Лукаша 1 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Як ужо многія браліся напісаць аповесьць аб зусім добра вядомых сярод вас здарэньнях,
Як ужо многія намагаліся напісаць аповесьць пра падзеі, якія ў нас адбыліся,
як пераказалі нам тое быўшыя з са́мага пачатку вачавідцамі і слугамі Слова,
як пераказалі нам тыя, што былі ад пачатку відавочцамі і сталіся паслугачамі Слова,
то прыйшло на думку і мне́, пільна разьве́даўшы аб усім ад пачатку, як сьле́д апісаць табе́, высокапаважаны Феафіле,
надумаў і я, прайшоўшы ўсё нанова, дакладна па парадку апісаць табе, вяльможны Тэафілю,
каб ты даве́даўся праўду аб тых словах, якіх цябе́ навучылі.
каб ты пазнаў надзейнасьць словаў, у якіх быў навучаны.
Быў у дні Ірада, цара Юдэйскага, сьвяшчэньнік з Авіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка яго з дачок Ааронавых; і было імя яе́ Альжбе́та.
Сталася ў дні Ірада, валадара Юдэйскага, [быў] сьвятар з Абіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка ягоная з дачок Аарона, і імя яе — Альжбета.
Былі-ж яны абое праведныя перад Богам, паступаючы паводле прыказаньняў і законаў Госпада беззаганна.
Былі яны абое праведныя перад Богам, ходзячы паводле прыказаньняў і пастановаў Госпада беззаганна.
І ня было ў іх дзіцяці, бо Альжбе́та была няплодная, і абое яны былі паджылыя ў гадох сваіх.
І не было ў іх дзіцяці, таму што Альжбета была няплодная, і абое яны былі пажылыя ў гадах сваіх.
І ста́лася, калі ў парадку свае́ чаргі служыў ён перад Богам,
І сталася, калі ў парадку свае чаргі ён спаўняў сьвятарскі абавязак перад Богам,
выпала яму паводле звычаю сьвяшчэньнікаў увайсьці ў царкву Гасподнюю кадзíць;
выпала яму паводле звычаю сьвятароў кадзіць, увайшоўшы ў бажніцу Госпадаву.
а ўся маса народу вонках малілася ў час каджэньня.
І ўсё мноства народу звонку малілася ў час каджэньня.
І зьявіўся яму Ангел Гасподні, стоячы справа ля кадзільнага ахвярніку.
І зьявіўся яму анёл Госпадаў, які стаў з правага боку кадзільнага ахвярніку.
І спалохаўся Захарыя, убачыўшы яго, і зьняў яго страх.
І стрывожыўся Захарыя, убачыўшы яго, і ахапіў яго страх.
Ангел жа сказаў яму: ня бойся, Захарыя; бо вы́слухана малітва твая, і жонка твая Альжбе́та ўродзіць табе́ сына, і дасі яму імя — Іоан.
Анёл жа сказаў яму: «Ня бойся, Захарыя; бо пачутая просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян.
І будзе табе́ радасьць і ўце́ха, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня яго.
І будзе табе радасьць і весялосьць, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня ягонага.
Бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ў чэраве маткі свае́.
Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і ня будзе піць віно і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ва ўлоньні маці сваёй.
І многіх з сыноў Ізраілявых наве́рне да Госпада Бога іх.
І многіх з сыноў Ізраіля зьверне да Госпада, Бога іхняга.
І пройдзе перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзе́цям, і непаслухмя́ных да мудрасьці праведных, каб прыгатаваць Госпаду народ падгатоўлены.
І будзе ісьці перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяным — лад думак праведнікаў, каб падрыхтаваць Госпаду народ падрыхтаваны».
І сказаў Захарыя Ангелу: Па чым пазна́ю я гэтае? То-ж я стары́, і жонка мая ў гадо́х пажылых.
І сказаў Захарыя анёлу: «З чаго даведаюся я гэтае? Бо я — стары, і жонка мая ў гадах пажылых».
