго запаведзі.
З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі мы мілуем Бога і спаўняем Яго прыказаньні,
Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі.
бо міласьць да Бога спаўняць прыказаньні Ягоныя, а прыказаньні Ягоныя — не трудныя (ня цяжкія).
Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера.
Кожны, хто з Бога нарадзіўся — перамагае сьвет; а гэтаю перамогаю, што перамагае сьвет — наша вера.
Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым?
А хто перамагае сьвет, калі ня той, хто верыць, што Езус — Сынам Божым!
Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў. Не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда.
Езус Хрыстус ёсьць тым, хто перайшоў праз ваду і кроў і Духа. Ня толькі ў вадзе, але ў вадзе і ў крыві. Дух дае пасьведчаньне, бо (Дух) — праўдаю.
Бо трое тых, хто сведчыць:
Бач трох даюць пасьведчаньні:
Дух, вада і кроў, і гэтыя тры — адно.
Дух, вада і кроў, а гэтых трох твораць адно.
Калі мы прымаем сведчанне людзей, то Божае сведчанне большае, бо гэта ёсць сведчанне Бога, якое Ён даў пра свайго Сына.
Калі прымаем пасьведчаньні людзей, дык пасьведчаньне Божае большым (важнейшым) ёсьць, бо гэта пасьведчаньне Бога, якое Ён даў аб Сыне Сваім.
Хто верыць у Божага Сына, той мае сведчанне ў самім сабе; хто не верыць Богу, той робіць Яго ілгуном, бо не паверыў сведчанню, якое Бог даў пра свайго Сына.
Хто верыць у Сына Божага, той мае ў сабе пасьведчаньне Бога. Хто ня верыць Богу, зрабіў Яго ілгуном, бо не ўверыў пасьведчаньню, якое даў Бог аб Сыне Сваім.
Гэтае сведчанне ў тым, што Бог даў нам жыццё вечнае, і гэтае жыццё — у Ягоным Сыне.
А пасьведчаньне такое: Бог даў нам жыцьцё вечнае, а гэта ў Ягоным Сыне.
Хто мае Сына, мае жыццё, а хто не мае Сына Божага, не мае жыцця.
Той, хто мае Сына, мае жыцьцё, а хто ня мае Сына Божага, ня мае ён таксама і жыцьця.
Я напісаў гэта вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце вечнае жыццё.
Пра гэта напісаў я вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае.
Давер, які мы маем да Яго, ёсць у тым, што, калі мы просім аб нечым згодна з Ягонай воляй, Ён чуе нас.
Давер, які ў Ім маем у тым, што чаго па волі яго просім, выслухоўвае нас.
А калі ведаем, што Ён чуе нас, аб чым бы мы ні папрасілі, дык ведаем, што мы ўжо атрымалі тое, аб чым прасілі Яго.
А калі ведаем, што Ён выслухоўвае ўсе нашы просьбы, дык мы ўпэўнены атрымаць тое, аб што Яго прасілі.
Калі хто ўбачыць, што брат яго чыніць грэх, які не вядзе да смерці, няхай моліцца, і Бог дасць жыццё таму, хто чыніць грэх, які не вядзе да смерці. Але ёсць грэх, яківядзе да смерці, таму не кажу, каб ты маліўсяза такога.
Калі хто бачыць, што брат яго дапускаецца граха на сьмерць — хай моліцца і верне яму жыцьцё, маю на думцы тых, каторых грэх не на сьмерць. Існуе такі грэх што на сьмерць не кажу, каб за такога маліцца.
Усялякая несправядлівасць — гэта грэх, але ёсць грэх, які не вядзе да смерці.
Кожная беззаконнасьць — грэхам, аднак ёсьць грахі, што не на сьмерць.
Мы ведаем, што кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, бо Народжаны ад Бога захоўваеяго, і злы яго не кранае.
Ведаем, што кожны, хто нарадзіўся з Бога — не грашыць, бо народжаны з Бога беражэ Яго, а злыдзень не дакранаецца яго.
Ведаем, што мы ад Бога і што ўвесь свет знаходзіцца ў злым.
Ведаем, што мы з Бога, а ўвесь сьвет апанаваны ліхім.
Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам разуменне, каб мы пазналі Праўдзівага. І мы — у Праўдзівым, у Сыне Яго Езусе Хрысце. Ён — праўдзівы Бог і Жыццё вечнае.
Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і абдарыў нас розумам, каб мы пазналі Праўдзівага. І мы ў тым, Хто Праўдзівы — у Сыне Яго, Езусе Хрысьце. Ён праўдзівым Богам і Жыцьцём вечным.
Дзеці, сцеражыцеся ідалаў!
Дзеткі — сьцеражыцеся ідалаў!