Лукаша 15 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Падыходзілі да Яго ўсе́ мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
 
Падыходзілі ж да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.

І нарака́лі фарысэі і кніжнікі, кажучы: Ён прыймае грэшнікаў і е́сьць разам з імі.
 
І наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: «Ён прыймае грэшнікаў і есьць разам з імі».

Але Ён сказаў ім вось гэткую прыповесьць:
 
Ён жа сказаў ім гэткую прыповесьць, кажучы:

Хто з вас, маючы сто аве́ц і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзе́вяцьдзесят дзевяць у пустыні і ня пойдзе за прапаўшай, пакуль ня знойдзе яе́?
 
«Які чалавек з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і не ідзе за згубленай, пакуль ня знойдзе яе?

А, знайшоўшы, возьме яе́ на пле́чы свае́ з радасьцю;
 
І, знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасьцю.

і, прыйшоўшы дамоў, скліча сяброў і сусе́дзяў ды скажа ім: паце́шцеся са мною: я знайшоў маю́ прапаўшую аўцу.
 
І, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Цешцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.

Кажу-ж вам, што так на нябёсах бале́й будзе радасьці з аднаго ка́ючагася грэшніка, чымся з дзевяцьдзесятдзевяцёх пра́веднікаў, ня маючых патрэбы ў пакая́ньні.
 
Кажу вам, што большая радасьць будзе ў небе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў навяртаньні.

Ці якая жанчына, маючая дзе́сяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не засьве́ціць сьве́чкі й не пачне́ мясьцí пакою і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?
 
Або якая жанчына, што мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае сьвечкі і не пачынае месьці дом, і не шукае пільна, пакуль ня знойдзе?

А, знайшоўшы, скліча сябровак і сусе́дак ды скажа: паце́шцеся са мною, я знайшла згубленую драхму.
 
А, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: “Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіла”.

Так кажу вам: бывае радасьць у ангелаў Божых з аднаго грэшніка, які ка́ецца.
 
Такая, кажу вам, стае́цца радасьць у анёлаў Божых з аднаго грэшніка, які навяртаецца».

Яшчэ сказаў: у аднаго чалаве́ка былі два сыны;
 
Яшчэ сказаў: «У аднаго чалавека былі два сыны.

і сказаў малодшы з іх айцу: Бацька, дай мне́ нале́жную мне́ частку маемасьці. І аце́ц падзяліў ім маемасьць.
 
І сказаў малодшы з іх бацьку: “Бацька, дай мне належную частку маёмасьці”. І падзяліў ім маёмасьць.

І праз не́йкі час малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкую старану і там змарнаваў маемасьць сваю, жывучы распусна.
 
І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна.

Калі-ж пражыў усё, настаў вялікі голад у гэнай старане́, і ён пачаў галадаць;
 
Калі ж вы́даткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым кра́і, і ён пачаў мець нястачу.

і пайшоў, прыста́ў да аднаго з жы́хараў стараны́ гэнае, а той паслаў яго на поле сваё пасьвіць сьвіне́й;
 
І, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё пасьвіць сьвіняў.

і ён рады быў бы нае́сца ражкамі, што е́лі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
 
І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму.

І, апамятаўшыся, сказаў: колькі наймітаў у айца́ майго маюць лішку хле́ба, а я ўміраю ад голаду!
 
Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі па́рабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду!

Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: аце́ц! я саграшыў перад не́бам і перад табою,
 
Устаўшы, пайду да бацькі майго і скажу яму: 'Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою,

і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прыймі мяне́, як аднаго з наймітаў тваіх.
 
і ўжо ня варты называцца сы́нам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх'.”

Устаў і пайшоў да айца́ свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, згле́дзіў яго аце́ц яго і зьлітаваўся, і пабегшы кінуўся яму на шыю і цалаваў яго.
 
І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго.

Сын жа сказаў яму: аце́ц, я саграшыў проці не́ба і перад табою і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
 
Сын жа сказаў яму: “Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сы́нам тваім”.

А аце́ц сказаў слугам сваім: прынясе́це найле́пшую адзе́жу і адзе́ньце яго, і дайце пе́рсьцень на руку яго і вобуй на ногі;
 
А бацька сказаў слугам сваім: “Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі.

і прывядзе́це кормнае цялё і закале́це: будзем е́сьці і весяліцца,
 
І прывядзіце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца.

бо гэты сын мой быў умёршы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
 
Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.

Старшы-ж сын яго быў у полі; і, варочаючыся, як падыйшоў да дому, пачуў сьпе́вы і скокі.
 
А старэйшы сын ягоны быў у полі. І калі, варочаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі.

І, паклікаўшы аднаго з слуг, спытаўся: што гэта такое?
 
І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, спытаўся: “Што гэта адбываецца?”

Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў ко́рмнае цялё, бо прыняў яго здаровым.
 
Той жа сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровым”.

Ён жа ўзлаваўся і не хаце́ў увайсьці, а бацька яго, выйшаўшы, клікаў яго.
 
Загневаўся ён і не хацеў увайсьці. Тады бацька ягоны, выйшаўшы, клікаў яго.

Але ён сказаў у адказ бацьцы: вось я колькі гадоў служу табе́ і ніколі не пярэчыў прыказаньням тваім. Але ты ніколі ня даў мне́ і казьляці, каб мне́ павесяліцца з сябрамі маімі;
 
А ён, адказваючы, сказаў бацьку: “Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не адступіў ад прыказаньня твайго, і ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі.

а калі гэты сын твой, марна страціўшы маемасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цялё.
 
А калі гэты сын твой, пажоршы маёмасьць тваю з распусьніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цяля”.

Ён жа сказаў яму: сын мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё;
 
Ён жа сказаў яму: “Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё.

а з таго трэба было це́шыцца і весяліцца, што брат твой гэты быў умёршы і ажыў, прападаў і знайшоўся.
 
А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”».