Дзеі 20 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Калі сунялося хваляванне, Павел склікаў вучняў і, падбадзёрыўшы іх, развітаўся з імі ды адправіўся ў Македонію.
Прайшоўшы праз гэтыя мясціны і заахвоціўшы многімі словамі, прыйшоў у Грэцыю.
Прабыў ён там тры месяцы. Калі захацеў адплысці ў Сірыю, юдэі ўчынілі супраць яго змову, таму ён вырашыў вяртацца праз Македонію.
Яго суправаджалі Сапатэр, сын Піра, з Бэрэі, Арыстарх і Сэкунд з тэсаланікійцаў, а таксама Гай з Дэрбэ і Цімафей, Тыхік і Трафім з Азіі.
Яны пайшлі наперад і чакалі нас у Траадзе.
А мы адплылі з Філіпаў пасля свята Праснакоў і праз пяць дзён прыбылі адтуль у Трааду, дзе правялі сем дзён.
У першы дзень пасля шабату, калі мы сабраліся на ламанне хлеба, Павел прамовіў да іх, бо збіраўся зранку адысці, і зацягнуў сваю прамову да поўначы.
У святліцы, дзе мы сабраліся, было шмат свяцільнікаў.
Адзін юнак, па імені Эўтых, які сядзеў на акне, глыбока заснуў, калі Павел доўга гаварыў. Урэшце, змораны сном, ён зваліўся з трэцяга паверху, і яго паднялі мёртвым.
Павел, спусціўшыся, прытуліў яго і сказаў: «Не трывожцеся, бо душа яго ў ім!»
Затым падняўшыся, ён ламаў хлеб і спажываў, і яшчэ доўга прамаўляў да самай раніцы, а пасля адышоў.
А юнака павялі жывым і на радасць многім.
Мы ж селі раней на карабель і паплылі ў Асас, каб забраць адтуль Паўла, бо ён так загадаў, пажадаўшы ісці пехатою.
Калі ж ён сустрэўся з намі ў Асасе, мы забралі яго і прыбылі ў Мітылену.
Адплыўшы адтуль, мы назаўтра прысталі насупраць Хіёса, на другі дзень накіраваліся ў Самас, а на наступны — прыбылі ў Мілет,
бо Павел вырашыў абмінуць Эфес, каб не марнаваць час у Азіі. Ён спяшаўся, каб па магчымасці прыбыць у Ерузалем на дзень Пяцідзясятніцы.
Паслаўшы з Мілета ў Эфес, Павел паклікаў старэйшын Касцёла.
А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім: «Вы ведаеце, што з першага дня майго прыходу ў Азію, я ўвесь час быў з вамі.
Служыў Пану з усёй пакораю і ў слязах ды сярод выпрабаванняў, якія сустрэлі мяне з-за подступаў юдэйскіх.
Я не мінаў нічога карыснага, пра што б ні абвяшчаў і чаму б ні вучыў вас публічна і па дамах,
даючы сведчанне юдэям і грэкам пра навяртанне да Бога і пра веру ў Пана нашага Езуса.
Цяпер, прымушаны Духам, я іду ў Ерузалем, не ведаючы, што мяне там сустрэне,
апроч таго, што Дух Святы ў кожным горадзе сведчыць, кажучы, што чакаюць мяне кайданы і ўціск.
Але маё жыццё для мяне не вартае нічога. Толькі б скончыў бег свой і служэнне, якое прыняў ад Пана Езуса, каб даць сведчанне пра Евангелле Божай ласкі.
Цяпер я ведаю, што вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, кажучы пра Валадарства, больш не ўбачыце мяне.
Таму сёння сведчу вам, што я чысты ад крыві ўсіх,
бо не ўхіляўся я ад абвяшчэння вам усёй Божай волі.
Зважайце на сябе і на ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб вы пасвілі Касцёл Божы, які Ён прыдбаў уласнай крывёю.
Ведаю, што пасля майго адыходу ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка.
І з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць падступна, каб пацягнуць за сабою вучняў.
Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў вучыць кожнага з вас са слязьмі.
А сёння даручаю вас Богу і слову Ягонай ласкі, якое можа вас умацаваць і даць спадчыну між усіх асвячаных.
Ні срэбра, ні золата, ні вопраткі я ні ад кога не пажадаў.
Самі ведаеце, што гэтыя рукі служылі патрэбам маім і тых, хто быў са мною.
Ва ўсім я паказаў вам, што, так працуючы, трэба дапамагаць слабым, памятаючы словы Пана Езуса, якія Ён сказаў: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!”».
Сказаўшы гэта, ён укленчыў і маліўся разам з імі ўсімі.
Тады ўсе ўзнялі вялікі плач, кідаліся Паўлу на шыю і цалавалі яго.
Найбольш смуткавалі з-за слова, якое ён сказаў, што ўжо не ўбачаць яго. І праводзілі яго да карабля.