1 Яна 4 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi
Умілаваныя, не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце.
Улюбёныя, не кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо шмат ілжэпрарокаў выйшла ў свет.
Па гэтым распазнаеце Божага Духа: кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, ёсць ад Бога.
Па гэтым пазнавайце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, — ад Бога,
І кожны дух, які не вызнае Езуса, той не ад Бога; гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ужо ёсць на свеце.
і кожны дух, які не вызнае Ісуса [Хрыста, Які прыйшоў у целе, ] — не ад Бога; і гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыходзіць, і цяпер ён ужо ў свеце.
Дзеці, вы ад Бога, таму перамаглі іх, бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце.
Вы ад Бога, дзеткі, і вы перамаглі іх, бо Той, Хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце.
Яны са свету, таму і гавораць так, як свет, і свет слухае іх.
Яны — ад свету, таму і гавораць ад свету, і свет іх слухае.
Мы ад Бога. Хто ведае Бога, слухае нас, хто не ад Бога, той не слухае нас. Па гэтым і пазнаём духа праўды і духа фальшу.
Мы — ад Бога: хто ведае Бога, слухае нас, хто не ад Бога, той не слухае нас. Так мы пазнаём духа праўды і духа падману.
Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога.
Улюбёныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў — ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога.
Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.
Хто не любіць, той не пазнаў Бога, таму што Бог ёсць любоў.
Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго.
Любоў Божая была адкрытая для нас у тым, што Бог паслаў у свет Свайго Адзінароднага Сына, каб мы атрымалі жыццё праз Яго.
У тым выявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў свайго Сына як уміласціўленне за нашыя грахі.
Любоў у тым, што не мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Свайго Сына як змілаванне за нашы грахі.
Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго.
Улюбёныя, калі Бог так палюбіў нас, то і мы павінны любіць адзін аднаго.
Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая.
Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, Бог жыве ў нас, і Яго любоў дасканалая ў нас.
Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа.
З таго мы пазнаём, што мы ў Ім жывём і Ён у нас, што Ён даў нам ад Свайго Духа.
І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету.
І мы бачылі і сведчым, што Бацька паслаў Сына Збаўцам свету.
Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён — уБогу.
Хто вызнае, што Ісус ёсць Сын Божы, у тым жыве Бог і ён — у Богу.
І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
І мы пазналі любоў, якую Бог мае да нас, і паверылі ў яе. Бог ёсць любоў і хто жыве ў любові, той у Богу жыве, і Бог у ім жыве.
У тым любоў дасканалая ў нас, што мы маем адвагуў дзень суда, бо які Ён, такія і мы ў гэтым свеце.
Дзеля таго любоў удасканалілася ў нас, каб мы мелі адвагу ў дзень суду, бо як Ён ёсць, так і мы ёсць у гэтым свеце.
У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові.
У любові няма страху, а дасканалая любоў выганяе страх, бо ў страху ёсць пакаранне, а той, хто баіцца, — не дасканалы ў любові.
Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас.
Мы любім [Яго], бо Ён першы палюбіў нас.
Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога», а брата свайго ненавідзіць, ёнілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць.
Калі нехта скажа: «Я люблю Бога», а свайго брата ненавідзіць, то ён ілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога ён бачыў, не можа любіць Бога, Якога не бачыў.
І мы маем ад Яго такую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і свайго брата.
І мы маем гэтую запаведзь ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў і свайго брата.