Да Габрэяў 8 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Галоўнае-ж у сказаным ёсьць: мы маем Архірэя такога, што се́ў праваруч пасаду ве́лічы на нябёсах,
 
А галоўнае ў тым, што сказана, тое, што мы маем Першасьвятара, Які сеў праваруч пасаду велічы ў небе,

слуга сьвятыні і скініі праўдзівай, якую паставіў Госпад, а не чалаве́к.
 
[і ёсьць] служыцель Сьвятыні і праўдзівага Намёту, пастаўленага Госпадам, а не чалавекам.

Бо кожны архірэй стаўляецца на тое, каб прынасіць дары й ахвяры; дык трэба было, каб і Гэты ме́ў нешта, што прыне́сьці.
 
Бо кожны першасьвятар стаўляецца на тое, каб прыносіць дары́ і ахвяры; таму трэба, каб і Гэты меў нешта, што прынесьці.

Бо калі-б Ён быў на зямлі, дык ня быў-бы сьвяшчэньнікам, бо ёсьць сьвяшчэньнікі, што па закону прыносяць дары,
 
Бо калі б Ён быў на зямлі, ня быў бы сьвятаром, [бо] ёсьць сьвятары, якія паводле Закону прыносяць дары́,

якія служаць абразу́ і це́ню нябе́снага, як ска́зана было Майсе́ю, калі ён маніўся зрабіць скінію: Глядзі, сказана, рабі ўсё па ўзору, паказанаму табе́ на гарэ (Выхад 25:40).
 
якія служаць прыкладу і ценю [рэчаў] нябесных, як атрымаў слова Майсей, калі меўся зрабіць намёт: «Глядзі, — прамовіў Ён, — зрабі ўсё паводле вобразу, які паказаны табе на гары».

Цяпе́р жа Ён атрымаў служэньне тым дасканальшае, чым ле́пшага Ён пасярэднік запаве́ту, які ўзаконіўся на ле́пшых прырачэньнях.
 
А цяпер Ён атрымаў служэньне тым слаўнейшае, чым лепшага Ён пасярэднік запавету, які ўзаконены на лепшых абяцаньнях.

Бо калі-б той пе́ршы быў без заганы, дык ня шукалася-б ме́сца другому.
 
Бо калі б той першы быў без заганы, не шукалася б месца для другога.

Бо-ж, дакараючы іх, кажа: вось, надыходзяць дні, кажа Госпад, калі зро́блю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запаве́т,
 
Бо, вінавацячы іх, кажа: «Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я зраблю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,

не паводле запаве́ту, які з бацькамі іх зрабіў у той дзе́нь, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпскай; бо яны ня вы́трывалі ў запаве́це Маім, і Я перастаў рупіцца аб іх, — кажа Госпад.
 
не паводле запавету, які Я зрабіў з бацька́мі іх у дзень, калі ўзяў іх рукою Маёю, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпту, бо яны ня вытрывалі ў запавеце Маім, і Я занядбаў іх, — кажа Госпад.

Вось запаве́т, які дам дому Ізраіляваму пасьля тых дзён, — кажа Госпад: Даўшы законы Мае́ ў думкі іх, напішу іх і на сэрцах іхніх, і буду ім Бог, а яны Мне́ будуць народ.
 
Вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля тых дзён, — кажа Госпад, — даючы законы Мае́ ў думкі іхнія, напішу іх і на сэрцах іхніх, і буду ім Богам, а яны Мне будуць народам.

І ня будзе вучыць кожны бліжняга свайго, і кожны брата свайго, кажучы: пазнай Госпада; бо ўсе́, ад малога да вялікага, ве́даць Мяне́ будуць.
 
І ня будзе вучы́ць кожны бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнай Госпада”, бо ўсе, ад малога іхняга да вялікага іхняга, будуць ведаць Мяне.

Бо міласьцівы буду да няпра́веднасьцяў іх і грахоў іхніх, і беззаконьняў іх ня ўспомню бале́й (Ерамія 31:31−34).
 
Бо міласьцівы буду да няправеднасьцяў іхніх, і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю».

А сказам «новы» састарыў пе́ршы; а састарэўшае і старэючае блізка да зьніштажэньня.
 
Калі кажа “новы”, учыніў старым першы; а тое, што старэе і здаўніваецца, блізкае, каб шчэзнуць.