Да Піліпянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003
Таму, мае ўмілаваныя браты, па якіх сумую, радасць і вянец мой, так трывайце ў Пану, умілаваныя!
Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.
Прашу Эводзію і Сынтыхею быць аднадумцамі ў Пану.
Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтаксама думаць у Госпадзе.
Таксама і цябе прашу, блізкі сябра, дапамагай ім, бо яны змагаліся за Евангелле разам са мною і разам з Клементам ды іншымі маімі супрацоўнікамі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця.
Таксама і цябе прашу, сапраўдны супрацоўніку, дапамагай ім, бо яны са мною працавалі для Евангелля разам з Клеменсам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця.
Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!
Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!
Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка.
Ціхасць ваша хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка.
Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя жаданні перад Богам.
Не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю няхай адкрываюцца жаданні вашыя перад Богам.
І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.
І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменне, хай сцеражэ сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Ісусе.
Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце.
Урэшце, браты, што толькі ёсць праўдзівае, што толькі чэснае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі вартае любові, што толькі добрай славы, ці якая цнота, ці што пахвальнае, — тое майце на думцы.
Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.
І тое рабіце, чаму вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што ўбачылі; і Бог супакою будзе з вамі.
Я вельмі ўзрадаваўся ў Пану, што вы зноў клапоціцеся пра мяне. Вы і раней клапаціліся, але вам неставала нагоды.
Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы ўжо калісьці ізноў пачалі думаць пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах.
Кажу гэта не таму, што маю патрэбу, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсць.
Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся задавольвацца тым, што ёсць.
Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго: і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу.
Умею прынізіцца, умею і ўзняцца; усяму і ва ўсім навучыўся: і наесціся, і галадаць; і мець дастатак, і нястачу.
Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе.
Усё магу ў Тым, Які ўзмацняе мяне.
Аднак вы добра зрабілі, раздзяліўшы са мною маё цярпенне.
Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бядзе маёй.
Ведаеце таксама вы, філіпяне, што ў пачатку абвяшчэння Евангелля, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная супольнасць, апроч вас адных, не далучылася да мяне ў справе давання і прыняцця.
Вы ж, Піліпцы, ведаеце, што на пачатку Евангелля, калі я пакінуў Мацэдонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу ў даванні і прыманні;
Вы таксама некалькі разоў дасылалі мне ў Тэсалоніку, калі я быў у патрэбе.
вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак.
Кажу не таму, што шукаю дару, але шукаю плёну, які памнажаецца на вашую карысць.
Не шукаю я дарункаў, але шукаю плода, які памнажаецца на вашу карысць.
Я атрымаў усё і маю празмерна. Я забяспечаны ўсім, атрымаўшы ад Эпафрадыта дасланае вамі — салодкі водар, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу.
Я ўсё атрымаў і хапае мне ўсяго; я напоўніўся, атрымаўшы ад Эпафрадыта салодкі водар, ахвяру прыемную, мілую Богу.
А мой Бог няхай задаволіць усялякую вашую патрэбу паводле свайго багацця ў хвале ў Езусе Хрысце.
Хай жа Бог мой споўніць усякае вашае жаданне паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Ісусе.
Богу ж і Айцу нашаму хвала на векі вечныя. Амэн.
Богу ж і Айцу нашаму слава на векі вечныя. Амін.
Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Езусе. Вітаюць вас усе браты, якія тут са мною.
Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, што з дому цэзара.
Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара.
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым. Амэн.
Ласка Госпада Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.