1 Яна 5 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Які нарадзіў, любіць і Народжанага ад Яго.
Кожны, хто верыць, што Езус ёсьць Хрыстом (Мэсія) — з Бога ён нарадзіўся, ды кожны, хто мілуе Бога — Радзіцеля (Айца), мілуе і Таго, хто з яго нарадзіўся (народжанага).
З гэтага пазнаем, што любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем прыказаньні Ягоныя.
З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі мы мілуем Бога і спаўняем Яго прыказаньні,
Бо тое ёсьць любоў Божая, каб мы захоўвалі прыказаньні Ягоныя; і прыказаньні Ягоныя няцяжкія.
бо міласьць да Бога спаўняць прыказаньні Ягоныя, а прыказаньні Ягоныя — не трудныя (ня цяжкія).
Бо кожны, хто народжаны ад Бога, перамагае сьвет; і гэтая перамога, што перамагла сьвет, — вера нашая.
Кожны, хто з Бога нарадзіўся — перамагае сьвет; а гэтаю перамогаю, што перамагае сьвет — наша вера.
Хто той, які перамагае сьвет, калі ня той, які верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы?
А хто перамагае сьвет, калі ня той, хто верыць, што Езус — Сынам Божым!
Гэты Ісус Хрыстос, Які прыйшоў праз ваду і кроў; не праз ваду толькі, але праз ваду і кроў; і Дух ёсьць Тым, Які сьведчыць, бо Дух ёсьць праўда.
Езус Хрыстус ёсьць тым, хто перайшоў праз ваду і кроў і Духа. Ня толькі ў вадзе, але ў вадзе і ў крыві. Дух дае пасьведчаньне, бо (Дух) — праўдаю.
Бо тры сьведчаць у небе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух, — і гэтыя тры ёсьць адно.
Бач трох даюць пасьведчаньні:
І тры сьведчаць на зямлі: дух, вада і кроў; і гэтыя тры — пра адно.
Дух, вада і кроў, а гэтых трох твораць адно.
Калі мы прыймаем сьведчаньне чалавечае, сьведчаньне Божае большае, бо гэта ёсьць сьведчаньне Божае, якім Ён засьведчыў пра Сына Свайго.
Калі прымаем пасьведчаньні людзей, дык пасьведчаньне Божае большым (важнейшым) ёсьць, бо гэта пасьведчаньне Бога, якое Ён даў аб Сыне Сваім.
Хто верыць у Сына Божага, мае сьведчаньне ў сабе; хто ня верыць Богу, зрабіў Яго хлусам, бо не паверыў у сьведчаньне, якім Бог засьведчыў пра Сына Свайго.
Хто верыць у Сына Божага, той мае ў сабе пасьведчаньне Бога. Хто ня верыць Богу, зрабіў Яго ілгуном, бо не ўверыў пасьведчаньню, якое даў Бог аб Сыне Сваім.
І гэткае ёсьць сьведчаньне, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё — у Сыне Ягоным.
А пасьведчаньне такое: Бог даў нам жыцьцё вечнае, а гэта ў Ягоным Сыне.
Хто мае Сына, мае жыцьцё; хто Сына Божага ня мае, ня мае жыцьця.
Той, хто мае Сына, мае жыцьцё, а хто ня мае Сына Божага, ня мае ён таксама і жыцьця.
Гэтае напісаў я вам, якія вераць у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае, і каб вы верылі ў імя Сына Божага.
Пра гэта напісаў я вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае.
І вось адвага, якую мы маем дзеля Яго, што калі нешта просім паводле волі Яго, Ён слухае нас.
Давер, які ў Ім маем у тым, што чаго па волі яго просім, выслухоўвае нас.
І калі мы ведаем, што Ён слухае нас, чаго б мы ні прасілі, ведаем, што маем прошанае, якое прасілі ў Яго.
А калі ведаем, што Ён выслухоўвае ўсе нашы просьбы, дык мы ўпэўнены атрымаць тое, аб што Яго прасілі.
Калі хто ўбачыў брата свайго, які грашыць грэхам не на сьмерць, няхай просіць [за яго], і [Бог] дасьць жыцьцё таму, які грашыць не на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць, не кажу, каб адносна такога ён маліўся.
Калі хто бачыць, што брат яго дапускаецца граха на сьмерць — хай моліцца і верне яму жыцьцё, маю на думцы тых, каторых грэх не на сьмерць. Існуе такі грэх што на сьмерць не кажу, каб за такога маліцца.
Усякая няправеднасьць ёсьць грэх, але ёсьць грэх не на сьмерць.
Кожная беззаконнасьць — грэхам, аднак ёсьць грахі, што не на сьмерць.
Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, не грашыць; але народжаны ад Бога захоўвае сябе, і злы не дакранецца яго.
Ведаем, што кожны, хто нарадзіўся з Бога — не грашыць, бо народжаны з Бога беражэ Яго, а злыдзень не дакранаецца яго.
Мы ведаем, што мы — ад Бога, і ўвесь сьвет ляжыць у зьле.
Ведаем, што мы з Бога, а ўвесь сьвет апанаваны ліхім.
Ведаем жа, што Сын Божы прыйшоў і даў нам разуменьне, каб пазналі Праўдзівага і былі ў Праўдзівым — у Сыне Ягоным Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць праўдзівы Бог і жыцьцё вечнае.
Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і абдарыў нас розумам, каб мы пазналі Праўдзівага. І мы ў тым, Хто Праўдзівы — у Сыне Яго, Езусе Хрысьце. Ён праўдзівым Богам і Жыцьцём вечным.
Дзеткі! Захоўвайце сябе ад ідалаў. Амэн.
Дзеткі — сьцеражыцеся ідалаў!