Яна 18 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручэй Кедрон, дзе́ быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.
Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за струмень Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Ягоныя.
Ве́даў жа гэтае ме́сца і Юда, што прадаў Яго, бо Ісус і вучні Яго там часта зьбіраліся.
Ведаў жа гэтае месца і Юда, які выдаў Яго, бо Ісус там часта зьбіраўся з вучнямі Сваімі.
Вось Юда, узяўшы роту ды слуг ад архірэяў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, сьве́тачамі і аружжам.
Дык Юда, узяўшы кагорту і паслугачоў ад першасьвятароў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, лямпамі і зброяй.
Ісус жа, ве́даючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце?
Ісус жа, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: «Каго шукаеце?»
Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: гэта Я. Стаяў жа з імі і Юда, што прадаў Яго.
Адказалі Яму: «Ісуса з Назарэту». Кажа ім Ісус: «Гэта Я». Стаяў жа з імі і Юда, які выдаў Яго.
І, калі сказаў ім: гэта Я, яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
Калі ж Ён сказаў ім: «Гэта Я», яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
І ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя.
Тады ізноў спытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яны сказалі: «Ісуса з Назарэту».
Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне́ шукаеце, дайце ім адыйсьці,
Адказаў Ісус: «Я сказаў вам, што гэта Я; калі ж Мяне шукаеце, дазвольце ім адыйсьці»,
каб споўнілася слова, сказанае Ім: з тых, якіх Ты даў Мне́, Я не загубіў нікога.
каб споўнілася слова, якое Ён сказаў: «З тых, якіх Ты даў Мне, Я не загубіў нікога».
Сымон жа Пётр, маючы ме́ч, выняў яго і ўдэрыў слугу́ архірэявага і адсе́к яму правае вуха; слуга́-ж той зваўся Малх.
Сымон жа Пётар, маючы меч, выцягнуў яго і ўдарыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха; а імя таго слугі́ было Малх.
Але Ісус сказаў Пятру: палажы́ ме́ч у ножны. Няўжо-ж Я ня вып’ю чары, што даў Мне́ Аце́ц?
Але Ісус сказаў Пятру: «Укладзі меч твой у похвы. Ці ж Я ня вып’ю келіха, які даў Мне Айцец?»
Тады жаўне́ры і тысячнік і слугі жыдоўскія ўзялі Ісуса, зьвязалі Яго
Тады кагорта і тысячнік, і паслугачы́ юдэйскія схапілі Ісуса, і зьвязалі Яго,
і павялі Яго сьпярша да Анны, бо ён быў це́сьцем Кайяфы, які быў на той год архірэем.
і павялі Яго спачатку да Анны, бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў у той год першасьвятаром.
Гэта быў той Кайяфа, які пара́дзіў Жыдом, што ле́пш, каб адзін чалаве́к пагіб за народ.
Гэты Каяфа пара́дзіў Юдэям, што карысьней аднаму Чалавеку загінуць за народ.
За Ісусам ішоў Сымон Пётр і другі ву́чань; ву́чань гэны быў знаёмы з архірэем, дык ён увайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак,
А за Ісусам ішоў Сымон Пётар і другі вучань. Вучань той быў знаёмы з першасьвятаром, і ён увайшоў з Ісусам на панадворак першасьвятара.
а Пётр стаяў за варотамі. І вось той другі ву́чань, знаёмы з архірэем, выйшаў і сказаў прыдзьве́рніцы, і ўвёў Пятра.
А Пётар стаяў ля дзьвярэй звонку. Тады другі вучань, які быў знаёмы з першасьвятаром, пайшоў, і сказаў прыдзьверніцы, і ўвёў Пятра.
Тут служанка прыдзьве́рніца кажа Пятру: ці і ты ня з вучняў гэтага чалаве́ка? Ён сказаў: Не́!
Тады кажа служка прыдзьверніца Пятру: «Ці і ты ня з вучняў Гэтага Чалавека?» Ён кажа: «Не».
Рабы́-ж і слугі, распаліўшы аго́нь, бо было сьцюдзёна, стаялі й грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
А слу́гі і паслугачы́, распаліўшы вуглі, бо было сьцюдзёна, стаялі і грэліся. Пётар таксама стаяў з імі і грэўся.
Архірэй жа спытаўся ў Ісуса аб вучняў Яго і аб вучэньне Яго.
Першасьвятар жа спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра вучэньне Ягонае.
Ісус адказаў яму: Я ясна гаварыў сьве́ту; Я заўсёды навучаў у царкве́ і школе, дзе́ звычайна зьбіраюцца Жыды́, і ўкрадкам не гаварыў нічога.
Адказаў яму Ісус: «Я адкрыта гаварыў сьвету. Я заўсёды навучаў у сынагозе і ў сьвятыні, дзе заўсёды зьбіраюцца Юдэі, і таемна не гаварыў нічога.
Чаму пытаешся ў Мяне́? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ве́даюць, што Я казаў.
