1 Яна 2 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi
Дзеці мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. Калі ж хто зграшыць, то мы маем Заступніка перад Айцом Езуса Хрыста справядлівага.
Дзеткі мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. А калі хто зграшыць, дык мы маем Заступніка перад Бацькам — Ісуса Хрыста, Праведнага;
Ён ёсць ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі, і не толькі за нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету.
і Ён Сам ёсць змілаванне3 за нашы грахі, і не толькі за нашы, але і за грахі ўсяго свету.
Па тым даведваемся, што мы пазналі Яго, калі захоўваем Ягоныя запаведзі.
І вось з чаго мы пазнаём, што ведаем Яго: калі выконваем Яго запаведзі.
Хто кажа: «Я ведаю Яго», а не захоўвае Ягоныя запаведзі, той ілгун і няма ў ім праўды.
Хто кажа: «Я ведаю Яго», а запаведзяў Яго не выконвае, той ілгун і няма ў ім праўды;
А хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая; па гэтым пазнаем, што мы ў Ім.
а хто выконвае Яго слова, у тым сапраўды любоў Божая ажыццявілася, з гэтага мы даведваемся, што мы ў Ім.
Хто кажа, што жыве ў Ім, павінен паступаць так, як Ён паступаў.
Хто кажа, што застаецца ў Ім, той павінен і сам жыць, як Ён жыў.
Умілаваныя, пішу вам не новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку. Даўняй запаведдзю ёсць слова, якое вы чулі.
Улюбёныя, не новую запаведзь пішу вам, але старую запаведзь, якую вы мелі ад пачатку; старая запаведзь — гэта слова, якое вы чулі [ад пачатку].
Аднак новую запаведзь пішу вам, якая праўдзівая ў Ім і ў вас, бо знікае цемра і яснее ўжо праўдзівае святло.
Разам з тым новую запаведзь пішу вам, што ёсць праўдзівае ў Ім і ў вас, бо цемра мінаецца і сапраўднае святло ўжо свеціць.
Хто кажа, што ён у святле, а ненавідзіць свайго брата, той яшчэ ў цемры.
Хто кажа, што ён у святле, а свайго брата ненавідзіць, той — у цемры дагэтуль.
Хто любіць свайго брата, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы.
Хто любіць свайго брата, той застаецца ў святле і няма ў ім спатыкнення.
А хто ненавідзіць свайго брата, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы.
А хто ненавідзіць свайго брата, той — у цемры, ходзіць у цемры і не ведае, куды ідзе, бо цемра асляпіла яму вочы.
Пішу вам, дзеці, бо адпушчаны вам грахі дзеля імя Ягонага.
Пішу вам, дзеткі, бо дараваныя вам грахі дзеля Яго імя.
Пішу вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі злога.
Пішу вам, бацькі, бо вы ўведалі Таго, Хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі ліхога.
Пішу вам, дзеці, бо вы пазналі Айца. Я напісаў вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі злога.
Я напісаў вам, дзеці, бо вы ўведалі Бацьку. Я напісаў вам, бацькі, бо вы ўведалі Таго, Хто ёсць ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя і слова Божае застаецца ў вас і вы перамаглі ліхога.
Не любіце свету, ні таго, што ў свеце. Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца.
Не любіце свету гэтага і таго, што ў свеце гэтым. Калі хто любіць гэты свет, у тым няма Бацькавай любові,
Бо ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — не ад Айца, але ад гэтага свету.
бо ўсё, што ў свеце, — пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — не ад Бацькі, а ад свету.
І свет мінае, і пажадлівасць ягоная, а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна.
І свет гэты мінецца і пажадлівасць яго, але той, хто выконвае волю Божую, застаецца навекі.
Дзеці, настала апошняя гадзіна, і як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, так і цяпер з’явілася шмат антыхрыстаў. Па гэтым мы і пазнаём, што настала апошняя гадзіна.
Дзеці, апошняя гадзіна і, як вы чулі, што антыхрыст ідзе, і цяпер з’явілася шмат антыхрыстаў; адсюль і ведаем, што настала апошняя гадзіна.
Яны выйшлі ад нас, але не належалі да нас. Бо калі б яны належалі да нас, то заставаліся б з намі. Але сталася гэта, каб выявілася, што яны не належаць да нас.
Яны выйшлі ад нас, але не былі нашы; бо калі б яны былі нашы, то засталіся б з намі, але праз гэта адкрылася, што не ўсе нашы.
Вы ж маеце намашчэнне ад Святога і ўсё ведаеце.
Вы ж маеце памазанне ад Святога і ўсё ведаеце.
Я напісаў вам не таму, што вы не ведаеце праўды, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсялякі фальш не ад праўды.
Я напісаў вам не таму, што вы не ведаеце праўды, але таму, што вы ведаеце яе, і таму, што ўсялякая хлусня — не ад праўды.
Хто ілгун, калі не той, хто пярэчыць таму, што Езус — гэта Месія? Той антыхрыст, хто адракаецца ад Айца і Сына.
Хто лгун, калі не той, хто адмаўляе, што Ісус ёсць Хрыстос? Гэта антыхрыст, які адмаўляе Бацьку і Сына.
Кожны, хто адракаецца ад Сына, не мае і Айца, а хто вызнае Сына, мае і Айца.
Кожны, хто адмаўляе Сына, не мае і Бацькі; той, хто вызнае Сына, мае і Бацьку.
Тое, што вы чулі ад пачатку, няхай жыве ў вас. Калі жыве ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце жыць у Сыне і Айцу.
Вы ж — што чулі ад пачатку, няхай тое ў вас застаецца. Калі ў вас застанецца тое, што вы чулі ад пачатку, то і вы застанецеся ў Сыне і ў Бацьку.
Абяцанне ж, якое Ён нам даў, гэта вечнае жыццё.
І гэта — абяцанне, якое Ён абяцаў нам: жыццё вечнае.
Напісаў я гэта вам пра тых, хто зводзіць вас.
Гэта я напісаў вам пра тых, хто ўводзіць вас у зман.
А намашчэнне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас жыве, і вы не патрабуеце, каб хтосьці вучыў вас. Але паколькі само намашчэнне вучыць вас усяму, будучы праўдзівым і неілжывым, то ў тым, чаму навучыла вас, жывіце.
Што да вас, то памазанне, якое вы атрымалі ад Яго, застаецца ў вас, і вы не маеце патрэбы, каб нехта вучыў вас усяму, а як Яго памазанне вучыць вас усяму — і яно праўдзівае і не ёсць хлусня — і як яно навучыла вас, заставайцеся у Ім.
Цяпер, дзеці, жывіце ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мы мелі адвагу і не былі асаромленыя перад Ім у час Ягонага прыйсця.
І цяпер, дзеткі, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мы мелі адвагу і не зазналі сораму перад Ім у Яго прышэсці.
Калі вы ведаеце, што Бог справядлівы, то ведайце і тое, што кожны, хто чыніць справядлівасць, народжаны ад Яго.
Калі вы ведаеце, што Ён — праведны, то ведайце, што і кожны, хто творыць праведнасць, народжаны ад Яго.