2 да Карынфянаў 12 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Калі трэба хваліцца, хоць гэта і некарысна, то перайду да візій і аб’яўленняў Пана.
 

Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму (ці ў целе, не ведаю, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) быў забраны аж да трэцяга неба.
 

І ведаю, што гэты чалавек (ці ў целе, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог)
 

быў забраны ў рай і чуў невыказныя словы, якіх чалавеку нельга перадаць.
 

Гэтым буду хваліцца, а сабою не пахвалюся, хіба што сваёй слабасцю.
 

Калі захачу пахваліцца, не буду неразважлівым, бо скажу праўду. Але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым ува мне бачыць або чуе ад мяне
 

на падставе мноства аб’яўленняў. Дадзена мне джала ў цела, пасланец сатаны, каб біць мяне, каб я не хваліўся.
 

Таму я тройчы маліў Пана адхіліць ад мяне гэта.
 

Але Пан сказаў мне: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці». Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста.
 

Таму ўпадабаў я слабасць, пагарду, нястачы, ганенні і ўціск за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.
 

Я стаў неразумным. Вы мяне прымусілі да гэтага. Бо гэта вам трэба было б мяне хваліць, таму што ні ў чым я не горшы за вялікіх Апосталаў, хоць я і нішто.
 

Вось знакі Апостала сталіся ў вас праз вялікую цярплівасць, а таксама праз цуды і моцы.
 

Бо ў чым вы горшыя за іншыя Касцёлы? Хіба толькі ў тым, што сам я не быў вам цяжарам. Даруйце мне гэтую крыўду.
 

Вось, трэці раз я гатоў прыйсці да вас і не быць цяжарам для вас, бо шукаю не вашага, але вас. Бо не дзеці павінны збіраць даброты для бацькоў, але бацькі для дзяцей.
 

Я вельмі ахвотна панясу выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашыя. Калі я буду любіць вас больш, хіба я атрымаю менш любові?
 

Няхай будзе так. Я не абцяжарыў вас. Але, будучы хітрым, я подступам здабыў вас.
 

Ці праз кагосьці з тых, каго пасылаў да вас, я выкарыстоўваў вас?
 

Я папрасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці вас Ціт выкарыстоўваў? Ці не ў тым жа духу мы паступалі? Ці не тымі ж слядамі хадзілі?
 

Ужо доўгі час вы думаеце, што мы апраўдваемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысце: усё, умілаваныя, дзеля вашага збудавання.
 

Бо баюся, каб часам, прыйшоўшы, не знайсці вас не такімі, як хачу. Ды і вы каб не знайшлі мяне, якім не хочаце. Каб не было ў вас спрэчкі, зайздрасці, гневу, сварак, паклёпаў, абмоваў, пыхі, бязладдзя.
 

І калі зноў прыйду, каб не панізіў мяне Бог мой перад вамі і каб не аплакваў я многіх з тых, якія зграшылі раней і не пакаяліся ў нячыстасці, распусце і ў разбэшчанасці, якую ўчынілі.