1 Яна 2 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Дзеткі мае! Пішу вам гэтае, каб вы не грашылі, а калі хто зграшыў, маем Абаронцу перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка.
Дзеткі мае, пішу я вам гэта, каб вы не грашылі. Але, каб хто і саграшыў, маем заступніка (пасрэдніка) перад (на віду) Айцом, — Езуса Хрыста — справядлівага.
Ён ёсьць перамольваньне за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і за [грахі] ўсяго сьвету.
Ён — ахвярай перамольнай (уласкаўленьнем) за грахі нашыя, ды ня толькі за грахі нашыя але таксама за грахі ўсяго сьвету.
І што мы пазналі Яго, даведваемся з таго, што захоўваем прыказаньні Ягоныя.
Па гэтым пазнаём, што Яго знаем, калі спаўняем Ягоныя прыказаньні.
Хто кажа: «Я пазнаў Яго», і прыказаньні Ягоныя не захоўвае, той хлус, і няма ў ім праўды;
Хто кажа: "Знаю Яго, а не беражэ Яго прыказаньняў, — ілгуном, і ў ім няма праўды.
а хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая завяршылася. З гэтага даведваемся, што мы ў Ім.
А хто беражэ Яго навуку — слова, у тым сапраўды міласьць Бога захавалася.
Хто кажа, што ў Ім застаецца, павінен хадзіць так, як Ён хадзіў.
Па гэтым вось, што мы ў Ім. Хто даквае, што ён у Ім прабывае, мусіць таксама паступаць так як Ён паступаў.
Браты! Ня новае прыказаньне пішу вам, але прыказаньне старое, якое вы мелі ад пачатку. Прыказаньне старое ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
Дарагія! Не пішу вам пра новае прыказаньне, але пра прыказаньне здаўна існуючым, каторае вы мелі спачатку: тым даўнім прыказаньнем ёсць слова (навука), якое вы чулі.
Зноў жа новае прыказаньне пішу вам, якое праўдзіва ў Ім і ў вас, што цемра праходзіць, і праўдзівае сьвятло ўжо сьвеціць.
А ўсё ж пішу вам пра новае прыказаньне, праўдзівае, якое ў Ім і ў нас, бо цемра зчазае, а сьвеціць ужо праўдзівае сьвятло.
Хто кажа, што ён у сьвятле, і ненавідзіць брата свайго, той у цемры дагэтуль.
Хто цьвердзіць, што жыве ў сьвятле, а ненавідзіць брата свайго дасюль жыве ён у цемры.
Хто любіць брата свайго, застаецца ў сьвятле, і няма ў ім згаршэньня.
Хто любіць брата свайго, той прабывае ў сьвятле ды ня можа спатыкнуцца.
А хто ненавідзіць брата свайго, той ёсьць у цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, таму што цемра засьляпіла вочы яму.
Хто жа брата свайго ненавідзіць, той жыве ў цемры і дзейнічыць ў цемры і ён ня ведае куды ідзе, яму бо цемра засьляпіла ягоныя вочы.
Пішу вам, дзеткі, што адпушчаны вам грахі дзеля імя Яго.
Пішу вам дзеткі: у імя Яго адпушчаны вам грахі.
Пішу вам, бацькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Пішу вам, юнакі, што вы перамаглі злога. Пішу вам, дзеці, што вы пазналі Айца.
Пішу вам, бацькі, бо вы пазналі Таго, хто ад пачатку (спрадвеку). Пішу і вам юнакі бо вы перамаглі ліхога (злыдню, злога).
Я напісаў вам, бацькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, што вы дужыя, і слова Божае застаецца ў вас, і вы перамаглі злога.
Напісаў вам, дзеткі, бо знаеце Айца, напісаў вам, бацькі, бо пазналі вы Таго, Хто ад пачатку. Напісаў вам, юнакі (моладзь), бо вы дужыя, і вы перамаглі ліхога (злыдню).
Не любіце сьвету, ані таго, што ў сьвеце. Хто любіць сьвет, у тым няма любові Айца.
Не любіце (не прывязывайцеся) сьвету ані таго, што на сьвеце. Бо калі хто любіць (прывязаны) сьвет у ім няма міласьці Айца.