І сказаў яму Ангел у адказ: я — Гаўрыіл, што перад Богам стаю, і пасла́ны гаварыць з табою і абвясьціць табе́ гэтае.
І, адказваючы, сказаў яму анёл: «Я — Габрыэль, які стаю перад Богам, і я пасланы гаварыць з табою і дабравесьціць табе гэтае.
І вось, будзеш ты маўчаць, і ня здолееш гаварыць да дня, калі гэтае станецца: за тое, што не паве́рыў словам маім, якія збудуцца ў свой час.
І вось, будзеш ты маўчаць, і ня зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час».
І ждаў народ Захарыю і дзівіўся, што ён марудзіць у царкве́.
І чакаў народ Захарыю, і дзівіўся, што ён марудзіць у бажніцы.
Выйшаўшы-ж, ён ня мог гаварыць да іх: і пазналі, што бачыў зья́ву ў царкве́; і ён ківаў і астаўся не́мы.
А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і зразумелі, што бачыў відзеж у бажніцы; і ён ківаў ім, і застаўся не́мы.
І сталася, як скончыліся дні службы яго, вярнуўся ён у дом свой.
І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой.
Пасьля гэтых дзён зачала Альжбе́та, жонка яго, і таілася пяць ме́сяцаў, ды гаварыла:
Пасьля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і хавала гэта пяць месяцаў, кажучы:
так учыніў мне́ Госпад у дні гэтыя, як глянуў на мяне́, каб зьняць з мяне́ ганьбу між людзьмі.
«Гэтак учыніў мне Госпад у дні, калі глянуў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі».
У шосты-ж ме́сяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога ў места Галіле́йскае, называнае Назарэт,
А ў шосты месяц быў пасланы анёл Габрыэль ад Бога ў горад Галілейскі, называны Назарэт,
да дзе́вы, зару́чанай з мужам іме́ньнем Язэп, з дому Давідавага; імя-ж дзе́вы — Марыя.
да дзяўчыны, заручанай з мужам на імя Язэп, з дому Давіда; а імя дзяўчыны — Марыя.
Ангел, увайшоўшы да яе́, сказаў: радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; багасла́ўлена ты між жанок.
І, увайшоўшы да яе, анёл сказаў: «Радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; дабраслаўлёная ты між жанчынамі».
Яна-ж, убачыўшы яго, спалохалася ад слоў яго і разважала, што-б гэта было за прывітаньне такое?
Яна ж, убачыўшы яго, устрывожылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта было за прывітаньне.
І сказаў ёй Ангел: ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога.
І сказаў ёй анёл: «Ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога.
І вось зачне́ш у чэраве і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус.
І вось ты зачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.
Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назаве́цца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго,
Ён будзе вялікі, і Сы́нам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага,
і цары́ць будзе над домам Якава даве́ку, і царству Яго ня будзе канца.
і Ён будзе валадарыць над домам Якуба на вякі, і Валадарству Ягонаму ня будзе канца».
Марыя-ж сказала Ангелу: як гэта будзе, калі я ня знаю мужа?
А Марыя сказала анёлу: «Як гэта будзе, калі я не спазнала мужа?»
І ў адказ сказаў ей: Дух Сьвяты найдзе́ на цябе́, і сіла Найвышэйшага ахіне́ цябе́: вось чаму й тое, што народзіцца сьвятое, Сынам Божым назаве́цца.
І, адказваючы, анёл сказаў ёй: «Дух Сьвяты зыйдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе. І дзеля гэтага тое, што народзіцца Сьвятое, Сы́нам Божым назавецца.
Вось і Альжбе́та, сваячка твая, і яна зачала сына ў ста́расьці сваёй, і гэта ўжо шосты ме́сяц у яе́, хоць і называнай няплоднай.
Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і вось ужо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай.
Бо-ж у Бога ніводнае слова ня будзе немагчымым.
Бо ў Бога ніводнае слова ня будзе бяз сілы».
