2 да Карынфянаў 12 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад П. Татарыновіча
Калі трэба хваліцца, хоць гэта і некарысна, то перайду да візій і аб’яўленняў Пана.
Калі выпадае хваліцца (ды яно й некарысна), перайду да візыяў ды аб’яваў Госпада.
Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму (ці ў целе, не ведаю, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) быў забраны аж да трэцяга неба.
Знаю чалавека ў Хрыстусе, які перад чатырнаццацю гадамі (ці ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю: Бог ведае), захоплены быў да трэцяга неба.
І ведаю, што гэты чалавек (ці ў целе, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог)
І ведаю, што чалавек той (у целе, ці па-за целам, ня ведаю: Бог ведае),
быў забраны ў рай і чуў невыказныя словы, якіх чалавеку нельга перадаць.
перажыў райскую візыю і чуў таёмныя словы, якіх чалавеку нельга перасказаць.
Гэтым буду хваліцца, а сабою не пахвалюся, хіба што сваёй слабасцю.
Гэтым хваліцца магу, сабоюж не пахвалюся, хіба толькі слабасьцямі маімі.
Калі захачу пахваліцца, не буду неразважлівым, бо скажу праўду. Але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым ува мне бачыць або чуе ад мяне
Каліб навет захацеў хваліцца, дык не без розуму, бо сказаўбы праўду; але я стрымоўваюся, каб хто не падумаў аба мне болей, чым у-ва мне бачыць, або ад мяне я ня чуе.
на падставе мноства аб’яўленняў. Дадзена мне джала ў цела, пасланец сатаны, каб біць мяне, каб я не хваліўся.
А каб я занадта ня выносіўся дзеля велічы аб’яваў, дадзены мне бадыль у цела, анел шатана, каб дрочыў мяне, каб я ня вывышаўся.
Таму я тройчы маліў Пана адхіліць ад мяне гэта.
Тройчы маліў я Ўсеспадара, каб яго аддаліў ад мяне;
Але Пан сказаў мне: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці». Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста.
але Ён адказаў мне: «Хопіць табе ласкі Мае, моц бо давяршаецца ў слабасьці». Таму вось ахватней буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб увайшла ў мяне сіла Хрыстусава.
Таму ўпадабаў я слабасць, пагарду, нястачы, ганенні і ўціск за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.
І таму я пагоднай душы і ў слабасьцях, у пагардзе, у нястачах, у прасьледах, у прыгнобах за Хрыстуса: бо калі я немачны, тады дужы.
Я стаў неразумным. Вы мяне прымусілі да гэтага. Бо гэта вам трэба было б мяне хваліць, таму што ні ў чым я не горшы за вялікіх Апосталаў, хоць я і нішто.
Хвалячыся, я выдаўся нетактоўным: вы мяне да гэтага прымусілі; бо-ж вы павінны былі мяне хваліць, я бо ў нічым ня быў горшы за гэных вялікіх апосталаў, хоць я й нішто.
Вось знакі Апостала сталіся ў вас праз вялікую цярплівасць, а таксама праз цуды і моцы.
Доказы майго апастольства я выказаў вам вытрываласьцю ў цярпеннях, знакамі, цудамі, чынамі.
Бо ў чым вы горшыя за іншыя Касцёлы? Хіба толькі ў тым, што сам я не быў вам цяжарам. Даруйце мне гэтую крыўду.
Што бо у вас, чым вы горшыя за другія эклезіі? Хіба тым толькі, што сам я ня быў вам цяжарам? Даруйце мнегэту крыўду!
Вось, трэці раз я гатоў прыйсці да вас і не быць цяжарам для вас, бо шукаю не вашага, але вас. Бо не дзеці павінны збіраць даброты для бацькоў, але бацькі для дзяцей.
Вось трэці раз я гатовы прыйсьці да вас і ня буду вам цяжарам, я бо шукаю не таго, што вашае, але — вас; бо-ж ня дзеці павінны багаціць бацькоў, але бацькі дзяцей.
Я вельмі ахвотна панясу выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашыя. Калі я буду любіць вас больш, хіба я атрымаю менш любові?
Я вельмі ахвотна буду вытрачвацца із свайго і навет сябе самога выдам за вашыя душы; хоць, чым-болей люблю вас, тым менш вы любіце мяне.
Няхай будзе так. Я не абцяжарыў вас. Але, будучы хітрым, я подступам здабыў вас.
Але хай сабе — сам я вас не абцяжваў, алеж...як хітрун, моў подступам з вас цягнуў...
Ці праз кагосьці з тых, каго пасылаў да вас, я выкарыстоўваў вас?
Выкарыстваў мо вас праз каго з тых, што пасылаў к вам?
Я папрасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці вас Ціт выкарыстоўваў? Ці не ў тым жа духу мы паступалі? Ці не тымі ж слядамі хадзілі?
Прасіў я Тытуса і паслаў зь ім аднаго з братоў. Ці Тытус выкарыстаў вас у чым? Ціж не ў вадным духу й ня тыміж сьлядамі мы паступалі?
Ужо доўгі час вы думаеце, што мы апраўдваемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысце: усё, умілаваныя, дзеля вашага збудавання.
Зноў мо думаеце, што мы апраўдваемся перад вамі? Перад Богам у Хрыстусе мы гаворым і ўсё для вашага, найдаражэйшыя, павучэння.
Бо баюся, каб часам, прыйшоўшы, не знайсці вас не такімі, як хачу. Ды і вы каб не знайшлі мяне, якім не хочаце. Каб не было ў вас спрэчкі, зайздрасці, гневу, сварак, паклёпаў, абмоваў, пыхі, бязладдзя.
Баюся бо, каб, зноў прыйшоўшы, не знайсьці вас такімі, якіх не жадаўбы, дый вы, каб не спаткалі мяне такім, якім не хацеліб: каб не знайсьці ў вас калатні, зайздрасьці, гневу, спрэчак, абгавораў і нагавораў, пыхі ды бязладзьдзя;
І калі зноў прыйду, каб не панізіў мяне Бог мой перад вамі і каб не аплакваў я многіх з тых, якія зграшылі раней і не пакаяліся ў нячыстасці, распусце і ў разбэшчанасці, якую ўчынілі.
каб, як ізноў прыйду, не панізіў мяне Бог мой у вас ды не аплакваў я многіх із тых, што раней зграшылі, а не пакаяліся за нячыстасьць, блудадзейства і бясстыдзтва, якіх дапусьціліся.