Да Габрэяў 3 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дык вось, браты сьвятыя, супольнікі ў нябе́сным прызваньні, пазнайце Пасланца і Архірэя вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,
 
Дзеля гэтага, браты сьвятыя, удзельнікі ў нябесным пакліканьні, прыгледзьцеся да Апостала і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,

Які ве́рны паставіўшаму Яго, як і Майсе́й у-ва ўсім доме Яго (Лічбаў 12:7).
 
Які верны Таму, Які паставіў Яго, як і Майсей у-ва ўсім доме Ягоным.

Бо Гэты варты тым большае славы перад Майсе́ем, чым большую чэсьць за дом ма́е той, хто яго збудаваў.
 
Бо Ён варты яшчэ большае славы за Майсея, як і большую пашану ма́е за дом той, хто яго збудаваў.

Бо кожны дом кім-не́будзь будуецца; а хто ўсё збудаваў, ёсьць Бог.
 
Бо ўсякі дом некім будуецца; а Той, Які ўсё збудаваў, — Бог .

І Майсе́й ве́рны ў-ва ўсім доме Яго, як слуга́, дзеля пасьве́дчаньня таго, што́ ме́ла быць сказаным.
 
І Майсей верны ў-ва ўсім доме Ягоным, як слуга, дзеля сьведчаньня пра тое, што мела быць сказаным;

А Хрыстос — як Сын у доме Яго; дом жа Яго — мы, калі толькі адвагу й пахвалу надзе́і цьвёрда да канца захаваем.
 
а Хрыстос — як Сын у доме Ягоным, дом Якога — мы, калі толькі адвагу і пахвалу надзеі цьвёрда да канца трымаць будзем.

Дзеля гэтага, як кажа Дух Сьвяты: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго,
 
Дзеля гэтага, як кажа Дух Сьвяты: «Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны,

не рабе́це цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у гне́ве, у дзе́нь спакушэньня ў пустыні,
 
не закамяняйце сэрцы вашыя, як у раздражненьні, у дзень спакусы ў пустыні,

дзе спакушалі Мяне́ айцы вашыя, выпрабоўвалі Мяне́ і бачылі ўчынкі Мае́ сорак гадоў.
 
дзе спакушалі Мяне бацькі́ вашыя, выпрабоўвалі Мяне і бачылі справы Мае́ сорак гадоў.

Дзеля гэтага угнявіўся Я на род гэны і сказаў: Заўсёды блукаюцца яны сэрцам, а самі не пазналі шляхоў Маіх;
 
Дзеля гэтага ўгнявіўся Я на пакаленьне тое і сказаў: “Заўсёды блукаюць яны сэрцам, а самі не спазналі шляхоў Маіх”.

дык пакляўся Я ў гне́ве Маім: ці ўвойдуць яны ў супачынак Мой? (Псальм 94:7−11.)
 
Дык прысягнуў Я ў гневе Маім, што ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой».

Глядзе́це, браты, каб ня было ў кім з вас сэрца хітрага ды няве́рнага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога.
 
Глядзіце, браты, каб не было ў кім з вас сэрца злога і бязьвернага, што адступаецца ад Бога Жывога,

Але закліка́йце адзін аднаго што́-дня, дакуль можна казаці: сягоньня, — каб хто з вас не зачарстве́ў праз подступ грэху;
 
але прасіце адзін аднаго штодня, пакуль называецца “сёньня”, каб хто з вас не закамянеў праз падман грэху.

бо мы сталіся супольнікамі Хрыста, калі толькі пачатак істнаваньня цьвёрда захаваем да канца́,
 
Бо мы сталіся ўдзельнікамі Хрыста, калі толькі пачатку пэўнасьці цьвёрда будзем трымацца да канца,

дакуль гаворыцца: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго, не рабе́це цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у гне́ве.
 
пакуль гаворыцца: «Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не закамяняйце сэрцы вашыя, як у раздражненьні».

Бо некаторыя, пачуўшы, угнявілі; але ня ўсе́, што выйшлі з Эгіпту з Майсе́ем.
 
Бо некаторыя, што чулі, раздражніліся; але ня ўсе, якія выйшлі з Эгіпту праз Майсея.

На каго-ж гне́ваўся Ён сорак гадоў? Ці не на саграшыўшых, косьці якіх паляглі ў пустыні?
 
На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Ці не на тых, якія зграшылі, косткі якіх палеглі ў пустыні?

Каму-ж кляўся, што ня ўвойдуць у супачынак Яго, калі не непакорным?
 
А каму прысягаў Ён, што ня ўвойдуць яны ў супачынак Ягоны, калі ня тым, якія не скарыліся?

І бачым, што яны ня здолелі ўвайсьці праз няве́рые.
 
І бачым, што яны не змаглі ўвайсьці праз недаверства.