І сказала Марыя: вось я — слуга Госпада; няхай ста́нецца мне́ па слову твайму. І адыйшоў ад яе́ Ангел.
І сказала Марыя: «Вось я — служка Госпада; няхай станецца мне паводле слова твайго». І адыйшоў ад яе анёл.
Устаўшы-ж Марыя ў тыя дні борзда пайшла ў горную краіну, у ме́ста Юдзіна.
Устаўшы, Марыя ў тыя дні шпарка пайшла ў горную краіну, у горад Юдавы,
І ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбе́ту.
і ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
І ста́лася, як Альжбе́та ўчула прывітаньне Марыі, узварухну́лася дзіцятка ў чэраве яе́, і Альжбе́та напоўнілася Духам Сьвятым.
І сталася, калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлоньні яе, і Альжбета напоўнілася Духам Сьвятым.
І загаласіла моцным голасам і сказала: багасла́ўлена ты між жанок, і багасла́ўлены плод чэ́рава твайго.
І ўсклікнула яна моцным голасам, і сказала: «Дабраслаўлёная ты між жанчынамі, і дабраслаўлёны плод улоньня твайго.
І адкуль гэтае мне́, што прыйшла маці Госпада майго да мяне́?
І адкуль гэта мне, што прыйшла маці Госпада майго да мяне?
Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ў чэраве маім.
Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ва ўлоньні маім.
І шчасьлíва паве́рыўшая: бо збудзецца сказанае ёй ад Госпада.
І шчасьлівая тая, якая паверыла, бо зьдзейсьніцца сказанае ёй ад Госпада».
І сказала Марыя: вяліча́е душа мая́ Госпада;
І сказала Марыя: «Узьвялічвае душа мая Госпада,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу Спасіцелю маім,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім,
што глянуў Ён на пакорнасьць рабы свае́, бо адгэтуль шчасьліваю называцімуць мяне́ ўсе́ роды,
бо Ён глянуў на паніжэньне служкі Сваёй. Бо вось, адгэтуль шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні,
бо вялікае ўчыніў мне́ Дужы́; і сьвятое імя Яго;
бо вялікае ўчыніў мне Магутны, і сьвятое імя Яго,
і міласьць Яго ў роды радоў для тых, што баяцца Яго.
і міласэрнасьць Ягоная з пакаленьня ў пакаленьне для тых, якія баяцца Яго.
Учыніў сілу рукой сваёй; рассе́яў гордых думкамі сэрца іх;
Ён зьявіў уладу рамяном Сваім, расьсеяў ганарыстых думкамі сэрца іхняга;
адабраў у моцных пасады, узьвялічыў пакорных,
скінуў моцных з пасадаў і ўзьвялічыў пакорных,
галодных здаволіў дабром, а багатыроў адпусьціў ні з чым.
галодных насыціў дабром, а багатых адпусьціў ні з чым.
Прыняў Ізраіля, слугу свайго, успомніў міласьць,
Падтрымаў Ізраіля, юнака Свайго, успомніў пра міласэрнасьць,
як гаварыў да айцоў нашых, да Аўраама і насе́ньня яго даве́ку.
як гаварыў адносна бацькоў нашых, адносна Абрагама і насеньня ягонага на вякі».
Прабыла-ж Марыя з ёю каля трох ме́сяцаў і вярнулася ў дом свой.
Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.
Альжбе́це-ж настаў час радзіць, і яна ўрадзіла сына.
А Альжбеце настаў час нараджаць, і яна нарадзіла сына.
І пачулі сусе́дзі ды сваякі яе́, што ўзьвялічыў Госпад міласьць сваю над ёю, і це́шыліся з ёю.
І пачулі суседзі і сваякі ейныя, што ўзьвялічыў Госпад міласэрнасьць Сваю над ёю, і цешыліся з ёю.
У восмы дзе́нь прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хаце́лі назваць яго па іме́ньню бацькі яго Захарыям.
