Да Піліпянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Паўла і Цімахве́й, слугі Ісуса Хрыста, — усім сьвятым у Хрысьце́ Ісусе, што ў Філіпах, з япіскапамі і дыяканамі:
Павал і Цімафей, слу́гі Ісуса Хрыста, — усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, якія ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі:
ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне аб вас,
Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне пра вас,
(заўсёды ў кожнай малітве мае́й за ўсіх вас молячыся з радасьцяй,)
заўсёды ў кожнай просьбе маёй за ўсіх вас просячы з радасьцю,
за вашае ўчасьце ў дабраве́шчаньні ад пе́ршага дня аж дагэтуль,
за вашую супольнасьць у Эва́нгельлі ад першага дня аж да цяперашняга,
перакананы ў тым, што той, хто пачаў у вас добрае дзе́ла, будзе завяршаць ажно па дзе́нь Ісуса Хрыста,
маючы пэўнасьць у тым, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, будзе зьдзяйсьняць [яе] аж да дня Ісуса Хрыста,
як і справядліва мне́ думаць аб усіх вас, бо я ма́ю вас у сэрцы, у путах маіх і ў абароне і ўмацаваньні Эвангельля, вас, якія ўсе́ — супольнікі маі ў ласцы.
як справядліва мне думаць адносна ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы як у путах маіх, так і ў абароне, і ў сьцьвярджэньні Эва́нгельля, вас, якія ўсе — удзельнікі са мною ў ласцы.
Бо Бог мне́ сьве́дка, што я люблю вас у любві Ісуса Хрыста;
Бо Бог мне сьведка, як я прагну [агарнуць] усіх вас сэрцам Ісуса Хрыста;
і малюся аб тое, каб любоў вашая яшчэ бале́й і бале́й узрастала ў пазнаньні і ўсякім пачуцьці,
і малюся пра тое, каб любоў вашая яшчэ больш і больш памнажалася ў пазнаньні і ўсякім разуменьні,
каб пазнаць вам ле́пшае, каб вы былі чыстымі і неспаткнуўшыміся ў дзе́нь Хрыстовы,
каб, выпрабоўваючы, што лепшае, вы былі чыстымі і без спатыкненьня ў дзень Хрыстовы,
напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу й пахвалу Божую.
напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу і пахвалу́ Божую.
Хачу, браты, каб вы ведалі, што тое, што са мной (сталася), служыла бале́й на пасьпе́х Эвангельля,
Хачу, браты, каб вы даведаліся, што тое, што са мной [сталася], выйшла больш на посьпех Эва́нгельля,
бо путы маі ў Хрысьце́ сталіся вядомымі ўсе́й прэторыі і ўсім іншым,
так што путы мае ў Хрысьце сталіся яўнымі ў-ва ўсёй прэторыі і ўсім іншым,
і большая частка братоў у Госпадзе, перакананыя путамі маімі, яшчэ бале́й адважыліся бяз страху апавядаць Слова.
і многія з братоў у Госпадзе, перакананыя путамі маімі, яшчэ больш адважыліся бяз страху гаварыць Слова.
А некаторыя праз зайздрасьць і перакорлівасьць, іншыя-ж з добрай думкай абвяшчаюць Хрыста:
Некаторыя, праўда, — з зайздрасьці і сваркі, а некаторыя — з упадабаньня абвяшчаюць Хрыста.
тыя, што праз непакорлівасьць, абвяшчаюць Хрыста ня чыста, думаючы дадаць гора путам маім;
Тыя, што ў сварлівасьці, — прапаведуюць Хрыста ня чыста, мяркуючы павялічыць прыгнёт путаў маіх,
тыя-ж, што з любві, ве́даючы, што дзеля абароны Эвангельля ляжу.
а тыя, што ў любові, — ведаючы, што дзеля абароны Эва́нгельля я пастаўлены.
Дык што? Так, ці сяк, дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца, і я з гэтага це́шуся і буду це́шыцца,
Бо што з гэтага? Усякім чынам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос прапаведуецца, і я з гэтага радуюся і буду радавацца.
бо я ве́даю, што гэта паслужыць мне́ на збаўле́ньне праз вашу малітву, з дапамогай Духа Ісуса Хрыста,
Бо я ведаю, што гэта станецца мне на збаўленьне праз вашыя просьбы і дапамогу Духа Ісуса Хрыста,
водле спадзяваньня і надзе́і мае́й, што я ні ў чым ня буду асаромлены, а з усе́нькай адвагай, як заўсёды, гэтак і цяпе́р, узьвялічаны будзе Хрыстос у це́ле маім, ці то жыцьцём, ці сьме́рцяй.
паводле спадзяваньня і надзеі маёй, што я ні ў чым ня буду асаромлены, але з усёй адвагай, як заўсёды, гэтак і цяпер, будзе ўзьвялічаны Хрыстос у целе маім, ці то жыцьцём, ці то сьмерцю.
Бо для мяне́ жыцьцё — Хрыстос, і сьме́рць — набытак.
Бо для мяне жыцьцё — Хрыстос, і сьмерць — набытак.
А як жыцьцё водле це́ла — гэта мне́ плод дзе́ла, дык і ня ве́даю, што выбраць.
А як жыцьцё ў целе [дае] плод маёй справе, ня ведаю, што і выбраць.
Цягне тое і другое: ма́ю жаданьне разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта шмат ле́пшае,
Бо цягне адно і другое. Ма́ю жаданьне разьвязацца і быць з Хрыстом, і гэта нашмат лепш,
але аставацца ў це́ле патрабне́й дзеля вас.
а заставацца ў целе больш патрэбна дзеля вас.
І я напэўна ве́даю, што астануся і перабуду з усімі вамі на вашу карысьць і радасьць ве́ры,
І я напэўна ведаю, што застануся і затрымаюся з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці веры,
каб пахвала вашая ў Хрысьце́ Ісусе павялічылася праз мяне́ пры маім паўторным да вас прыходзе.
каб пахвала́ вашая ў Хрысьце Ісусе памнажалася ў-ва мне, калі зноў прыйду да вас.
Толькі жыве́це дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб мне́, ці прыду і ўгле́джу вас, ці ня прыду, чуць аб вас, што вы стаіцё ў адным духу, змагаючыся аднадушна за ве́ру Эвангельскую
Толькі жыві́це дастойна Эва́нгельля Хрыстовага, каб мне, ці як прыйду і ўбачу вас, ці адсутны, чуць пра вас, што вы стаіцё ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Эва́нгельскую
і ані не палохаючыся супраціўнікаў; гэтае для іх ёсьць знак пагібелі, а для вас — збаўле́ньня, і яно ад Бога;
і ані ў чым не палохаючыся супраціўнікаў. Гэта для іх ёсьць доказ загубы, а для вас — збаўленьня, і гэта ад Бога,
бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі ве́рыць у Яго, але і мучыцца за Яго,
бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі верыць у Яго, але і цярпець дзеля Яго,
вядучы тую-ж барацьбу, якую вы бачылі ў-ва мне́ і цяпе́р чуеце аба мне́.
маючы такое самае змаганьне, якое вы бачылі ў-ва мне і цяпер чуеце пра мяне.