Юда 1 разьдзел
Пасланьне Юды
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, што асьве́нчаны Богам Айцом і захаваны Ісусам Хрыстом:
Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якія асьве́чаныя Богам Айцом і захаваныя Ісусам Хрыстом:
ласка вам і мір і любоў няхай памножыцца!
літасьць вам, і супакой, і любоў няхай памножацца!
Умілаваныя! пакладаючы ўсю рупнасьць пісаць вам аб агульным збаўле́ньні, я палічыў за патрэбнае напісаць вам напамінаньне — змагацца за ве́ру, раз пераданую сьвятым.
Улюбёныя! Прыкладаючы ўсякую дбаласьць, каб пісаць вам пра агульнае збаўленьне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам напамін — змагацца за веру, аднойчы перададзеную сьвятым.
Бо паўбіваліся некаторыя людзі, здаўна празначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што ласку Бога нашага на распусту абяртаюць і адзінага Валадара, Бога і Госпада нашага, Ісуса Хрыста, выракаюцца.
Бо паўбіваліся некаторыя людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага на распусту абяртаюць і адзінага Валадара, Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста, выракаюцца.
Я хачу напомніць вам, каторыя раз гэта даве́даліся, што Госпад, вызваліўшы народ з зямлі Эгіпскае, няве́раваўшых пасьля загубіў
Я хачу нагадаць вам, якія аднойчы гэта даведаліся, што Госпад, вызваліўшы народ з зямлі Эгіпецкае, тых, што не паверылі, пасьля загубіў,
і ангелаў, не захаваўшых свае́ ўлады, але пакінуўшых сваё жыльлё, у ве́чных путах пад це́мраю на суд вялікага дня дзе́ржыць.
і анёлаў, якія не захавалі свае ўлады, але пакінулі сваё жытло, у вечных путах пад цемраю на суд вялікага дня трымае.
Як Садом і Гамора і вакалічныя ме́сты, што падобна да іх жылі ў распусьце й за іншым це́лам хадзілі, падпаўшы пад кару ве́чнага агня, пастаўлены за прыклад, —
Як Садом і Гамора і вакалічныя гарады, якія падобна да іх жылі ў распусьце і за іншым целам хадзілі, падпаўшы пад ка́ру вечнага агню, пастаўленыя за прыклад, —
гэтак сама будзе і з гэтымі лятуце́ньнікамі, якія апаганіваюць це́ла, адкідаюць начальства і ўладу ганьбуюць.
гэтаксама будзе і з гэтымі летуценьнікамі, якія апаганьваюць цела, адкіда́юць панаваньне і блю́зьняць супраць славы.
Міхал Архангел, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за це́ла Майсе́ява, не адважыўся вынесьці дако́рлівага прысуду, але сказаў: няхай забароніць табе́ Госпад.
Міхал арханёл, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесьці блюзьнерскага прысуду, але сказаў: «Няхай забароніць табе Госпад».
А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ве́даюць; што-ж па прыродзе ве́даюць, як бязмоўныя жывёлы, тым сябе́ растляваюць.
А гэтыя блю́зьняць супраць таго, чаго ня ведаюць; а што паводле прыроды ведаюць, як бязмоўныя жывёлы, тым сябе зьнішчаюць.
Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна, папаліся ў манлівасьць нагароды Валаамавае і ў упартасьці пагіблі, як Карэй.
Гора ім, бо яны пайшлі шля́хам Каіна, паддаліся падма́ну нагароды Білеа́ма, і ва ўпартасьці загінулі, як Кара́х.
Яны ёсьць небясьпе́ка на вашых вячэрах любві: госьцячы ў вас, насуцца бяз страху; гэта хмары бязводныя, што носяцца ве́трам; асе́ньнія дрэвы, бясплодныя, двойчы паме́ршыя, павырываныя;
Яны — небясьпека на вашых вячэрах любові; банкетуючы з вамі, пасуцца бяз страху; гэта хмары бязводныя, якія ветрам носяцца; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памёршыя, з корнем павырываныя;
лютыя хвалі марскія, што пеняцца сорамам сваім; зоры блукаючыяся, для якіх чорная цемра навекі захована.
лютыя хва́лі марскія, якія пеняцца сорамам сваім; зоркі, што блукаюць, для якіх змрок цемры навекі захаваны.
Аб іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось ідзе Госпад з мірыядамі сьвятых —
Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: «Вось, ідзе Госпад з дзясяткамі тысячаў сьвятых Сваіх,
учыніць суд над усімі і дакары́ць між імі ўсіх бязбожных за ўсе́ ўчынкі бязбожнасьці іх, якімі бязбожнае чыпілі, і за ўсе́ жо́рсткасьці, што гаварылі на Яго бязбожныя грэшнікі.
[каб] учыні́ць суд над усімі і дакары́ць усіх бязбожнікаў іхніх за ўсе ўчынкі бязбожнасьці іх, якімі бязбожнае чынілі, і за ўсе жорсткасьці, што гаварылі на Яго бязбожныя грэшнікі».
Гэта нарака́льнікі, нічым не здавальняючыяся, што ходзяць водле пажаданьняў сваіх; і вусны іх гавораць горда, і яны паважаюць аблічча дзеля карысьці.
Гэта нарака́льнікі, якія нічым не задавальняюцца, якія ходзяць паводле пажаданьняў сваіх; і вусны іхнія гавораць пыхліва, і яны зважаюць на аблічча дзеля карысьці.
Але вы умілаваныя, памятайце словы, прадказаныя Апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста:
Але вы, улюбёныя, па́мятайце словы, раней сказаныя апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста:
яны казалі вам, што ў апошні час зьявяцца ла́яльнікі, каторыя ходзяць водле іхніх бязбожных пажаданьняў.
яны казалі вам, што ў апошні час зьявяцца ла́яльнікі, якія ходзяць паводле сваіх бязбожных пажаданьняў.
Гэта тыя, што адлучаюцца (ад е́днасьці ве́ры), з душою, ды ня маючыя духа.
Гэта тыя, якія адлучаюць сябе ад іншых, душэўныя, але ня маюць духа.
А вы, улюбленыя, будуючы сябе́ найсьвяце́йшай ве́рай вашай, молячыся ў Духу Сьвятым,
А вы, улюбёныя, будуючы сябе найсьвяцейшай верай вашаю, молячыся ў Духу Сьвятым,
захоўвайце сябе́ ў любві Божай, чакаючы ласкі ад Госпада нашага Ісуса Хрыста ў жыцьцё ве́чнае.
захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы ласкі ад Госпада нашага Ісуса Хрыста ў жыцьцё вечнае.
І над аднымі літуйцеся з развагаю,
І над аднымі лі́туйцеся з развагаю,
а другіх ратуйце, выхопліваючы з агню, дакарайце з страхам, ненавідзячы навет вопратку, це́лам апаганеную.
а другіх ратуйце, выхопліваючы з агню, дакарайце са страхам, ненавідзячы нават вопратку, целам апаганеную.
Таму-ж, хто захаваць вас можа ад упадку і паставіць перад славаю Свае́ю нескажонымі ды ў радасьці,
А Таму, Які можа захаваць вас ад упадку і паставіць перад славаю Сваёю беззаганнымі і ў радасьці,
адзінаму прамудраму Богу, Збавіцелю нашаму праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, слава й ве́ліч, сіла і ўлада сягоньня й на ўсе́ вякі. Амін.
адзінаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму, праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, слава і веліч, сіла і ўлада цяпер і на ўсе вякі. Амэн.