І сталася, у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хацелі назваць яго паводле імя бацькі ягонага Захарыям.
На гэтае маці яго сказала: не́, а назваць яго Іоанам.
І, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але ён будзе называцца Янам».
І сказалі ёй: нікога няма ў родзе тваім, хто зваўся-б гэтым іме́ньнем.
І сказалі ёй: «Нікога няма ў родзічаў тваіх, хто называецца гэтым імем».
І пыталіся на міга́х у бацькі, як бы ён хаце́ў назваць яго.
І пыталіся на мі́гах у бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.
Ён зажадаў дошчачку і напісаў: Іоан імя яму. І ўсе́ дзівіліся.
І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў, кажучы: «Ян імя яму». І ўсе зьдзівіліся.
І ў той жа час расчыніліся вусны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, багасла́ўлючы Бога.
І адразу расчыніліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога.
І страх узьняўся сярод сусе́дзяў іх; і расказвалі пра ўсё гэтае па ўсёй нагорнай старане́ Юдэйскай.
І стаўся страх на ўсіх, што жылі побач, і гаварылі адзін аднаму словы гэтыя па ўсёй горнай краіне Юдэйскай.
І ўсе́ чуўшыя ўзялі гэтае да сэрца свайго і гаварылі: што-ж гэта будзе за дзіця? І рука Госпадава была з ім.
І ўсе, якія чулі, складалі [гэта] ў сэрцы сваім, кажучы: «Што ж гэта будзе за дзіця?» І рука Госпадава была з ім.
І Захарыя, бацька яго, напоўніўся Сьвятым Духам і прарочыў, кажучы:
І Захарыя, бацька ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым, і прарочыў, кажучы:
Багасла́ўлены Госпад Бог Ізраіляў, што адве́даў народ свой і даў выбаўле́ньне яму;
«Дабраслаўлёны Госпад, Бог Ізраіля, што адведаў народ Свой і даў выбаўленьне [яму],
і падняў рог спасе́ньня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго,
і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго,
(як апавясьцíў вуснамі быўшых ад ве́ку сьвятых прарокаў Сваіх),
як абвясьціў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх, што былі адвеку,
спасе́ нас ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх ненавíдзячых нас;
збавіць [нас] ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, якія ненавідзяць нас,
і ўчы́ніць ла́ску бацьком нашым і спамяне́ сьвяты тастамант свой,
учыніць міласэрнасьць бацька́м нашым і ўзгадаць сьвяты запавет Свой,
прысягу, што кляўся Аўрааму, бацьцы нашаму, даць нам,
прысягу, якой кляўся Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам
не з баязьні, па выбаўле́ньні з рукі ворагаў нашых
бяз страху, выбавіўшы нас з рукі ворагаў нашых,
служыць Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад ім у-ва ўсе́ дні жыцьця нашага.
служыць Яму ў сьвятасьці і праведнасьці перад Ім у-ва ўсе дні жыцьця нашага.
І ты, дзіцятка, назавешся прарокам Усявышняга, бо пройдзеш напе́рад прад абліччам Госпада — прыгатаваць шляхі Яму,
І ты, дзіцятка, будзеш названы прарокам Найвышэйшага, бо будзеш ісьці наперадзе перад абліччам Госпада падрыхтаваць шляхі Яму,
даць народу пазнаць спасе́ньне ў адпушчэньні грахоў яго,
даць народу пазнаць збаўленьне ў адпушчэньні грахоў іхніх,
па ўну́транаму міласэрдзю Бога нашага, якім адве́даў нас Усход з вышыні,
праз унутраную міласэрнасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыні́,
прасьвяціць тых, што ў це́мры і ў цяню́ сьмяротным, пакіраваць ногі нашыя, на дарогу міра.
зьявіць [сьвятло] тым, што сядзяць у цемры і ў ценю сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на шлях супакою».
Дзіця-ж узрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустынях да дня зьяўле́ньня свайго Ізраілю.
А дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустыні да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.