Чаму пытаешся ў Мяне? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ведаюць, што Я гаварыў».
Як жа Ён сказаў гэтае, адзін із слуг, што блізка стаяў, удэрыў Ісуса па абліччу і сказаў: так Ты адказваеш архірэю?
Калі Ён сказаў гэта, адзін з паслугачоў, які стаяў побач, ударыў Ісуса па шчацэ, кажучы: «Так Ты адказваеш першасьвятару?»
Ісус адказаў яму: калі Я сказаў бла́га, дакажы́, што бла́га, а калі добра, за што б’е́ш Мяне́?
Адказаў яму Ісус: «Калі Я сказаў кепска, засьведчы, што кепска, а калі добра, за што б’еш Мяне?»
Анна паслаў Яго зьвязанага да архірэя Кайяфы.
Анна паслаў Яго зьвязанага да першасьвятара Каяфы.
А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут кажуць яму: ці і ты не з Яго вучняў? А той адрокся і сказаў: не́!
А Сымон Пётар стаяў і грэўся. Тады сказалі яму: «Ці і ты ня з вучняў Ягоных?» Ён адрокся і сказаў: «Не».
Кажа адзін із слуг архірэйскіх, сваяк таго, якому Пётр адсе́к вуха: ці-ж ня бачыў я цябе́ з Ім у садзе?
Кажа адзін са слугаў першасьвятара, сваяк таго, якому Пётар адсек вуха: «Ці ж ня бачыў я цябе з Ім у садзе?»
Пётр ізноў адрокся; і зараз жа прапяя́ў пе́вень.
Пётар ізноў адрокся; і адразу прапяяў певень.
Ад Кайяфы павялі Ісуса да прэторыі. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, ды каб можна было е́сьці пасху.
Тады вядуць Ісуса ад Каяфы ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, але каб маглі есьці пасху.
Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вінаваціце чалаве́ка гэтага?
Дык выйшаў да іх Пілат і сказаў: «Якое абвінавачваньне вы выстаўляеце адносна Чалавека гэтага?»
Яны адказалі і сказалі яму: калі-б Ён ня быў такі злачы́нца, мы ня вы́далі-б Яго табе́!
Яны адказалі і сказалі яму: «Калі б Ён ня быў ліхадзеем, мы ня выдалі б Яго табе!»
Пілат сказаў ім: вазьме́це Яго вы і па вашаму закону судзіце Яго. Жыды сказалі яму: нам нікога ня гожа забіваць.
Тады сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і паводле вашага Закону судзі́це Яго». Тады Юдэі сказалі яму: «Нам нікога ня можна забіваць»,
Каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, абвяшчаючы, якою сьме́рцяй ма́е паме́рці.
каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці.
Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: Ты Цар Жыдоўскі?
Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю, і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: «Ты — Валадар Юдэйскі?»
Ісус адказаў яму: ці ад сябе́ ты гаворыш гэтае́, ці другія сказалі табе́ аба Мне́?
Адказаў яму Ісус: «Ці ты ад сябе гаворыш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?»
Пілат адказаў: ці-ж я Жыд? Цябе́ твой народ і архірэі вы́далі мне́; што-ж Ты зрабіў?
Пілат адказаў: «Ці ж я Юдэй? Твой народ і першасьвятары выдалі Цябе мне. Што Ты ўчыні́ў?»
Ісус адказаў: Царства Маё ня з гэтага сьве́ту; калі-б з гэтага сьве́ту было царства Маё, то слугі Маі бароліся бы, каб Жыды́ ня вы́далі Мяне́. Але царства Маё ня згэтуль.
Адказаў Ісус: «Валадарства Маё ня з гэтага сьвету. Калі б з гэтага сьвету было Валадарства Маё, паслугачы Мае змагаліся б, каб Я ня быў выдадзены Юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё ня згэтуль».
Пілат сказаў Яму: дык Ты Цар? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я цар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьве́т, каб сьве́дчыць аб праўдзе. Кожын, хто ад праўды, слухае голасу Майго.
Тады сказаў Яму Пілат: «Дык Ты Валадар?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я — Валадар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб сьведчыць пра праўду. Усякі, хто з праўды, слухае голас Мой».
Кажа Яму Пілат: Што такое праўда? І, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да Жыдоў і сказаў ім: я ніякае віны ў Ім не знаходжу.
Кажа Яму Пілат: «Што ёсьць праўда?» І, сказаўшы гэта, ізноў выйшаў да Юдэяў і кажа ім: «Я аніякае віны ў Ім не знаходжу.
Ёсьць жа ў вас звычай, каб я не́кага звальняў вам на Пасху. Хочаце, пушчу вам Цара Жыдоўскага?
Ёсьць жа ў вас звычай, каб я некага адпускаў вам на Пасху. Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?»
Тады ізноў закрычэлі ўсе́, кажучы: не Яго, але Варавву! А Варавва быў душагуб.
Тады ізноў закрычалі ўсе, кажучы: «Не Яго, але Бараббу!» А Барабба быў разбойнік.