Бо ўсё, што ў сьвеце: пажаданьне цела, і пажаданьне вачэй, і пыха жыцьцёвая, — ня ёсьць ад Айца, але ад сьвету.
Бо ўсё, што на сьвеце: гэта змысловасьць цела (пажаданьне), прагавітасьць вачэй ды пыхлівасьць жыцьця. А гэта не ад Айца але ад сьвету.
І сьвет праходзіць, і пажаданьне ягонае, а хто чыніць волю Божую, застаецца на вякі.
Сьвет мінае, а з ім страсьці: хто жа спаўняе волю Божую, той трывае вечна.
Дзеці! Апошняя гадзіна! І як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер зьявілася шмат антыхрыстаў, дык мы даведваемся з гэтага, што апошняя гадзіна.
Дзеткі, ужо наступае апошняя пара, (час, хвіліна) і як чулі — Антыхрыст надыходзіць, і ў гэты час паявілася многа антыхрыстаў; з гэтага здагадваецеся, што ўжо апошняя пара.
Яны выйшлі ад нас, але не былі ад нас; бо, калі б яны былі ад нас, засталіся б з намі; але [выйшлі], каб выявілася, што ня ўсе ад нас.
Выйшлі яны з нас, але не былі з нас, бо калі б былі з нас (нашага духа), засталіся б з намі; а гэта сталася таму, каб выявілася, што не ўсе яны нашага духа (з нас).
І вы маеце памазаньне ад Сьвятога, і ведаеце ўсё.
Вы атрымалі намашчэньне ад Сьвятога, ды вы ўсе гэта знаеце (усьведамляеце).
Я напісаў вам не таму, што вы ня ведаеце праўды, але таму, што вы ведаеце яе, і што ніякай хлусьні няма ад праўды.
Я вам пісаў не як няведаючым праўды, але як яе ведаючым, бо ніякі фальш не можа ўзьнікнуць з праўды.
Хто хлус, калі ня той, хто адракаецца, што Ісус ёсьць Хрыстос? Гэта — антыхрыст, які адракаецца Айца і Сына.
Хто ж тады ілгун, калі ня той, хто пярэчыць, што Езус-Мэсія? Той яўляецца Антыхрыстам, хто не прызнае (аспрэчвае) Айца і Сына.
Усякі, хто адракаецца Сына, ня мае і Айца; хто вызнае Сына, мае і Айца.
Кожны, хто не прызнае (пярэчыць) Сына, ня мае таксама і Айца, хто жа прызнае Сына, той мае і Айца.
Дык што вы чулі ад пачатку, тое няхай застаецца ў вас. Калі застанецца ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, вы застанецеся і ў Сыне, і ў Айцу.
Вы вось зьберажыце ў сабе тое, што пачулі вы ад пачатку. Калі тое, што чулі вы ад пачатку захаваецца, дык вы будзеце трываць (заставацца) у Сыну і ў Айцу.
І гэтае абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.
А абяцаньне, якое Ён нам даў: жыцьцё вечнае.
Гэта я напісаў вам пра тых, якія падманваюць вас.
Гэта ўсё я вам напісаў адносна тых, якія зводзяць вас.
І памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вы ня маеце патрэбы, каб хто вучыў вас; але як гэтае самае памазаньне вучыць вас пра ўсё, і яно праўдзівае і не манлівае, дык, як яно навучыла вас, у тым заставайцеся.
Што да намашчэньня, якое вы атрымалі ад Яго, трывае ў вас і ня трэба, каб вас хтосьці вучыў, бо самае Ягонае намашчэньне вучыць вас усяго. Яно праўдзівае, а не няма ў ім маны (лгарства). І як вас Ён навучыў, так вы трывайце ў Ім.
І цяпер, дзеткі, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прыход Ягоны.
Дык цяпер, дзеткі, трывайце ў Ім, каб калі Ён з'явіцца, мелі ў Ім давер (надзею), ды каб у дзень Яго прыходу — не дазналі сораму.
Калі вы ведаеце, што Ён праведны, ведайце, што ўсякі, хто чыніць праведнасьць, ад Яго народжаны.
Калі ведаеце, што Ён справядлівы, дык ведайце, што кожны, хто спаганяе справядлівасьць — з Яго нарадзіўся.