Яна 15 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Я ёсьць запраўдная вінаградная лаза́, а Аце́ц Мой вінаградар.
Я ёсьць сапраўдная вінаградная лаза́, а Айцец Мой — вінаградар.
Усякую галіну ў Мяне́, якая не дае́ плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае́ плод, абчышчае, каб больш пладоў давала.
Усякую галіну ў Мяне, якая не дае плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае плод, абчышчае, каб больш пладоў давала.
Вы ўжо ачы́шчаны праз слова, што Я гаварыў вам.
Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я гаварыў вам.
Будзьце-ж у-ва Мне́, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе́, так і вы, калі ня будзеце ў-ва Мне́.
Заставайцеся ў-ва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе́, так і вы, калі не застанецеся ў-ва Мне.
Я лаза́, а вы галіны; хто прабывае ў-ва Мне́ і Я ў ім, той прыносіць багата пладоў; бо без Мяне́ ня можаце рабіць нічога.
Я — вінаградная лаза́, вы — галіны; хто застаецца ў-ва Мне, і Я ў ім, той прыносіць мноства пладоў, бо без Мяне вы ня можаце рабіць нічога.
Хто ня будзе ў-ва Мне́, будзе выкінены вон, як галіна, і засохне; а гэткія галіны зьбіраюць і кідаюдь у вагонь, і яны згараць.
Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх зьбіраюць, і кідаюць у вагонь, і яны згараць.
Калі будзеце ў-ва Мне́, і словы Мае ў вас будуць, то, чаго хо́чаце, прасе́це, і ста́нецца вам.
Калі застанецеся ў-ва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, то што хочаце, прасіце, і станецца вам.
Гэтым усла́віцца Аце́ц Мой, калі вы прынясецё багаты плод і будзеце Маімі вучнямі.
У гэтым будзе праслаўлены Айцец Мой, калі вы прынесяцё мноства пладоў і будзеце Маімі вучнямі.
Як палюбіў Мяне́ Аце́ц, так Я палюбіў вас; аставайцеся-ж у любві Маёй.
Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй.
Калі вы́паўніце за́паведзі Мае́, будзеце ў любві Маёй, як і Я выпаўніў прыказаньні Айца Майго і астаюся ў Яго любві.
Калі захаваеце прыказаньні Мае, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў прыказаньні Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая́ ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная.
Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная.
Вось за́паведзь Мая: любе́це адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Гэта прыказаньне Маё, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Ніхто ня ма́е любві большае за тую, калі хто аддасьць душу сваю за дру́гаў сваіх.
Ніхто ня мае любові большае за тую, калі хто аддасьць душу́ сваю за сяброў сваіх.
Вы дру́гі Маі, калі спаўняеце тое, што Я загадваю вам.
Вы — сябры Мае, калі робіце тое, што Я загадваю вам.
Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга́ ня ве́дае, што робіць гаспадар яго, а Я назваў вас дру́гамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, сказаў вам.
Я больш не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны, а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, паведаміў вам.
Ня вы Мяне́ вы́бралі, але Я вас вы́браў і наставіў вас, каб ішлі і прыно́сілі плод, і каб плод ваш трываў; каб, што папросіце ў Айца ў імя Маё, даў вам.
Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш заставаўся; каб тое, што папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.
Гэтае зага́дваю вам: любе́це адзін аднаго.
Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Калі сьве́т вас ненавідзіць, ве́дайце, што Мяне́ ране́й за вас зьненавідзіў.
Калі сьвет вас ненавідзіць, зразумейце, што Мяне раней за вас зьненавідзіў.
Калі-б вы былі із сьве́ту, то сьве́т любіў бы сваё, але, як вы не із сьве́ту, дык за гэта ненавідзіць вас сьве́т.
Калі б вы былі са сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як вы не са сьвету, але Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет.
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга́ ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне́ перасьле́давалі, будуць перасьле́даваць і вас; калі Маё слова захавалі, і вашае слова захаваюць.
Памятайце словы, якія Я сказаў вам: “Слуга ня большы за гаспадара свайго”. Калі Мяне перасьледавалі, і вас будуць перасьледаваць; калі Маё слова захавалі, і вашае захаваюць.
Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля іме́ньня Майго, бо ня ве́даюць Таго, хто паслаў Мяне́.
Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля імя Майго, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
Калі б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня ме́лі-б грэху; а цяпе́р ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.
Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, ня мелі б грэху, а цяпер ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.
Хто Мяне́ ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
Калі-б Я не зрабіў сярод іх таго, чаго ніхто не рабіў, то ня ме́лі-б грэху, а цяпе́р і бачылі, і зьненавідзелі і Мяне́, і Айца Майго.
Калі б Я не ўчыні́ў сярод іх справаў, якіх ніхто іншы не рабіў, ня мелі б грэху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі і Мяне, і Айца Майго.
Але няхай спо́ўніцца слова, напісанае ў законе іх: зьненавідзелі Мяне́ дарэмна (Псальм 68:5).
Але каб споўнілася слова, напісанае ў Законе іхнім: “Зьненавідзелі Мяне дарэмна”.
Калі-ж пры́йдзе Пацяшы́цель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьве́дчыць аба Мне́.
Калі ж прыйдзе Абаронца, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне.
Ды й вы будзеце сьве́дчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
І вы таксама будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.