2 да Карынфянаў 9 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Для мяне ж лішне пісаць да вас аб служэнні святым,
 
Мне-ж пісаць вам аб паслузе сьвятым былоб лішнім;

бо я ведаю вашую адданасць, якой хвалюся перад македонцамі, кажучы, што Ахая падрыхтавана яшчэ з мінулага года. А руплівасць вашая заахвоціла многіх.
 
бо я-ж ведаю вашу дабраахвочасьць і хвалю-ж вас Макэдонцам за яе, што Ахая гатовая ўжо зь леташняга году, руплівасьць вашая многіх разахвоціла.

Я паслаў братоў, каб нашае хваленне вамі не аказалася дарэмным у гэтай справе, але каб вы, як казаў я, былі падрыхтаваныя.
 
Братоў аднак я паслаў вам, каб мая хвальба вас не аказалася ў гэтай справе дарэмнай, але каб вы, як ужо сказаў, былі прыгатаванымі;

І калі прыйдуць са мною македонцы, і знойдуць вас непадрыхтаванымі, каб мы — не кажу вы — не асароміліся з прычыны такой упэўненасці.
 
а-то, як прыдуць са мною Макэдонцы й застануць вас няпрыгатаванымі, дык каб мы (не кажу ўжо пра вас) ня былі асаромлены, пахваліўшыся з гэткай пэўнасьцяй.

Таму я палічыў неабходным папрасіць братоў, каб яны раней прыйшлі да вас і загадзя паклапаціліся пра абяцаны вам дар, каб ён быў падрыхтаваны так, як дар, а не як вымаганне.
 
Я, восьжа, палічыў патрэбным, прасіць братоў, каб яны выйшлі да вас перад намі й загадзя паклапаціліся аб падрыхтове абяцанага дару як шчодрае дабраслаўленства, а не як вымушаны датак.

Хто сее скупа, той скупа і пажне, а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
 
Хто бо сее скупа — пры гэтым скажу — той скупа й жаціме, а хто сее шчодра, той шчодра й жаціме.

Няхай кожны дае, як вырашыць у сваім сэрцы, а не са шкадаваннем ці з прымусу, бо радаснага даўцу любіць Бог.
 
Хай-жа дае кажны, як дазваляе сэрца, не шкадуючы, ці сябе змушаючы; Бог бо любіць таго, хто рады дае.

Бог мае моц узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякія добрыя справы,
 
Бог-жа дуж абсыпаць вас усякімі дарамі, каб усюды ў-ва ўсім мелі дастатак ды йшчэ й заставаласяб вам на ўсякую дабрадзейнасьць,

як напісана: «Раскідаў, раздаў бедным;справядлівасць ягоная трывае навекі».
 
як напісана: «Рассыпаў, раздаў убогім, справядлівасьць ягоная трывае ў вякі вечныя».

А той, хто дае сейбіту насенне і хлеб на спажытак, дасць і памножыць вашае насенне, і ўзрасціць плён вашай справядлівасці.
 
Той, хто дае сеючаму насенне і хлеб на пажыву, прымножыць і ваш пасеў ды прыспорыць плён праўды вашае,

Каб ва ўсім вы былі ўзбагачаныя дзеля ўсялякай шчырасці, якая прычыняецца праз нас да ўзнясення падзякі Богу, —
 
каб абагаціліся ўсякаю шчодрасьцю, якая праз нас робіць падзяку Богу.

бо гэтае публічнае служэнне не толькі дапаўняе тое, у чым маюць недахоп святыя, але і дазваляе за многае шчодра дзякаваць Богу.
 
Бо выкананне гэтага служэння не анно задавальняе багацейшым многімі падзякамі Богу;

Праз выпрабаванне гэтага служэння яны праслаўляюць Бога за паслухмянасць, якую выяўляеце да Евангелля Хрыста, і за шчырую супольнасць з імі і з усімі.
 
яны бо відзячы прахтыку гэтага служэння, будуць хваліць Бога за послух Эванэліі Хрыстуса й за шчырую лучнасьць зь імі ды з усімі,

Яны моляцца за вас, бо хочуць лучыцца з вамі з прычыны вялікай ласкі Божай у вас.
 
молячыся за вас із прыхільнасьці вам дзеля надмернае ласкі Божае ў вас.

Падзяка няхай будзе Богу за Яго невымоўны дар.
 
Богу падзяка за нявысказны дар Ягоны!